Logo Polskiego Radia
Print

Бацька прэм’ера Польшчы бароніць савецкія помнікі ў краіне

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 24.04.2018 15:53
Корнэль Маравецкі: Мы ж самі сябе ня вызвалілі ад фашыстаў.
Корнэль Маравецкі ў студыі інфармацыйнага каналу Polskie Radio 24Корнэль Маравецкі ў студыі інфармацыйнага каналу Polskie Radio 24фота: Polskie Radio/PR24/MR

„Неабходны цьвярозы позірк на наша мінулае. Я, напрыклад, не разбураў бы помнікаў савецкім жаўнерам, якія тут загінулі, і якія, трэба гэта падкрэсьліць, вызвалялі нас ад фашызму. Мы ж самі сябе ня вызвалілі”, - сказаў дэпутат Сэйму, легендарны дзеяч апазыцыі часоў ПНР Корнэль Маравецкі (Kornel Morawiecki) у інтэрвію Радыё Ўроцлаў. Словы бацькі польскага прэм’ера Матэвуша Маравецкага цытуе газэта „Rzeczpospolita”.

„Вядома, можна сказаць, што яны (саветы - рэд.) нас пазьней зьняволілі. Гэта таксама праўда, але яны нас няволілі толькі на працягу некалькіх дзесяцігодзьдзяў, а немцы хацелі нас проста зьнішчыць, сьцерці з мапы сьвету. Гэта зусім іншая рэч”, - сказаў Корнэль Маравецкі.

„Саветы нас расстрэльвалі, забівалі нашых падпольшчыкаў, эліты й гэтак далей, але гэта іншы маштаб. Яны нам не забаранялі размаўляць па-польску, яны ўзнавілі дзейнасьць нашых унівэрсытэтаў, а пры немцах не было ніводнай сярэдняй школы ў Варшаве”, - нагадаў Маравецкі.

Палітыка пыталі таксама пра дэкамунізацыю ў польскіх гарадах, спасылаючыся на прыклад рашэньня ніжнесылескага ваяводы, які пастанавіў, што адзін з бульвараў ва Ўроцлаве больш ня будзе насіць імя першага рэктара Ўроцлаўскага ўнівэрсытэта прафэсара Станіслава Кульчыньскага (Stanisław Kulczyński). У абгрунтаваньні гэтага рашэньня, якое прадставіў Інстытут нацыянальнай памяці, чытаем, што апрача навуковай дзейнасьці арганізатар унівэрсытэцкага жыцьця ва Ўроцлаве быў таксама высокапастаўленым камуністычным палітыкам.

Паводле Корнэля Маравецка, постаць былога рэктара варта ўспрымаць як сымбаль піянэрскай працы.

„У тагачасных умовах тагачаснае пакаленьне добра справілася - даволі хутка ўзнавіла вышэйшую адукацыю на адпаведным узроўні, адбудавала Вроцлаў”, - нагадаў Корнэль Маравецкі.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт