Logo Polskiego Radia
Print

Ці на самой справе ў 18-ым стагодзьдзі беларуская мова практычна зьнікла?

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 13.05.2018 15:27
  • беларуская мова 18 ст..mp3
"Тэксты, хоць іх няшмат, сьведчаць аб тым, што традыцыя ВКЛ захавалася ў 18-ым стагодзьдзі".
tbm-mova.by

Сучасная беларуская мова зьяўляецца прамым спадкаемцам старабеларускай мовы, якая пачала фармавацца ў 10-ым стагодзьдзі нашай эры. Інтэнсіўны росквіт мовы наступіў у часы Вялікага Княства Літоўскага, дзе яна была афіцыйнай мовай справаводзтва. У сваю чаргу ў 18-ым стагодзьдзі, на думку многіх дасьледчыкаў, наступіў практычна поўны заняпад беларускай мовы, яна амаль што зьнікла, няма ніякіх пісьмовых помнікаў таго пэрыяду. І таму часта пачынаецца разгляд гісторыі сучаснай мовы з часоў Першай сусьветнай вайны. Гэта няправільны падыход, паколькі разьвіцьцё мовы – несупынны працэс, які ня можа поўнасьцю замерці, – адзначае доктар мовазнаўства з Варшаўскага ўнівэрсытэту Яанна Гэтка.

Я. Гэтка: Асноўнае пытаньне ў тым, што дасьледаваньні над беларускай мовай праводзяцца зь сёньняшняй пэрспэктывы. І калі хтосьці мяркуе, што беларуская мова сфармавалася ў часы Першай сусьветнай вайны, то гэта вынікае з факту, што ён лічыць беларускай мовай тое, што чуе і бачыць сёньня. І гэта ня дзіўна, паколькі тэксты 17-га ці 18-га стагодзьдзяў могуць быць незразумелыя нават для дасьледчыка. Натуральна, што мова мяняецца, адны рысы зьнікаюць, іншыя паяўляюцца. Некаторыя мяркуюць, што ў 18-ым стагодзьдзі мова зьнікла. Сучасная беларускай мова выводзіцца са старабеларускай. Калі сучасныя беларусы шукаюць свае моўныя карані, то нелягічна было б казаць, што ў 18-ым веку нічога не было.

Для масавага адраджэньня беларускай мовы вельмі важна, каб існавала лучнасьць паміж традыцыяй Вялікага Княства Літоўскага, пазьнейшымі вякамі, нават калі беларуская культура прыйшла ў заняпад, і сёньняшнім часам. На жаль, за дзесяцігодзьдзі савецкай улады беларусы забылі пра свае карані, якія сягаюць у далёкае мінулае.

Я. Гэтка: Гэта так, несумненна. У беларускай навуцы ды агульным уяўленьні існуе меркаваньне, што ў 18-ым стагодзьдзі беларуская мова зьнікае, паяўляецца толькі ў нейкіх інтэрмэдыях або іншых несур’ёзных тэкстах. Тым ня менш, тыя тэксты, якія захаваліся да нашых часоў, хоць іх няшмат, сьведчаць аб тым, што традыцыя ВКЛ захавалася ў 18-ым стагодзьдзі. А пазьнейшая кадыфікацыя мовы, у 19-ым стагодзьдзі, зьяўляецца вынікам працэсаў, якія пачаліся значна раней.

18-ае (часткова) і 19-ае стагодзьдзі – гэта быў час, калі на мапах Эўропы не існавала Польшчы, паколькі тэрыторыя польскай дзяржавы была падзеленая паміж трыма імпэрыямі. Тым ня менш, польская мова захавалася дзякуючы таму, што граматыка была распрацаваная раней і не было элемэнтаў страты прэстыжу, як у выпадку беларускай мовы.

Я. Гэтка: Палякам больш пашанцавала. Павярхоўнае апісаньне ці граматыка польскай мовы былі напісаныя значна раней. Традыцыя пісьменства працягвалася, не было гэтага элемэнту агульнай страты прэстыжу культуры і мовы, а беларускія магнаты ў вялікай ступені палянізаваліся ў гэты пэрыяд, большасьць з іх не рабіла ніякіх крокаў у напрамку захаваньня і разьвіцьця сваёй культуры і мовы. У кожным выпадку, у 19-ым стагодзьдзі назіраўся працэс пераходу ад нацый палітычных да нацый сучасных, што было зьвязана з народнай спадчынай. У гэтым сэнсе беларуская культура і мова нічым не адрозьніваюцца ад культуры і мовы чэскай, фінскай, славацкай, вугорскай, украінскай ды іншых народаў у Цэнтральна-Усходняй Эўропе.

У нашым рэгіёне культурная спадчына некаторых народаў пераплятаецца. Нават калі зірнуць толькі на літаратурную спадчыну, то, напрыклад, вялікі паэт палякаў Адам Міцкевіч нарадзіўся ў Беларусі, і беларусы таксама лічаць яго сваім. Нават паяўляюцца меркаваньні дасьледчыкаў, што ня варта дзяліць культурную спадчыну на паасобныя народы, а казаць, скажам, пра польска-беларускую або беларуска-украінскую спадчыну.

Я. Гэтка: Я супраць такога падыходу. На маю думку, трэба старацца вызначыць па меры магчымасьці аб’ектыўныя крытэры, якія дазволяць прыпісаць канкрэтныя тэксты да канкрэтнага народу. Цяпер вельмі актыўна займаюцца гэтым украінцы. Трэба браць прыклад з паўднёвых суседзяў. У Беларусі няма пакуль такога працэсу, можа, у выніку пэўных комплексаў або стэрэатыпнага падыходу, хаця б наконт атрафіі культуры або аб тым, што беларуская мова – горшая, мужыцкая. Адсюль паяўляюцца такія меркаваньні, нават на навуковай канфэрэнцыі ў Вільні, што ўсе творы, створаныя на тэрыторыі Беларусі, належаць або да летувіскай, або да ўкраінскай спадчыны.

Суседзі беларусаў – украінцы, пра якіх вы згадалі, але таксама летувісы, латышы, іншыя, нават маленькія народы, прыкладаюць шмат намаганьняў дзеля адраджэньня і разьвіцьця ўласнай культуры. У Беларусі таксама відаць спробы беларусізацыі, увядзеньня элемэнтаў гонару за сваю культуру, але гэтыя спробы даволі слабыя і непасьлядоўныя.

Я. Гэтка: Прыкладам можа быць згода ўладаў на сьвяткаваньне 100-годзьдзя БНР, правядзеньне канцэртаў з гэтае нагоды ў Менску 25 сакавіка. Раней такога не было, так што прагрэс ёсьць. Але ўзьнікае пытаньне, ці гэта не зьяўляецца элемэнтам прапаганды, каньюнктурнага мысьленьня. Я баюся, што гэта толькі часовая рэакцыя ўладаў на падзеі.

Размаўляла Н. Грышкевіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт