Logo Polskiego Radia
Print

Экспэрт: заходнія спэцслужбы ведалі праўду пра катастрофу пад Смаленскам

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 17.05.2018 13:54
"Сёньня забойства пад Смаленскам ужо не здаецца такім немагчымым".
Фото: wikipedia.org/See OTRS ticket for details. - Praca własna, CC BY-SA 2.5

Выданьне wPolityce.pl зьмяшчае артыкул з парталу Observer.com. У ім экспэрт па пытаньнях бясьпекі, былы афіцэр амэрыканскай контрвыведкі Джон Шындлер (John R. Schindler) разважае пра падзеі 10 красавіка 2010 году пад Смаленскам. Нагадвае пра сьмерць польскага прэзыдэнта, ваенных камандзіраў і самых важных асоб у дзяржаве.

Шындлер зьвяртае ўвагу на тое, што польская дэлегацыя ляцела ў Расею дзеля таго, каб ушанаваць памяць польскіх афіцэраў, забітых саветамі. Называе Катынь «ня вылечанай ранай». Дадае, што Лех Качыньскі ня меў сумненьняў наконт рэжыму Пуціна, паколькі ён выхоўваўся ў КГБ, сярод тых жа людзей, якія адказвалі за забойства ў Катыні.

Аналітык згадвае таксама, што абломкі самалёта надалей знаходзяцца ў Расеі. «За 8 гадоў яго так і не аддалі Варшаве, у выніку Польшча не магла правесьці дэталёвага сьледзтва. Акрамя таго, целы ахвяр былі абакрадзеныя функцыянэрамі ФСБ, якія забралі тайныя дакумэнты NATO». Піша пра скандальную забарону адкрываць труны з целамі, якія прыляцелі ў Варшаву.

Шындлер піша таксама пра афіцыйныя высновы польскіх і расейскіх сьледчых, прыводзіць выказваньне Антоні Мацярэвіча, у якім былы кіраўнік Міністэрства нацыянальнай абароны кажа пра выбух на борце машыны. Амэрыканец піша таксама пра спробы дыскрэдытаваць іншыя гіпотэзы, чым афіцыйная расейская вэрсія. На ягоную думку, заходнія спэцслужбы цудоўна ведалі пра тое, што на самой справе здарылася пад Смаленскам. «Заходнія разьведкі з пачатку мелі сур’ёзныя засьцярогі наконт афіцыйнай вэрсіі падзей. Адзін з польскіх функцыянэраў сказаў мне, што Варшава ведала праўду. Гэта значыць, што папярэдні польскі ўрад затойваў інфармацыю, каб утрымаць добрыя адносіны з Пуціным», – заўважае Шындлер. І дадае, што пасьля катастрофы многія ня верылі, што расейцы маглі забіць польскага прэзыдэнта. Але цягам васьмі гадоў Расея ўкрала Крым і напала на Ўкраіну. Зь цяперашняй пэрспэктывы погляду забойства пад Смаленскам ужо не здаецца такім немагчымым. Польшча заслугоўвае ведаць праўду, – заканчвае свае разважаньні Джон Шындлер.

wPolityce.pl/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт