Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы спаўняецца чорны дэмаграфічны сцэнар

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 05.04.2018 15:35
Скарачаецца колькасьць моладзі, што ўваходзяць на рынак працы, непакоіцца штодзёнка «Rzeczpospolita».
pixabay.com/Public Domain CC0

Паляпшэньне эканамічнай сытуацыі ў Польшчы прывяло да таго, што пачало скарачацца беспрацоўе.

У 2017 годзе ў Польшчы адсотак беспрацоўных скараціўся да 4,5 з 10,7 у 2012-м годзе. Аднак разам з гэтым зьявілася новая праблема. З года ў год назіраецца скарачэньне працоўных. У 2012 годзе на рынку было 4,36 мільёны працаздольных, а летась 4,25 мільёны. У асноўным гэтае скарачэньне адбываецца коштам моладзі. У 2012-м годзе на рынак працы ўвайшло 6,36 мільёнаў маладзёнаў ва ўзросьце ад 25 да 34 гадоў. Летась іх было 5,9 мільёны. Гэта скарачэньне на 88 тысяч чалавек.

Выданьне называе гэтую зьяву вельмі трывожнай. Асноўную прычыну бачыць у рэалізацыі так званага «чорнага дэмаграфічнага сцэнару». У дарослае жыцьцё ўваходзіць усё менш моладзі, што азначае менш жадаючых да працы, у выніку польскую эканоміку чакае неўзабаве катастрофа, зьвязаная з адсутнасьцю працоўных рук для далейшага разьвіцьця эканомікі.

Газэта заклікае ўрад актывізаваць міграцыйную палітыку ды пачаць рэалізацыю праграмы павышэньня кампэтэнцыі на польскім рынку. Урадавая актыўнасьць патрэбная, інакш гэтую нішу зоймуць ашуканцы, піша выданьне, – і прыводзіць прыклад з Варшавы, дзе паліцыя ліквідавала банду гандляроў людзьмі. Яны заманьвалі ў Польшчу на працу людзей з Беларусі ды Ўкраіны. Абяцалі ім годныя ўмовы, у тым ліку добрую аплату, а потым змушалі да рабскай працы. Аплату затрымлівалі й плацілі толькі частку заробкаў, большую палову пакідаючы сабе.

Паліцыя арыштавала ашуканцаў, а абманутыя працаўнікі атрымалі нармальныя працоўныя кантракты, піша выданьне.

юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт