Logo Polskiego Radia
Print

Нямеччына прапануе Польшчы супрацу

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 20.03.2018 15:36
  • Нямеччына прапануе.mp3
Моцны Эўразьвяз, без падзелаў: з такім пасылам прыехала канцлерка Ангела Мэркель ў Варшаву.
Foto: PAP/Jacek Turczyk

Візыт стаў сьведчаньнем таго, што стасункі з Варшавай важныя для Бэрліна.

Апошнія дні прайшлі пад знакамі польска-нямецкіх адносін. У пятніцу Варшаву наведаў міністар замежных спраў Нямеччыны Гайка Маас, які сустрэўся з польскім прэм’ер-міністрам Матэвушам Маравецкім, прэзыдэнтам Анджэем Дудам ды кіраўніком польскай дыпляматыі Яцэкам Чапутовічам. Нямецкі міністар зазначыў, што для Бэрліна дыялёг з Варшавай зьяўляецца важным.

У панядзелак у Варшаву зь візытам прыбыла канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель. Гэта другі візыт пасьля выбару яе на пасаду кіраўніка нямецкага ўрада на чарговы тэрмін. Зь першым візытам Мэркель накіравалася ў Парыж. У Польшчы нямецкая канцлер падкрэсьліла, што для яе й для нямецкага ўраду важна ўтрымаць добрыя адносіны з Польшчай. Гандлёвы абарот летась паміж дзьвюма краінамі пракрочыў суму 100 мільярдаў эўра. Бэрлін гатовы да супрацоўніцтва па пытаньнях гісторыі, міграцыі, бюджэту ЭЗ.

Ангела Мэркель: Пры нашай супольнай, цяжкай гісторыі мы можам разам глядзець у будучыню. Гэта для мяне вельмі важна. Асабліва важна, каб наша моладзь займалася гэтымі справамі, сустракалася ды размаўляла. Таксама я разьлічваю на тое, што мы выпрацуем новую сыстэму прыёму ўцекачоў. Польшча таксама прымае мігрантаў ды ўцекачоў зь іншых геаграфічных раёнаў, мае свой унёсак. Мы згодныя, што трэба ўзмацніць эўрапейскае агенцтва аховы межаў Frontex. Таксама мы рэалізуем сумесныя праекты па-за межамі ЭЗ, скіраваныя на ліквідацыю прычын міграцыі.

У Варшаве да візыту нямецкай канцлер паставіліся вельмі сур’ёзна. Польскі ўрад спадзяецца на захаваньне добрых адносін з Бэрлінам і на тое, што голас Польшчы будзе пачуты пры абмеркаваньні далейшых шляхоў разьвіцьця ЭЗ. Гаворыць прэс-сакратар ураду Яанна Капціньска.

Яанна Капціньска: Падчас перамоў абмяркоўвалася двухбаковыя адносіны, але таксама праблемы Эўрапейскага зьвязу, бюджэту. Будзе вельмі складана яго прыняць. Пасьля выхаду Вялікабрытаніі зьяўляецца прагал, які трэба запоўніць. Прыезд Мэркель вельмі для нас вельмі важны: ён сьведчыць пра тое, што захоўваюцца добрыя адносіны паміж Варшавай і Бэрлінам. Польшча адыгрывае важную ролю ў працэсе функцыянаваньня ды рэфармаваньня Эўрапейскага Зьвязу. Таксама для нас важная тэма газаправоду Nord Stream II. Гэта важна з пункту энэргетычнай бясьпекі ня толькі Польшчы, але ўсяго ЭЗ ды іншых краін.

Нямеччына ўспрымае гэты праект як чыста эканамічны, а Польшча бачыць у ім палітычны аспэкт. Бакі па-рознаму глядзяць на гэтую справу, але дыялёг захоўваецца, няма мовы пра ізаляцыю Польшчы, заявіў віцэ-міністар замежных спраў Польшчы Пётр Вавжык.

Пётр Вавжык: Дадзены візыт паказвае, што Польшча зусім не ізаляваная ў Эўразьвязе. Наадварот, можна сказаць, што цяпер немцы надаюць большую ўвагу размовам з Польшчай чым раней. Гэта вынікае з выклікаў, зь якімі сутыкнуўся ЭЗ. Іх нельга вырашыць без супрацы з дзьвюма краінамі: Францыяй ды Польшчай. Гэта й справа будучыні ЭЗ, рэформы ЭЗ ды міграцыйнага крызісу. І адсюль візыт Мэркель у Францыю ды Польшчу.

Ангела Мэркель у Варшаве сустрэлася з польскім прэм’ерам Матэвушам Маравецкім да прэзыдэнтам Анджэем Дудам. Пасьля завяршэньня размоваў польскі прэм’ер заявіў, што Варшава гатовая разьвіваць блізкае супрацоўніцтва з Нямеччынай.

Матэвуш Маравецкі: Са свайго боку я заяўляю, што Польшча гатовая напоўніць зьместам польска-нямецкае партнэрства як у двухбаковым фармаце, эўрапейскім, так і міжнародным. Я лічу, што блізкае супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі патрэбнае для захаваньня добрых адносін ва ўсёй Эўропе пасьля Брэксіту й пры выпрацоўцы новых фінансавых рамак, а таксама супольнай лічбавай палітыкі, агульнай палітыкі бясьпекі ды прамысловай палітыкі.

Экспэрты ўспрынялі дадзены візыт як сыгнал да таго, што для Бэрліна важная ня толькі Заходняя, але і Ўсходняя Эўропа. Гаворыць Аляксандра Рыбіньска з парталу wpolityce.pl.

Аляксандра Рыбіньска: Спадарыня канцлер прыехала ў Варшава на некалькі гадзін, але ў Парыжы была не нашмат даўжэй. Варшава стала другой эўрапейскай сталіца пасьля Парыжа, куды нямецкая канцлер прыехала з афіцыйным візытам пасьля выбару ў чацьвёрты раз на пасаду кіраўніка ўраду. Нямецкая палітыка мае шмат вэктараў. Парыж – гэта вэктар Заходняй Эўропы. У сваю чаргу Польшча – гэта непасрэдны сусед Нямеччыны, найбуйнейшая краіна Цэнтральна-Усходняй Эўропы. Ангела Мэркель прыехала ў Варшаву, бо хацела паказаць, што гэтыя два вэктары бярэ пад увагу ў міжнароднай палітыцы.

Супрацоўніцтва паміж Польшчай ды Нямеччынай неабходна для разьвіцьця Эўразьвяза, вырашэньні бягучых спраў супольнасьцяў. Такі сыгнал прагучаў па выніках візыту нямецкай канцлер у Варшаву.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт