Logo Polskiego Radia
Print

Варшаўскі мост. Адам Міцкевіч

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 19.04.2018 08:00
  • Міцкевіч ч.1.mp3
  • Міцкевіч ч.2.mp3
Па сьлядах ураджэнца Беларусі, нацыянальнага прарока Польшчы, выдатнага паэта эпохі рамантызму.
Менск. Помнік А. Міцкевічу. Фрагмэнт.Менск. Помнік А. Міцкевічу. Фрагмэнт. Дзьмітрый Ласько

57 гадоў пражыў Адам Міцкевіч. Нарадзіўся ў 1798 годзе ў Завосьсі або ў Наваградку, у Беларусі. Памёр у Стамбуле, у Турцыі. Пахаваны ў Кракаве, у Польшчы. Паміж гэтымі гарадамі ў лёсе Міцкевіча істотную ролю адыгралі Вільня і Коўна ў Літве, Масква і Санкт-Пецярбург у Расіі, сталіца Францыі – Парыж. Яго параўноўвалі з Байранам, Гётэ, Пушкіным. І цалкам заслужана. У Беларусі, Літве і Польшчы Міцкевіча лічаць аднолькава родным і блізкім: бо ўсе тры сучасныя краіны складалі для яго адну бацькаўшчыну.

Завосьсе.
Завосьсе. Фота Дзьмітрыя Ласько.

Сёньня ў Завосьсі, дзе, як лічыцца, нарадзіўся Міцкевіч, і ў Наваградку, дзе яго хрысьцілі, дзе будучы паэт жыў і вучыўся, дзейнічаюць мэмарыяльныя музэі паэта. Наваградзкі касьцёл памятае не толькі немаўля Адама, але і шлюб караля Ягайлы. Нездарма гісторыя Наваградка і ваколіц знайшлі шырокае адлюстраваньне ў творчасьці пісьменьніка.

Наваградак.
Наваградак. Замак і фарны касьцёл, дзе хрысьцілі А. Міцкевіча.
Фота Дзьмітрыя Ласько.

Але горадам, дзе талент Міцкевіча пачаў прабіваць сабе дарогу да шырокага чытача, была Вільня – сталіца былога Вялікага Княства Літоўскага. Тут з Міцкевічам зьвязаны многія будынкі, вуліцы.

У 1815 годзе Адам Міцкевіч паступіў у Віленскі ўнівэрсытэт. У мурах альма-матэр у 1817 годзе стаў адным са стваральнікаў маладзёжных гурткоў філяматаў і філарэтаў. Адным з лідараў таварыстваў быў яшчэ адзін ураджэнец Беларусі – паэт, краязнавец Томаш Зан.

У 1819 годзе Міцкевіч скончыў ўнівэрсытэт са ступеньню магістра і зьехаў настаўнічаць у Коўна. Тут паэт жыў да 1823 года. У тым жа годзе яго арыштавалі ў Вільні па «справе філяматаў». Сяброў таварыства падазравалі ў змове супраць расійскіх улад. У красавіку 1824 паэта выпусьцілі з астрога, але ён быў вымушаны назаўсёды пакінуць родны край. Так коратка можна апісаць шлях паэта ў Вільні. Але варта спыніцца падрабязна на некаторых эпізодах.

Вільня,
Вільня, вул. Аўшрос Варту, 7a. Памятная дошка на будынку, дзе быў зьняволены А. Міцкевіч. Фота Віктара Корбута.

Пра тое, што Міцкевіч вучыўся ў Віленскім універсітэце, сьведчыць мэмарыяльная дошка над аркай у двор дома на сучаснай вуліцы Пілес, 13. Да 1830 года тут знаходзілася кватэра рэктара. Ці бываў у будынку сам паэт, дакладна не высветлена. Гэта ўмоўная памятная мясціна. Але бясспрэчна: універсітэцкія муры добра памятаюць голас пісьменніка.

У 1920-я гады, па ініцыятыве Фэрдынанда Рушчыца, які быў адным з ініцыятараў адраджэньня альма-матэр, адзін з яе двароў быў названы ў гонар Міцкевіча.

Яшчэ ў 1815 годзе прафэсар Віленскага і Варшаўскага ўнівэрсытэтаў Яахім Лялевель заснаваў штотыднёвік Tygodnik Wileński. Менавіта на яго старонках у 1818 годзе адбыўся дэбют Адама Міцкевіча зь вершам Zima miejska – «Гарадзкая зіма».

Першае
Першае выданьне твораў А. Міцкевіча. Вільня, 1822 г.

Першая кніга Міцкевіча таксама выйшла ў Вільні. Будынак, дзе знаходзілася друкарня Юзафа Завадзкага, захаваўся на вуліцы Швянта Ёна, 4. Тут усталявана мэмарыяльная дошка. Яна сьведчыць, што ў гэтых мурах убачылі сьвет Міцкевічавы «Баляды і рамансы» на польскай мове.

Яшчэ адной памятнай дошкай адзначаны дом на вуліцы Бернардзіну, 11. Тут Адам Міцкевіч жыў у 1822 годзе. Вядома, што ў гэтых сьценах ён рэдагаваў паэму «Гражына». У 1911 годзе Ян Обст, выдавец пецярбурскага польскага часопіса Kwartalnik Litewski, купіў частку памяшканьняў дома і стварыў тут прыватную экспазыцыю ў памяць пра літаратара. Музэй дзейнічае і ў нашы дні.

Яшчэ адзін дом у Вільні памятае Міцкевіча – на вуліцы Літэрату, 5. Праўда, пасьля Другой сусьветнай вайны ад яго засталіся толькі фрагмэнты. Мэмарыяльная дошка сьведчыць, што ў 1823 годзе паэт спыняўся тут у свайго сябра Казімежа Пясэцкага, рыхтаваў у яго кватэры да друку паэму «Гражына» і другую, чацьвёртую часткі паэмы «Дзяды».

Тут жа сустракаўся з аднадумцамі па таварыстве філяматаў. На адной з такіх сустрэч у канцы кастрычніка 1823 года Адама затрымала расійская паліцыя.

Пісьменьніка зьняволілі ў кельлі былога кляштара базыльян (вуліца Аўшрос Варту, 7а). Міцкевіч сядзеў у астрозе з 23 кастрычніка 1823 года да 21 красавіка 1824-га. Роўна паўгоду. Прыкладна ў той жа час тут сядзелі ў няволі Ігнат Дамейка, Томаш Зан, Ян Чачот.

У гэтых мурах разыгрываецца дзея трэцяй часткі «Дзядоў» Міцкевіча. Пра гэта сьведчыць мэмарыяльная дошка.

Пасьля вызваленьня Міцкевіч быў змушаны пакінуць Вільню. На бацькаўшчыну ён ужо не вярнуўся.

Дарэчы, у міжваенны час тут знаходзіўся віленскі аддзел Саюзу польскіх пісьменьнікаў. А побач – беларускія гімназія і музэй.

Калі ж паэта выпусьцілі на волю, ён яшчэ нейкі час жыў у Вільні, на вуліцы Вялікай – сёньняшняй Дзіджоі. Адсюль увосень 1824 года ён быў высланы ў Расію. На бацькаўшчыну ён ужо ніколі не вярнуўся.

Менск.
Менск. Помнік А. Міцкевічу.
Фота Дзьмітрыя Ласько.

Цяпер пра Міцкевіча ў Вільні напамінае вуліца імя паэта – у прадмесьці Жверынас, або Зьвярынец. Яна працягвае праспэкт Гедыміна, які ў 1920-1930-я гады таксама насіў імя Міцкевіча. Імя ўраджэнца Беларусі носіць публічная бібліятэка Віленскага павета, разьмешчаная на вуліцы Траку, 10.

А ўся Вільня – у вобразе Маці Божай Вострабрамскай – увекавечана ў Міцкевічавай паэме «Пан Тадэвуш».

На эміграцыі Адам Міцкевіч напісаў галоўны твор свайго жыцьця – паэму «Пан Тадэвуш».

Першы пераклад «Пана Тадэвуша» на беларускую мову выканаў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Пачатак перакладу ў 1859 годзе ўбачыў сьвет асобным выданьнем у Вільні – «Pan Tadeusz, dwanatcać szlacheckich bylic, napisau Adam Mickiewicz. Piarawiarnuu na Białaruskuju haworku Wincenty Dunin-Marcinkiewicz». Аднак неўзабаве большая частка тыражу была канфіскавана і зьнішчана.

У ХХ стагодзьдзі паэму Міцкевіча на беларускую мову перакладалі не раз. Адзін з найлепшых перакладаў выканаў Браніслаў Тарашкевіч, седзячы ў турмах Польшчы, калі быў зьняволены за сваю грамадзка-палітычную дзейнасьць.

Варшава.
Варшава. Помнік А. Міцкевічу. Фота Віктара Корбута.

Выхадзец з-пад Наваградка Адам Міцкевіч лічыў сябе ўраджэнцам Літвы. Але Міцкевіч жыў у XIX стагодзьдзі, калі не было ўжо Вялікага Княства Літоўскага. У родных мясьцінах паэта сяляне гаварылі на беларускай мове. Яна яму была вядомая, бо пра яе ён пазьней успамінаў у Парыжы, калі чытаў лекцыі па гісторыі літаратуры: «На беларускай мове, якую называюць рускай, або літоўска-рускай, гаворыць пад дзесяць мільёнаў чалавек; гэта найбагацейшая і найчысьцейшая гаворка, яна ўзьнікла даўно і выдатна распрацавана. У пэрыяд незалежнасьці Літвы вялікія князі карысталіся ёю для сваёй дыпляматычнай перапіскі».

У 2003 годзе ў Менску зьявіўся помнік Адаму Міцкевічу. Яго ўсталявалі ў сквэры, названым імем паэта. Адкрылі манумэнт Маршалак Сэнату Рэспублікі Польшча Лёнгін Пастусяк і Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Генадзь Навіцкі.

У Менску дзейнічае бібліятэка імя Адама Міцкевіча пры касьцёле Сьвятых Сымона і Сьвятой Алены, заснаваная яшчэ ў 1908 годзе.

Як і галоўны праспэкт Вільні, так і галоўная вуліца Мінска нейкі час насіла імя Адама Міцкевіча – цяпер гэта праспэкт Незалежнасьці. У гонар польскага нацыянальнага прарока траса называлася ў 1919-1920 гадах, калі горад кантралявалі польскія войскі.

У 1898 годзе ў Варшаве быў адкрыты помнік Адаму Міцкевічу. У горадзе, дзе паэт ніколі не бываў.

А вось у Вільні помнік пісьменьніку з’явіўся толькі ў 1984 годзе. Хаця адбыцца гэта павінна было намнога раней. Яшчэ ў 1897 годзе ў Вільні быў створаны камітэт для стварэньня помніка паэту ў касьцёле Сьвятых Янаў (вул. Швянта Ёна, 12). У камітэт увайшлі 12 асоб, у тым ліку беларуска-польскі паэт Францішак Багушэвіч. Багушэвіч пісаў пра гэтую ініцыятыву жыхарцы Горадні, вядомай польскай пісьменьніцы Элізе Ажэшка: «У час, калі справа пра помнік Адаму Міцкевічу ў Варшаве была вырашана, і ў Вільні ўзнікла думка ўшанаваць яго памяць мэмарыяльнай дошкай у касьцёле Св. Яна. Вядома, пра афіцыйны дазвол на зьбіраньне ахвяраваньняў размовы і быць не магло, а дошка з бюстам будзе ўстаноўлена з дазволу касьцельных улад. У беднай Літве, яго радзіме, ідзе далейшы збор грошай. Па ўпаўнаважаньні іншых асьмельваюся зьвярнуцца да вяльможнай пані з пакорнай просьбаю заклікаць знаёмых гарадзенцаў сабраць хоць бы невялікі ўзнос».

У 1899 годзе помнік у віленскім касьцёле з’явіўся.

Сёньня помнікі Міцкевіча можна ўбачыць не толькі на яго радзіме, але і далёка за яго межамі. Імем паэта названы многія вуліцы. Вялікі польскі пясьняр, народжаны ў Беларусі, – гонар усяго сьвету.

Віктар Корбут.

Слухайце, калі ласка, далучаныя гукавыя файлы.

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт