Logo Polskiego Radia
Print

Беларускі бізнэс таксама патрабуе «Канстытуцыі»

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 09.05.2018 15:24
  • Беларускі бізнэс.mp3
На днях у Польшчы пачаў дзейнічаць пакет 5 законаў, які атрымаў назву «Канстытуцыя для бізнэсу».
pixabay.com/Public Domain/CC0

Дадзеныя законы зьмянілі каля 200 заканадаўчых актаў, у тым ліку нормы, якія дзейнічалі яшчэ з 1980-ых гадоў.

Ядром «Канстытуцыі» зьяўляецца пералік правоў і абавязкаў прадпрымальнікаў, працэдуры заснаваньня, рэгістрацыі фірмы ды вядзеньня бізнэсу ў Польшчы. Самая важная зьмена, якую прынесла «Канстытуцыя» – гэта зьмена стаўленьня да прадпрымальніцтва з боку дзяржаўных органаў. Канстытуцыя ўвяла меншыя аплаты для прадпрымальнікаў, спрасьціла справаздачнасьць, забараніла перасьлед фірм па надуманых прычынах з боку кантрольных органаў, а таксама абавязвае складаныя сытуацыі, спрэчкі вырашаць на карысьць прадпрымальнікаў. Апроч таго, уведзена ў дачыненьні да чыноўнікаў асабістая адказнасьць за няправільнае рашэньне прынятае ў справе прадпрымальнікаў.

Польскі ўрад разьлічвае, што гэта дасьць яшчэ адзін штуршок для далейшага разьвіцьця нацыянальнай эканомікі. Ці падобная «Канстытуцыя» была запатрабаваная ў Беларусі? Афіцыйны Менск таксама гаворыць пра патрэбы ўстойлівага разьвіцьця ды прыбытковых прадпрыемстваў. Патрэбна, перакананы рэдактар онлайн-часопіса Ідэя Рыгор Астапеня.

Рыгор Астапеня: Безумоўна Беларусі неабходна такая Канстытуцыя. Праблема Беларусі ў тым, што ўмовы працы для малога і сярэдняга бізнэсу вельмі складаныя, у адрозьненьні ад буйных гульцоў, якія маюць ільготы й прыярытэтнае стаўленьне. Як вядома, малы бізнэс – галоўны рухавік эканомікі. Таму Беларусь павінна цяпер ствараць для іх лепшыя ўмовы. Тут трэба зьменшыць карупцыю, зрабіць даступнымі крэдыты для бізнэсу, зьменшыць ціск з боку адміністрацыйных органаў. Апроч таго патрэбны інвэстыцыі ў адукацыю, у эканоміку ведаў, інавацыйнасьць краіны.

Галоўная праблема Беларусі – гэта выкананьне. Ужо ёсьць распрацаваныя стратэгіі разьвіцьця прадпрымальніцтва, прынятыя нават адпаведныя заканадаўчыя акты (Дэкрэт №7). Не хапае толькі адпаведнага выкананьня й базавых інстытутаў як прыватная ўласнасьць ды незалежныя суды, зазначае эканаміст кіраўнік аналітычнага цэнтра «Мізэса» Яраслаў Раманчук.

Яраслаў Раманчук: У Беларусі шмат дэклярацый. Ёсьць дэкрэт №7, цяпер рыхтуецца Стратэгія разьвіцьця прадпрымальніцтва да 2030-а года, куды ўключаныя шмат тэзісаў з польскіх законаў. У нас таксама на паперы ёсьць і вяршэнства права і прынцып добрасумленнасьці платніка. Шмат чаго добрага ёсьць, але гэта не выконваецца. Справа ў тым, што 80% актываў у эканоміцы ў руках чыноўнікам, якія кажуць, што законы для звычайных сьмяротных, а не для іх. На дзелавы клімат Беларусі вельмі моцна ўплывае тое, што ў Беларусі няма інстытут прыватнай уласнасьці, незалежнага суда, у нас крыміналізацыя эканамічнай дзейнасьці, не працуе вяршэнства права. На паперы ўсе гэта ёсьць, патрэбна цяпер практыка.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт