Logo Polskiego Radia
Print

У траўні Польшча будзе старшынстваваць у Радзе бясьпекі ААН

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 25.04.2018 15:09
  • Чапутовіч у ААН.mp3
Польшча ставіць перад сабою задачу працаваць на карысьць пашырэньня міру і бясьпекі на сьвеце.
foto: Makaristos (Wikipedia, Creative Commons)

Міністар замежных спраў Польшчы Яцэк Чапутовіч пабываў з двухдзённым візытам у Злучаных Штатах Амэрыкі. Польскі прадстаўнік удзельнічаў у пасяджэньні парлямэнцкай асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Візыт міністра Чапутовіча зьвязаны, між іншым, з фактам, што 1 траўня Польшча пачынае старшынства ў Радзе бясьпекі ААН. Старшынства працягнецца адзін месяц у траўні гэтага году і месяц летам наступнага году. Польшча ставіць перад сабою задачу працаваць на карысьць пашырэньня міру і бясьпекі на сьвеце.

Яцэк Чапутовіч падкрэсьліў вялікую ролю салідарнасьці ў дзейнасьці розных членаў Рады бясьпекі. На ягоную думку, нельга дапусьціць, каб прадстаўнікі розных дзяржаў працавалі на карысьць толькі сваёй дзяржавы, яны павінны дзейнічаць таксама на карысьць іншых дзяржаў, імкнуцца да вырашэньня іх праблем.

Я. Чапутовіч: Галоўную ролю ў Радзе бясьпекі ААН выконваюць яе пастаянныя члены. Гэта магутныя дзяржавы, ядзерныя імпэрыі. Але непастаянныя члены таксама могуць адыграць сваю немалаважную ролю. Польшча зьяўляецца такім непастаянным сябрам рады, яна павінна актыўна дзейнічаць, асабліва падчас старшынства. Мы далучаемся да тых рашэньняў, якія лічым правільнымі. Гаворка ідзе, між іншым, пра сытуацыю ў Сырыі. Мы можам абмеркаваць слушнасьць некаторых крокаў міжнароднай грамадзкасьці, можам прадставіць нашу пазыцыю наконт агрэсіўнай дзейнасьці Расеі. Можам далучыцца да дзейнасьці на карысьць міру.

Яцэк Чапутовіч удзельнічаў у адкрытай дыскусіі парлямэнцкай асамблеі ААН, прысьвечанай праблеме радыкалізацыі моладзі. Прысутнічаў таксама на сустрэчы, прысьвечанай пытаньням міру на Зямлі. Па ініцыятыве Ірану адбылася сустрэча польскага міністра з іранскім міністрам замежных спраў Махамадам Зарыфам.

Я. Чапутовіч: Галоўнай тэмай была напружанасьць у адносінах паміж Злучанымі Штатамі ды Іранам, магчымасьць выхаду ЗША з пагадненьня аб атамнай зброі. Я прадставіў пазыцыю Эўрапейскага Зьвязу, які імкнецца захаваць гэтае пагадненьне ў сіле. У сваю чаргу ЗША мяркуюць, што яно неэфэктыўнае, што Іран распальвае канфлікты, фінансуе тэрарызм. Іран са свайго боку зьвяртае ўвагу на нэгатыўны ўплыў дзейнасьці ЗША ў дадзеным рэгіёне. Сытуацыя даволі складаная.

На думку польскага міністра, падчас плянаваньня дзейнасьці на карысьць будаваньня і захаваньня міру на сьвеце неабходна браць пад увагу ўсе тры галоўныя мэты ААН: бясьпеку, устойлівае разьвіцьцё і правы чалавека. «Унутраная і міжнародная бясьпека цесна зьвязаныя паміж сабою, таму эфэктыўныя крокі на карысьць прадухіленьня канфліктаў, якія робяцца на міжнародным узроўні, паляпшаюць таксама ўзровень бясьпекі ў асобна ўзятых краінах», – казаў Яцэк Чапутовіч.

Кіраўнік польскай дыпляматыі падкрэсьліў, што дзейнасьць ААН можа быць эфэктыўнай і давадзіць да заканчэньня ўзброеных канфліктаў. Дзеля таго, каб мір быў устойлівы, трэба выкарыстаць усе даступныя інструмэнты. "Добрым прыкладам такіх дзеяньняў могуць быць міратворчыя апэрацыя ААН ў Лібэрыі ды Рэспубліцы Кот д’Івуар у мінулым годзе".

ІАР ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт