Logo Polskiego Radia
Print

Варшаўскі мост. Бітва пад Монтэ-Касына (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 17.05.2018 08:51
  • Монтэ-Касына.mp3
Беларусы і палякі плячо ў плячо змагаліся з нацызмам на франтах Другой сусьветнай вайны.
Праваслаўныя крыжы на магілах беларусаў ля Монтэ-КасынаПраваслаўныя крыжы на магілах беларусаў ля Монтэ-КасынаФота: Даніла Кохан (з архіву Ю. Грыбоўскага)

18 траўня 1944 году салдаты 2-га Польскага корпусу, у склад якога ўваходзілі ў тым ліку ўраджэнцы Беларусі, узялі штурмам нямецкую крэпасьць Монтэ-Касына ў Італіі. Падчас бітвы пад Монтэ-Касына была адкрыта дарога да Рыму. І разам з гэтым быў расчышчаны яшчэ адзін шлях да канчатковай перамогі над гітлераўскай Нямеччынай.

Адзін зь першых, хто пачаў вывучаць удзел беларусаў у баях у Італіі — Юры Грыбоўскі, доктар гістарычных навук, прафэсар катэдры міжкультурных дасьледаваньняў Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы Варшаўскага ўнівэрсытэту.

Юры
Юры Грыбоўскі. Фота: Тадэвуш Позьняк (з архіву Ю. Грыбоўскага)

Спадар Юры, некаторыя дасьледчыкі бітву ля Монтэ-Касына называюць адной з найбольш крывавых баталій Другой сусьветнай вайны. Што там адбывалася?

Юры Грыбоўскі: Узвышша Касына, побач зь іншымі, было адным з умацаваных раёнаў на нямецкіх абарончых лініях «Густава» і «Гітлер», якія праходзілі ад Адрыятычнага да Тырэнскага мора. Гэтыя лініі перакрывалі далейшае прасоўваньне ангельска-амэрыканскіх войск на Рым. Першыя спробы авалодаць узвышшам Касына войскі саюзьнікаў зрабілі яшчэ ў студзені 1944 году. Усе спробы ўзяць вяршыню заканчваліся, аднак, паражэньнямі. 24 сакавіка 1944 году камандаваньне саюзьнікаў вырашыла накіраваць у раён Монтэ-Касына 2-гі Польскі корпус пад камандаваньнем генэрала Ўладыслава Андэрса. У наступленьні польскім вайскоўцам прызначалася адна з найцяжэйшых задач. Першы штурм пачаўся 11 траўня, аднак польскія часьці, несучы значныя страты, былі вымушаны адысьці. У выніку другой атакі 17-18 траўня нямецкая абарона была прабіта. 18 траўня на руінах кляштара Сьвятога Бэнэдыкта польскія салдаты ўзьнялі брытанскі і польскі сьцягі.

Сярод палякаў былі, як вядома, і беларусы. Колькі? І як яны там апынуліся?

Юры Грыбоўскі: Гэта былі грамадзяне Польшчы, жыхары заходнебеларускіх зямель, якія ў 1939-1941 гадах трапілі ўглыб СССР як ваеннапалонныя або ахвяры сталінскіх дэпартацый. У 1941 годзе яны, як польскія грамадзяне, добраахвотна ўступілі ў Польскую армію, якая тады фарміравалася ў СССР на падставе пагадненьня паміж польскім эміграцыйным і савецкім урадамі. У 1942 годзе гэта армія была эвакуіравана ў Іран, а адтуль у Ірак і на Блізкі Ўсход, дзе ў 1943 годзе ўзьнік 2-гі Польскі корпус. У складзе корпусу служыла ня менш як дзьве тысячы беларусаў. Пад Монтэ-Касына больш за ўсё беларусаў знаходзілася ў 3-й дывізіі карпацкіх стральцоў і 5-й крэсовай пяхотнай дывізіі. Менавіта гэтыя злучэньні апынуліся на першай лініі агню і панесьлі найбольшыя страты. Вядомы прозьвішчы соцень беларусаў, якія за ўдзел у бітве атрымалі Памятны крыж Монтэ-Касына. Некалькі былі ўзнагароджаны вышэйшай польскай вайсковай узнагародай — Крыжам Ордэна Віртуці Мілітары. Пра гераізм беларусаў з 2-га корпусу падчас бітвы сьведчаць шматлікія рапарты, успаміны польскіх афіцэраў. Подзьвігі нашых землякоў апісаў вядомы польскі журналіст, ураджэнец сучаснага Бярэзінскага раёну Менскай вобласьці Мэльхіёр Ваньковіч. Адзін з удзельнікаў бітвы беларус Пятро Сыч у сваіх успамінах сьведчыў, што беларусы «шчодра абмылі сваёй кроўю шурпатыя, дзікія горы каля кляштара Монтэ-Касына». Пасьля бітвы ля падножжа гары Касына былі створаны польскія вайсковыя могілкі, на якіх пахаваны салдаты 2-га корпусу. Аб прысутнасьці беларусаў сярод пахаваных яскрава сьведчаць, напрыклад, праваслаўныя крыжы. Я налічыў іх ажно 52: 90 працэнтаў пахаваных пад імі — ураджэнцы Беларусі. Пры гэтым рэлігійная прыкмета дазваляе нам вызначыць толькі мінімальную колькасьць беларусаў, якія загінулі, бо сярод салдат каталіцкага веравызнаньня таксама былі ўраджэнцы Беларусі. У бітве прымалі ўдзел тыя, хто пазьней стаў вядомым дзеячам беларускай эміграцыі: сьпявак Пятро Конюх, Віктар Астроўскі — сын Радаслава Астроўскага, Аркадзь і Мікалай Міклашэвічы — родныя браты Ларысы Геніюш. Адначасова ў розных выданьнях зьяўляецца інфармацыя, што пад Монтэ-Касына ваявалі такія вядомыя беларусы як Кастусь Акула, Аляксандар Надсан. Гэта памылка, бо ў той час названыя асобы зьяўляліся кадэтамі камандзірскай школы Беларускай краёвай абароны на акупіраванай немцамі тэрыторыі Беларусі, а ў 2-м Польскім корпусе ў Італіі апынуліся толькі на пачатку 1945 году. Яны бралі ўдзел у баях на італьянскім фронце, напрыклад, за Балёньню, але пад Монтэ-Касына іх дакладна не было.

Чым яшчэ зьвязаны зь Беларусьсю генэрал Уладыслаў Андэрс?

Юры Грыбоўскі: Напярэдадні Другой сусьветнай вайны вайны ён камандаваў Наваградзкай кавалерыйскай брыгадай Войска Польскага, штаб якой знаходзіўся ў Баранавічах. У 1939 годзе брыгада ўдзельнічала ў баях зь нямецкімі захопнікамі.

Ангельска-польскі
Ангельска-польскі дакумэнт беларуса Якуба Конана, удзельніка бітвы ля Монтэ-Касына. Фота: Віктар Корбут/radyjo.net

Ці яшчэ жывыя ўдзельнікі бітвы падМонтэ-Касына?

Юры Грыбоўскі: У пачатку 2000-х гадоў, калі я пачаў дасьледаваць гэту тэму, у Беларусі яшчэ жылі некалькі вэтэранаў. Мне пашчасьціла сустрэцца зь Якубам Конанам, які жыў пад Маладэчнам. Пазьней, калі я наведваў Англію, то пазнаёміўся там зь іншымі землякамі. Пра іх лёсы вы можаце прачытаць у кнігах «Забытыя жаўнеры польскага войска ў часы Другой сусьветнай вайны: матэрыялы і ўспаміны» (2003), «Беларусы ў бітве за Монтэ-Касына» (2004), а таксама ў маёй манаграфіі «Беларусы ў польскіх рэгулярных вайсковых фарміраваньнях у 1918-1945 гадах», якая выйшла ў 2006 і 2007 гадах на беларускай і польскай мовах.

Як захоўваецца памяць пра ўдзел беларусаў у бітве пад Монтэ-Касына?

Юры Грыбоўскі: У Беларусі на працягу доўгіх гадоў пра ўдзел беларусаў у гэтай бітве нічога не было вядома. У БССР пра гэта не гаварылася па ідэалягічных прычынах, а «андэрсаўцы» нават не лічыліся вэтэранамі вайны. Увесну 1951 году адбылася масавая дэпартацыя сямей «андэрсаўцаў» у Іркуцкую вобласьць на спэцпасяленьні. Пасьля распаду СССР сытуацыя зьмянілася, але па-ранейшаму веды пра тых, хто ў гады вайны змагаўся ў радах польскіх вайсковых фарміраваньняў на заходніх франтах Другой сусьветнай вайны, былі вельмі малыя. Гэта тычылася як шырокіх колаў грамадзтва, так і навукоўцаў. Мне давялося шмат папрацаваць у архівах Менску, Варшавы, Лёндану, каб стварыць поўную карціну ўдзелу беларусаў у тых падзеях. Але для большасьці беларусаў гэта па-ранейшаму «белая пляма». Пацьвярджае гэта настyпны прыклад. Калі выйшла мая кніга, да мяне пачало зьвяртацца многа людзей з розных куткоў Беларусі, якія знайшлі ў ёй зьвесткі пра сваіх сваякоў. Раней яны практычна нічога ня ведалі пра лёс блізкіх. Інакш справа выглядала на эміграцыі. Пасьля 1945 году большасьць салдат 2-га корпусу засталася за мяжой. Яны памяталі пра бітву і шанавалі памяць пра ўдзел у ёй сваіх землякоў: у 1979 годзе ўсклалі аздоблены бела-чырвона-белай стужкай вянок на могілках ля падножжа гары Касына ў сувязі з 35-й гадавінай бітвы.

У якіх яшчэ бітвах на заходніх франтах Другой сусьветнай вайны адзначыліся беларусы разам з палякамі?

Юры Грыбоўскі: Геаграфія даволі шырокая. Пэўная колькасьць нашых землякоў трапіла ў розныя фарміраваньні, якія ўваходзілі ў склад Польскіх узброеных сіл на Захадзе. Гэта 1-я танкавая дывізія пад камандаваньнем генэрала Станіслава Мачака, што ў 1944-1945 гадах удзельнічала ў баях у Францыі, Бэльгіі, заходняй Нямеччыне. Вядомы прозьвішчы беларусаў з Асобнай парашутнай брыгады, якія бралі ўдзел у найбуйнейшай паветрана-дэсантнай апэрацыі заходніх саюзьнікаў Market Garden у Галяндыі ў верасьні 1944 году. Беларусы былі сярод экіпажаў ваенных суднаў у Міжземным моры, пілётамі ваенна-паветраных сіл. Гэтыя салдаты варты павагі і ўдзячнай памяці нашчадкаў.

Віктар Корбут

Слухайце, калі ласка, далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт