Logo Polskiego Radia
Print

Прэзыдэнцкі рэйтынг: каго палякі бачаць кіраўніком краіны

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 09.04.2018 15:41
Лідарам па папулярнасьці застаецца дзейсны прэзыдэнт Анджэй Дуда.
Скриншот из видеозаписи интервью с президентом Анджеем Дудой.

Яго даганяе былы прэм’ер Дональд Туск, піша штодзёнка «Rzeczpospolita».

З новага сацыялягічнага апытаньня, праведзенага фірмай IBRiS на замову газэты, вынікае, што на перамогу на прэзыдэнцкіх выбарах можа разьлічваць, у першую чаргу, дзейсны прэзыдэнт Анджэй Дуда. За яго прагаласавала б 33,5% палякаў. Аднак яго даганяе былы прэм’ер краіны, цяперашні старшыня Эўрапейскай Рады ЭЗ Дональд Туск. За яго гатовыя галасаваць 33% палякаў.

Трэцім у рэйтынгу папулярнасьці кандыдатаў у прэзыдэнты зьяўляецца палітык левых поглядаў Робэрт Бедрань. 11,4% палякаў гатовыя яго бачыць прэзыдэнтам. 6,8% гатовыя галасаваць за Паўла Кукіза – лідара руху «Кукіз-15». Амаль 10% палякаў ня ведаюць, за каго яны б галасавалі на прэзыдэнцкіх выбарах.

Выданьне зазначае, што вынікі апытаньня сьведчаць пра зьмены выбарчых сымпатыяў сярод палякаў. Папярэдняе апытаньне на тэму прэзыдэнцкіх выбараў газэта замаўляла ў жніўні мінулага году. Тады Анджэй Дуда меў падтрымку на ўзроўні 36%, а Дональд Туск – толькі 20%. За прайшоўшы час папулярнасьць Туска вырасла на 12%, а дзейснага прэзыдэнта змалела, хаця й нязначна.

Прадстаўнікі прэзыдэнцкай канцылярыі заявілі, што прэзыдэнт спакойна ставіцца да гэтых вынікаў і засяроджваецца на штодзённай працы. Тым больш, што да выбараў яшчэ 2 гады й пакуль невядома, хто будзе вылучаць свае кандыдатуры на пасаду прэзыдэнта, піша выданьне.

юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт