Logo Polskiego Radia
Print

Тысяча прычын езьдзіць на ровары на працу

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 08.04.2018 10:23
  • роварам на працу.mp3
Гарадзкія актывісты заклікаюць паспрабаваць зьмяніць транспартныя звычкі.
Foto: Materiały prasowe/nextbike.pl

Сёньня ў Эўропе большасьць жыхароў жыве ў гарадзкім асяродзьдзі. Горад – гэта патрэба частага перасоўваньня.

Вельмі часта неадпаведная арганізацыя транспарту ў межах гораду можа ствараць адчувальныя праблемы. Паводле дадзеных ЭЗ, дарожныя заторы прычыняюцца да эканамічных страт на ўзроўні 1% ВУП Эўразьвязу. Гэта зусім ня мала – 100 мільярдаў эўра.

Дзеля гэтага эўрапейскія гарады ставяць на больш эфэктыўны транспарт і мабільнасьць, якая разумеецца як інтэграванае выкарыстаньне ўсіх сродкаў ды мадэляў транспарту ў гарадах. Эўразьвяз у сваіх распрацоўках зазначае, што існуе пэрспэктыўны від транспарту ў гарадах, які дазваляе эфэктыўна выкарыстоўваць дарагую ды абмежаваную гарадзкую прастору. Ён танны, экалягічны ды зручны, беручы пад увагу тое, што больш за палову паездак па горадзе на машыне мае адлегласьць менш чым 5 кілямэтраў. Што гэта за транспарт?

Гэта ровар. За апошнія гады ён набыў такую папулярнасьць, што ў некаторых гарадах, напрыклад, у Капэнгагене існуе нават такі стэрэатып, што там усе езьдзяць на ровары. Як выглядае сытуацыя ў нашым рэгіёне? Напрыклад, у польскім горадзе Гданьску нядаўна журналісты палічылі, што таней карыстацца гарадзкім роварам. Кошт карыстаньня з разьліку 300 працоўных дзён у год такім роварам складае 100 злотых (або 50 беларускіх рублёў). Асабісты ровар ацанілі на 250 рублёў у год, грамадзкі транспарт на 400 рублёў у год. Найдаражэйшы транспарт – аўтамабіль. Тут гадавыя кошты больш за 5000 тысяч рублёў у год. Сёньня Гданьск - адзін з лідараў па колькасьці карыстальнікаў ровараў. Веласепедыстамі ў Гданьску зьяўляюцца 4% насельніцтва горада, а мясцовыя ўлады рэгулярна інвэстуюць у роварную інфраструктуру.

Як выглядае сытуацыя ў Беларусі? Ці ёсьць разуменьне пэрспэктыўнасьці ровара як транспарту. "Ёсьць", - кажуць актывісты берасьцейскай арганізацыі "ЗаВелаБрэст". Ровар – гэта экалягічна - кажа Андрэй Карагода.

Андрэй Карагода: Карысьці ёсьць. Па-першае, ровар – гэта экалягічна чысты від транспарту. Чым больш людзей перасядзе на ровар, тым здаравейшая атмасфэра будзе ў горадзе. Яшчэ адзін плюс у тым, што ён эканоміць грошы. На грамадзкім транспарце можна зэканоміць 15-20 даляраў у месяц. Хай гэта і невялікія грошы, але іх можна перанакіраваць на дзяцей, ці патраціць іх на вольны час з сям'ёй.

Апроч таго, ровар – гэта эканомна, дадае Марына Чыж.

Марына Чыж: Для Беларусі й для Берасьця ровар вельмі зручны ды эканамічны від транспарту. Ровар дазваляе зэканоміць у параўнаньні з машынай вялікую колькасьць грошай. За ровар ня трэба плаціць адмысловыя акцызы, ня трэба плаціць дарожныя зборы, тэхагляд, за паліва. Наша Берасьце геаграфічна спрыяе роварнаму руху. Тут раўніны рэльеф, няма мастоў, роварам можна карыстацца як штодзённым транспартам.

Якое стаўленьне да ровара сярод беларусаў? Ці ровар – гэта непрыстыжна? Ёсьць такі падыход - кажа Андрэй Карагода.

Андрэй Карагода: Я сам ня раз чуў, калі прыяжджаў на працу ў школу на ровары: «Ты што ня можаш сабе дазволіць аўтамабіль. Спачатку я спакойна мог адказаць, што машына ў мяне ёсьць, але я хачу езьдзіць на ровары, каб дэманстраваць тым жа вучням, што ровар – гэта класна. Але гэтае прадузятае стаўленьне замінае, бо цяжка людзям перайсьці гэты бар’ер. Асабліва калі ты працуеш на пасадзе, мусіш працаваць у дзелавым строі, а езьдзіш на ровары. Гэта парушэньне прэстыжу. Неяк так мэнтальна склалася, што ў беларусаў аўта – гэта неабходны элемэнт прэстыжу.

Разам з тым стаўленьне зьмяняецца. Ровар усё часьцей выклікае пазытыўныя асацыяцыі - перакананая Марына Чыж.

Марына Чыж: Я маю іншае стаўленьне. На маю думку, нашмат больш людзей лічыць ровар прэстыжным, чым транспарт. У Берасьці раварыстаў шануюць, ставяцца як да інавацыі, як да навінкі. Канфлікты здараюцца на лініі: раварыст ды кіроўца. Аднак агульнае стаўленьне да ровараў пазытыўнае.

Гэта бачна па тым, як павялічваецца колькасьць карыстальнікаў ровараў менавіта ў якасьці транспарту. Прырост лічыцца ў тысячах чалавек - кажуць Андрэй і Марына.

Андрэй Карагода: Заўважна стала, што больш людзей стала карыстацца роварам, каб дабірацца на працу. Гэта заўважальна раніцай, калі адразу бачна, хто едзе на працу на ровары. Часта гэта чыгуначнікі, асобы старэйшага ўзросту. Затое моладзь і студэнты менш карыстаюцца роварам, хаця, здавалася б, павінна быць наадварот.

Марына Чыж: Колькасьць раварыстаў павялічваецца адчувальна. Лік ідзе на тысячы. Два гады таму было 3 тысячы актыўных карыстальнікаў. Летась ужо чатыры. Па прададзеных роварах ужо бачна, што летась вырасьце зноў. Можа дойдзе да 5 тысяч раварыстаў у горадзе. Каб гэты рост працягваўся нам проста патрэбна нармальная інфраструктура.

Актывісты "ЗаВелаБрэст" кажуць, што ў іх мара, каб у Беларусі, у іх родным горадзе ровар неўзабаве стаў бы настолькі паўсюдным, як у Амстэрдаме, ці ў Чэхіі. Гэта цікавы прыклад краіны, дзе роварны транспарт вельмі распаўсюджаны. Вось так чэскія актывісты з арганізацыі Nadace Partnerství рэклямуюць карысьці ровара, як транспарту.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт