Logo Polskiego Radia
Print

Вайна - не жаночая справа?

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 10.04.2018 16:04
  • жанчыны ў арміі.mp3
Жанчыны-салдаткі заўсёды былі на другім пляне, на першым – жаўнеры-мужчыны.
Ілюстрацыйны здымакІлюстрацыйны здымакwww.pixabay.com/CC0 Creative Commons

У вайны не жаночы твар – пісала некалькі дзясяткаў гадоў таму Святлана Алексіевіч. Сапраўды, вайна лічыцца не жаночай справай, тым ня менш, на працягу стагодзьдзяў нямала жанчын удзельнічала ў бітвах ды дапамагала жаўнерам. У музэі Войска Польскага вырашылі прадставіць на адмысловай выставе гэтую гісторыю.

«Мы, жанчыны-жаўнеры», – так называецца выстава, адкрытая надоечы ў Музэі Войска Польскага. Жанчыны здаўна прымалі ўдзел у актыўнай барацьбе за Польшчу, за яе незалежнасьць, сувэрэнітэт, свабоду. Аднак яны заўсёды былі на другім пляне, на першым – жаўнеры-мужчыны. У фондах музэя было шмат памятных рэчаў, зьвязаных з жанчынамі-салдаткамі. І цяпер аўтары выставы вырашылі сабраць іх у адным месцы і паказаць наведвальнікам, – гаворыць хавальнік фондаў музэю Мікалай Кубацкі.

М. Кубацкі: Нельга сказаць, што мы адкрываем нешта новае, невядомае раней. Мы хутчэй хочам паказаць, на колькі доўгая гісторыя ўдзелу жанчын у войнах, на колькі яна цікавая, і несправядліва забытая. Гэта, дарэчы, зразумела, паколькі прафэсія «жаўнер» атаясамліваецца з мужчынскім полам.

Жанчыны заўсёды былі прысутныя ў войску, хаця яны не атаясамліваліся з непасрэдным удзелам у бітвах, але працавалі ў тылах, былі санітаркамі, падсобным пэрсаналам. Аднак многія таксама рваліся ў бой, былі жаўнерамі, а нават атрымлівалі вайсковыя званьні. І цяпер у арміі служыць нямала жанчын.

М. Кубацкі: Цяпер нямала жанчын служыць у шэрагах польскага войска – шэсьць тысяч. У часы Другой сусьветнай вайны вельмі многа жанчын дзейнічала ў кансьпірацыйных службах, яны ўнесьлі вялізны ўклад у барацьбу, хаця немагчыма падлічыць, колькі гэта было жанчын. Можна казаць пра некалькі дзясятках тысяч чалавек. У 19-ым стагодзьдзі, падчас студзеньскага паўстаньня, быў ужо практычна масавы ўдзел жанчын у змаганьні, некалькі соцень былі сасланыя ў Сыбір за кансьпірацыйную дзейнасьць. Так што гэта ўжо багатая і доўгая гісторыя.

Калі мы думаем пра жанчын у войску, то першая асацыяцыя – санітаркі. Гэта сапраўды так, жанчыны часьцей за ўсё выконваюць мэдычныя функцыі ў арміі, але ёсьць таксама прыклады жанчын, якія былі і ёсьць жаўнерамі, – кажа госьць ПР.

М. Кубацкі: Адна зь першых такіх асоб, пра якіх захаваліся зьвесткі, гэта Яанна Жубр, адзначаная ордэнам Virtuti Militari. У 18-ым стагодзьдзі польская армія была маленькая. Там жанчын не было, але без сумненьня яшчэ ў 17-ым стагодзьдзі, у часы вайны са швэдамі, жанчыны прымалі ўдзел у бітвах. Калі казаць пра сапраўдную ваенную службу, то пачаткі такой службы жанчын знойдзем у часы Варшаўскага княства. Яанна Жубр адыграла важную ролю ў бітве за Замасьць падчас змаганьня з аўстрыйцамі. Князь Юзэф Панятоўкі не хацеў прысвоіць ёй званьне кавалера (ці дамы) ордэна Virtuti Militari, але пазьней, у 1812 годзе, калі яна павяла за сабой жаўнераў і выратавала аддзел разьведкі, то ўжо не прасілі згоды ў князя і ўручылі ёй узнагароду на полю бітвы.

Ордэн Virtuti Militari, пра які распавёў Мікалай Кубацкі, – гэта самая прэстыжная вайсковая ўзнагарода, якая ўручаецца за выбітныя заслугі падчас бітвы. А як жаўнеры ставіліся і ставяцца да жанчын, якія імкнуцца змагацца са зброяй у руках, а ня толькі быць санітаркамі?

М. Кубацкі: Гэтыя стэрэатыпы, што жанчыны павінны застацца дома і берагчы дамашні ачаг, або быць санітаркамі, існуюць ня толькі ў Польшчы, але агулам па Эўропе. На пачатку 20-га стагодзьдзя жанчыны пачалі ўжо масава ўдзельнічаць у бітвах, і камандзіры спрабавалі нейкім чынам узаконіць гэты рух. Быў створаны Добраахвотны легіён жанчын, але пасьля Першай сусьветнай вайны, калі Польшча стала незалежнай дзяржавай, жанчын у войска ня бралі. А тыя салдаткі, якія паказалі мужнасьць у часы змаганьня і павінны былі атрымаць залаты крыж ордэна Virtuti Militari, атрымалі толькі сярэбраны. Тут яшчэ раз мужчыны далі ім зразумець, што вайна – гэта не жаночая справа.

Паводле словаў Мікалая Кубацкага з Музэя Войска Польскага, за ўсю гісторыю польскай дзяржавы прыкладна 300 жанчын атрымала вышэйшую ваенную ўзнагароду – ордэн Virtuti Militari. Першая жанчына, узнагароджаная ордэнам, Яанна Жубр, паступіла на службу, не прызнаючыся ў тым, што яна – жанчына, яна рабіла выгляд мужчыны.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт