Logo Polskiego Radia
Print

Палякі ня хочуць, каб чыноўнікі добра зараблялі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 19.03.2018 15:36
У большасьці жыхары краіны не жадаюць, каб міністар зарабляў звыш $ 3 тыс.
www.pixabay.com

Нядаўна ў Польшчы шырока камэнтавалі справу вялізных прэмій для чальцоў ураду, якія такім чынам падзарабляюць да адносна невысокіх зарплат. Улады баяцца павышаць заробкі міністраў, паколькі жыхары Польшчы на гэта не пагаджаюцца. Звыш паловы палякаў не жадае, каб прадстаўнікі вышэйшых уладаў зараблялі звыш 10 тыс. злотых (каля 3 тыс. даляраў ЗША).

Выданьне «Dziennik Gazeta Prawna» прыводзіць вынікі апытаньня, колькі павінны зарабляць дзяржаўныя чыноўнікі. Пераважная большасьць апытаных ня хоча, каб гэта было больш, чым 10 тыс. Асабліва такі эгалітарызм відаць на вёсцы, якая як правіла галасуе за партыю «Права і справядлівасьць», але не гатовая пагадзіцца, каб чыноўнікі гэтай партыі сталі заможнымі. На самой справе заробак прэм’ер-міністра складае каля 15 тыс. злотых, чыстымі на рукі – каля 10 тыс.

Такія вынікі апытаньня – гэта хутчэй за ўсё наступства невысокіх заробкаў агулам па краіне. Паводле дадзеных Галоўнага ўпраўленьня статыстыкі, сярэдні ўзровень зарплаты за 2016 год складаў 4,3 тыс. злотых брута, але дамінанта, гэта значыць, зарплата, якую атрымлівае большасьць людзей, была на палову меншай. Таму з пункту гледжаньня звычайных людзей, 10 тыс. злотых – гэта шмат.

У часы, калі дзяржавай кіравала кааліцыя «Грамадзянскай плятформы» і Польскай сялянскай партыі», тагачасная апазыцыя – ПіС – крытыкавала чыноўнікаў за вялізныя выдаткі на прыватныя мэты, а цяпер тыя, хто крытыкаваў, самі сталі аб’ектам крытыкі. Урад прэм’ер-міністра Бэаты Шыдла сам сабе прызнаваў узнагароды, чаго палякі не адабраюць.

Крытыка заробкаў вышэйшых чыноўнікаў мае доўгую гісторыю. Зарплаты самых важных асобаў у дзяржаве замарозіў у 2001 годзе Лешак Мілер, калі прыйшоў да ўлады ў часы эканамічнага крызісу. Пазьней многія партыі высоўвалі прапанову «таннай дзяржавы», абмежаваньня выдаткаў на чыноўнікаў.

На думку палітоляга Рафала Хвэдорука, вынікі апытаньня – гэта рэха 25 гадоў антыдзяржаўнай і антыпартыйнай дэмагогіі, якая паказвала, што асобы, зьвязаныя з уладай, заўсёды падазроныя, зацікаўленыя ў сваіх партыкулярных інтарэсах, лёгка карумпіруюцца.

Dziennik Gazeta Prawna/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт