Logo Polskiego Radia
Print

Жыхары Польшчы часта чуюць пра адмоўныя бакі валюты эўра

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 16.05.2018 15:12
Звычайныя палякі ня ведаюць пра карысьць, якую дае адзіная валюта.
pixabay.com/Public Domain CC0

Дзевяць краін Эўрапейскага Зьвязу (больш чым адна чацьвёртая эканамічнага і дэмаграфічнага патэнцыялу ЭЗ) да гэтага часу застаецца паза зонай адзінай валюты эўра. Гэта група, з якой усе павінны лічыцца, – піша «Rzeczpospolita».

Аднак неўзабаве расклад сілаў зьменіцца. Румынскі ўрад заявіў, што да канца году ён прыме дэталёвы плян уваходу краіны ў эўразону. Раней тое ж самае зрабіла Харватыя. У сваю чаргу Баўгарыя праз некалькі месяцаў увойдзе ў эўрапейскую валютную сыстэму, у якой цягам двух гадоў знаходзяцца краіны, якія ўводзяць пазьней валюту эўра. Эўракамісар па валютных пытаньнях П’ер Маскавіці ўжо абяцаў, што менавіта Баўгарыя будзе чарговай краінай, якая далучыцца да эўразоны. А праз менш чым год з Эўрапейскага Зьвязу выйдзе Вялікабрытанія, якая карыстаецца нацыянальнай валютай.

Калі ўсё гэта здарыцца, уласнымі грашыма будзе карыстацца толькі пяць дзяржаў ЭЗ: Польшча, Швэцыя, Данія, Чэхія і Вугоршчына. Гэтыя краіны будуць мець усё менш уплыву на фінансавыя рашэньні, якія прымаюцца ў Зьвязе. У Польшчы няма патэнцыялу, каб пераняць ролю Вялікабрытаніі і стаць адвакатам краін з нацыянальнай валютай, – кажа дырэктар брусэльскага інстытуту CEPS Даніэль Грос (Daniel Gros). Ён дадае, што для Польшчы добрым крокам быў бы ўваход у эўразону, якая дае ахову ад фінансавых крызысаў. Такі крызыс можа нечакана закрануць дзяржаву нават са стабільнай эканамічнай сыстэмай.

Нягледзячы на меркаваньні эканамістаў, польскі ўрад не намераны распачынаць працэдуру далучэньня да зоны адзінай эўрапейскай валюты. Камэнтатар выданьня піша, што з вуснаў палітыкаў часта чуваць словы пра магчымыя нэгатыўныя наступствы далучэньня да эўразоны, а звычайныя палякі ня ведаюць пра карысьць, якую дае адзіная валюта. І таму жыхары Польшчы баяцца эўра. Тым ня менш, адзіная валюта мае больш пазытываў, чым нэгатываў, і трэба сур’ёзна задумацца, ці не далучыцца да клюбу эўра, бо найгорш бывае, калі хтосьці застаецца апошні, а іншыя ўжо пабеглі наперад.

Rzeczpospolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт