Logo Polskiego Radia
Print

Польшча прыняла "Канстытуцыю для бізнэсу"

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 05.05.2018 16:16
  • Канстытуцыя для бізнэсу.mp3
Польскі Сэйм прыняў пакет законаў, скіраваных на пашырэньне свабоды прадпрымальніцкай дзейнасьці.
Foto: pixabay.com/CC0 Public Domain

У апошні дзень красавіка ў Польшчы пачаў дзейнічаць пакет 5 законаў, які атрымаў назву «Канстытуцыі для бізнэсу». Дадзеныя заканадаўчыя акты замяняюць закон аб свабодзе эканамічнай дзейнасьці. Іх прынялі з адной мэтай – спрасьціць вядзеньне бізнэсу ў Польшчы.

«Канстытуцыя для бізнэсу» – гэта 5 абсалютна новых законаў, якія зьмяняюць 200 заканадаўчых актаў, у тым ліку нормы, якія дзейнічалі яшчэ з 1980-ых гадоў. Ядром «Канстытуцыі» зьяўляецца пералік правоў і абавязкаў прадпрымальнікаў, працэдуры заснаваньня, рэгістрацыі фірмы ды вядзеньня бізнэсу ў Польшчы.

Самая важная зьмена, якую новыя законы прынесьлі, гэта зьмена падыходу на карысьць прадпрымальнікаў, а ў дачыненьні да чыноўнікаў уводзіцца адказнасьць за няправільнае рашэньне прынятае ў справе прадпрымальнікаў. Больш падрабязна пра сутнасьць зьменаў распавядае сэймавы карэспандэнт Польскага радыё Аркадыюш Аўгустыняк.

Аркадыюш Аўгустыняк: Новы закон увёў правіла, што дазволена ўсё, што не забаронена законам. Таксама прынятае правіла, што складаныя спрэчкі, якія заставаліся доўга без вырашэньня, павінны быць завершаныя на карысьць прадпрымальніка. Новы закон скіраваны на падтрымку маладых прадпрымальнікаў, тых, хто займаецца стартапамі ў галіне новых тэхналёгій. Таксама закон дазваляе займацца эканамічнай дзейнасьцю без рэгістрацыі і сацстрахаваньня. Цягам шасьці месяцаў будзе прызначаны Прадстаўнік інтарэсаў малых і сярэдніх прадпрымальнікаў.

Міністар прадпрымальніцтва ды тэхналёгіі Ядвіга Эмілевіч асабіста падкрэсьліла, што прынятыя законы маюць у першую чаргу практычны характар і скіраваныя на тое, каб зьмяніць стаўленьне дзяржавы да прадпрымальнікаў.

Ядвіга Эмілевіч: У першую чаргу гэта правіла «дазволена тое, што не забаронена», па-другое, спэчкі разглядаюцца на карысьць прадпрымальнікаў, а справы разглядаюцца хутка. Плюс да гэтага шэраг практычных спрашчэньняў: пачатковы пэрыяд без сацыяльных аплат на 6 месяцаў ад рэгістрацыі дзейнасьці, скарачэньне тэрміну захаваньня дакумэнтаў з 50 да 10 год. Важна тое, што будзе дзейнічаць прадстаўнік інтарэсаў, зь якім кожная ўстанова будзе абвязаная кансультавацца пры распрацоўцы законапраекту, што закранае свабоду эканамічнай дзейнасьці ў Польшчы. Гэта будзе першай брамай, праз якую будуць прахадзіць законапраекты, якія тычацца свабоды прадпрымальніцкай дзейнасьці ў Польшчы.

У сваю чаргу міністар навукі ды вышэйшай адукацыі Яраслаў Говін разьлічвае на тое, што «Канстытуцыя для бізнэсу» стане штуршком для разьвіцьця стартапаў з галіны новых тэхналёгій.

Яраслаў Говін: Польская эканоміка хутка разьвіваецца ў апошнія гады ў значнай меры дзякуючы малым і сярэднім прадпрыемствам. У тым ліку дзякуючы моладзі, навукоўцам, якія дзейнічаюць у сфэры новых тэхналёгій. Я перакананы, што "Канстытуцыя для бізнэсу" стане яшчэ адной нагодай для паглыбленьня эканамічных адносін Польшчы з ЗША і сьветам. Мы ствараем вельмі спрыяльныя ўмовы для бізнэсу, у тым ліку ў галіне новых тэхналёгій.

Прадстаўнікі прадпрымальніцкіх арганізацый ужо пракамэнтавалі прынятыя законы. Яны лічаць зьмены пазытыўнымі. Галоўнае цяпер, каб прынятыя правілы выконваліся на практыцы. У першую чаргу, гэта тычыцца зьмены стаўленьня чыноўнікаў да прадпрымальнікаў, кажа старшыня фонду «Сямейныя фірмы» Катажына Герчак-Групіньска.

Катажына Герчак-Групіньска: Я спадзяюся, што дыялёг будзе працягвацца. Мы нават хацелі запрасіць чыноўнікаў на прадпрыемствы, а прадпрымальнікі павінны наведаць установы. Толькі калі пабачыш працу другога чалавека, прадпрымальніка, можна зразумець, што ў яго няма адпачынкаў ды вакацый. Ён працуе дзень і ноч. Прадпрымальнікі хочуць, каб іх трактавалі па-роўнаму. Асабліва гэта тычыцца спэцыяльных эканамічных зон. Калі іх ствараюць толькі пад вялікія інвэстыцыі, то прадпрымальнікі, якія вядуць свае фірмы 20-30 гадоў, ня маюць шанцу гэтым карыстацца.

У Польшчы праняты пакет законаў, які назвалі «Канстытуцыяй для бізнэсу». Ён уводзіць меншыя аплаты для прадпрымальнікаў, прасьцейшую справаздачнасьць, забараняе перасьлед фірм з боку кантрольных органаў, а спрэчкі абавязвае вырашаць на карысьць прадпрымальнікаў.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт