Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы разьвіваюць актыўнасьць пажылых людзей

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 17.04.2018 14:27
  • пажылыя.mp3
Эўропа становіцца кантынэнтам старых людзей. І так ужо застанецца.
фото: www.pixabay.com

У Польшчы запусьцілі новы раунд дзяржаўнай праграмы «Senior+» («Пажылы»). У рамках праграмы дзяржава адкрывае новыя клюбы і дамы для пажылых людзей. Можна ў іх удзельнічаць у розных формах дапамогі, якой у іншых месцах трэба чакаць доўгі пэрыяд часу.

Праграма «Пажылы» – гэта адна з ініцыятываў, якую ажыцьцяўляе міністэрства сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі. Паслугамі цэнтраў, адкрытых у рамках праграмы, можа карыстацца больш за 6 тыс. асобаў на пэнсіі. Яны, напрыклад, могуць запісацца на рэабілітацыю апорна-рухальнага апарату. Гэта дарагая паслуга на прыватным рынку, а дзяржаўных паслуг трэба чакаць у чарзе часам цэлыя месяцы. Гаворыць дырэктар Саюзу пэнсіянэраў, інвалідаў і асоб з абмежаванымі магчымасьцямі Эльжбета Астроўска.

Э. Астроўска: Праграма «Пажылы» – гэта цікавая і карысная дзяржаўная ініцыятыва, распрацаваная ў Міністэрстве сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі. Важна тое, што яна ладзіцца ў супрацоўніцтве з муніцыпальнымі органамі і арганізацыямі, якія гуртуюць сталых людзей. Такія клюбы пажылых або дамы дзённага прабываньня карыстаюцца вялізным зацікаўленьнем пажылых асобаў. У такіх месцах ня толькі можна карысна правесьці час, але таксама наладзіць кантакты з іншымі людзьмі. Выйсьце з дому – гэта пры нагодзе выйсьце з адзіноты, з пасіўнасьці, з нуды. Такія месцы прапануюць пажылым тое, што для іх самае важнае – магчымасьць рэабілітацыі, актыўнасьці, паляпшэньня стану здароўя, магчымасьць наладзіць і паглыбіць кантакты з іншымі.

Віцэ-міністар сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі Эльжбета Баяноўска адзначае, што міністэрства стараецца адказваць на ўсе просьбы, з якімі зьвяртаюцца да яго муніцыпальныя органы. Яна таксама распавядае, якія паслугі аказваюць клюбы пажылых і дамы дзённага прабываньня для сталых асобаў.

Э. Баяноўска: Яны прапануюць сацыяльныя паслугі, у тым ліку харчаваньне, а таксама адукацыйныя паслугі, культурна-асьветніцкія, рэабілітацыю, пра якую ўжо ішла гаворка. Усё залежыць ад кіраўніцтва цэнтра, ад стану здароўя асоб, якія туды зьвяртаюцца. Цэнтры ладзяць таксама праекты, у якіх удзельнічаюць прадстаўнікі розных пакаленьняў. Магчыма, гэта яшчэ мала, будзем разьвіваць дзейнасьць. Трэба сказаць, што клюбы пажылых – гэта новая форма сацыяльнай установы для пажылых людзей, яны ўпершыню запрацавалі ў мінулым годзе. На бягучы год на дадзеную праграму прызначана 80 млн. злотых дзяржаўных сродкаў, і ўсе муніцыпальныя органы, якія зьвярнуліся па фінансаваньне, грошы атрымалі. Дзякуючы гэтаму будзе створана 214 новых аб’ектаў.

Польскае грамадзтва імкліва старэе, таксама, дарэчы, як насельніцтва многіх іншых эўрапейскіх краін. Яшчэ нядаўна прыватная ініцыятыва рэдка ўспрымала пажылых як вялізную групу, якой варта прапанаваць свае тавары і паслугі. Гэтыя людзі лічыліся беднымі, пасіўнымі, кепскімі кліентамі. Але тэндэнцыя мяняецца, усё часьцей рыхтуюцца прадукты з думкаю выключна пра пэнсіянэраў. Напрыклад, настольная гульня для людзей ва ўзросьце 60 гадоў і больш. Гульню выдала Таварыства Манко, расказвае старшыня таварыства Магдалена Петрыняк.

М. Петрыняк: Наша таварыства ўжо звыш пяці гадоў ладзіць праекты для пажылых. У нас ёсьць адмысловая інтэрнэт-плятформа «Голас пажылых». Мы слухаем, што важна для сталых людзей, чаго ім не хапае. І менавіта самі пажылыя зьвярнуліся да нас з ідэяй распрацаваць настольную гульню. Мы правялі кансультацыі з пажылымі людзьмі, якія ўжо мелі досьвед у розных формах актыўнасьці – яны езьдзілі на экскурсіі, бралі ўдзел у курсах, і аказалася, што ім не хапае настольнай гульні, падрыхтаванай з думкаю пра пажылых, каб цікава праводзіць час з равесьнікамі. Мы атрымалі грант з Эўрапейскай камісіі на гульню. Яе нельга купіць, атрымаць яе могуць толькі арганізацыі. У праграму падключыліся арганізацыі з Нямеччыны, Летувы і Румыніі. Цяпер у гульню граюць пажылыя людзі з чатырох краін.

Эўропа ахвотна дае грошы на падобныя ініцыятывы, паколькі эліты ў розных эўрапейскіх краінах разумеюць, што старэньне грамадзтва – гэта сур’ёзная праблема, і трэба імкнуцца, каб пажылыя людзі як мага даўжэй былі самастойныя ў штодзённым жыцьці ды актыўныя, – мяркуе доктар эканомікі з Галоўнай гандлёвай школы Артур Барташэвіч.

А. Барташэвіч: Эўропа старэе, яна ня можа рабіць выгляд, што гэтага ня бачыць. Эўропа становіцца кантынэнтам старых людзей. І так ужо застанецца. Значна мяняецца структура суадносінаў тых асоб, якія працуюць, і якія ўжо сыходзяць або сышлі з працоўнага рынку. Эўропа разумее, што трэба перастаўляць палітыку на гэтак званую сярэбраную эканоміку, на пажылых людзей.

Дзякуючы дзяржаўнай праграме «Пажылы+» да канца мінулага году было адкрыта 159 цэнтраў дзённага прабываньня і 81 клюб для пажылых людзей.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт