Logo Polskiego Radia
Print

Грузавая рэвалюцыя: Эўропа мяняе дызэль на cargo-bike

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 20.05.2018 11:30
  • Грузавая рэвалюцыя.mp3
Грузавым сёньня можа быць ня толькі аўтамабіль, але й ровар таксама.
Foto: Y.Likhtarovich

Гэта сапраўдны транспартны ратунак на праблемы сучасных закаркаваных гарадоў.

Вярхоўны адміністрацыйны суд Нямеччыны дазволіў гарадам забараняць уезд для машын з дызэльнымі рухавікамі. Гэта ўжо назвалі «дызэльнай Фукусімай». Менавіта такія рухавікі маюць большасьць грузавых машын, якія займаліся дастаўкай тавараў у гарадах. Цяпер Нямеччыну, а за ёй і рэшту Эўропы, чакае транспартная рэвалюцыя.

Фірмы, што займаюцца лягістыкай, пачынаюць перасаджваць сваіх кур’ераў на ровары. Гэта адмысловыя грузавыя ровары, або cargo-bike. У Нямеччыне вялікія канцэрны як DHL ды іншыя летась замовілі некалькі тысяч такіх ровараў для сваіх кур’ераў у гарадах.

/

Многія з вас ня раз бачыла такое: вялізарны горад стаіць у корку. Напрыклад, у Сан Паўла ўвечары на гарадзкіх дарогах было 344 кілямэтры затораў, а вось жыхары Нью Ёрку і Масквы 91 гадзіну ў год праводзяць у корках. Масква ўвогуле лічыцца найбольш закаркаваным горадам у Эўропе, там 26% часу язды кіроўцы стаяць у заторах. Для тых хто ня хоча стаяць і плаціць за гэта ёсьць паратунак – грузавы ровар.

Кшыштаф Губаньскі: Усё пачалося таму, калі я ўбачыў у Нямеччыне такі ровар, мне спадабалася ідэя. Я вярнуўся ў Варшаву ды стварыўся каапэратыў людзей, якія ўзаемна карысталіся такім роварам. Потым я набыў уласны. З пэрспэктывы жыхара цэнтра Варшавы, магу сказаць, што езьдзіць па цэнтры машынай складана. Я вельмі гэтага не люблю. Вялізарны стрэс. Цяпер у мяне машыны ўласнай няма, як трэба – арандую. Справа ў тым, што машына ў горадзе – гэта стаяньне ў заторах, рахункі за бэнзін, за страхоўку. Гэта ўсё каштуе. Большасьць спраў я раблю ў межах аднаго двух мікрараёнаў. Гэтую адлегласьць можна спакойна праехаць на ровары. Многія кажуць, на ровары я многа не прывязу, дзіця не забяру, трыццаць бутэлек вады не ўлезуць. Грузавы ровар вырашае дадзеную праблему.

Для чаго можа быць выкарыстаны такі ровар?

Кшыштаф Губаньскі: Гэты ровар можа быць для выкарыстаньня ў транспарце, каб развозіць пакункі. Скажам у Польшчы, гэта робіцца ўсё больш і больш папулярным, у першую чаргу сярод малых фірмаў, таксама для сем’яў. Гэта безумоўна сямейныя ровары, каб вазіць дзяцей, набыткі, сабак і так далей. Я ведаю ад польскіх вытворцаў, што галоўныя пакупнікі – сем'і зь дзецьмі, якія маюць дзьве машыны. Яны мяняюць адну машыну на такі ровар. Звычайна, другая машына служыць, каб вазіць дзяцей у садок/школу, паехаць за пакупкамі. Кошт яе ўтрыманьня такі самы як і першай. Менавіта таму шматлікія семʼі адмаўляюцца ад другога аўтамабіля, замест бяруць грузавы ровар.

Дарэчы, грузавы ровар не нейкае вынаходніцтва, ён ужо панаваў на вуліцах эўрапейскіх гарадоў да вайны, а потым прайграў канкурэнцыю машынам. Цяпер машыны прайграюць з-за празьмернай сьціснутасьці гарадзкога жыцьця, кажа Кшыштаф.

Кшыштаф Губаньскі: Гісторыя грузавых ровараў даволі даўгая. Таксама і ў Польшчы. Калі паглядзець на здымкі даваеннай Варшавы, бачна, што там шмат грузавых ровараў. Так было ва ўсёй Эўропе. Яны выкарыстоўваліся для развозу даставак у гарадах. Скончылася ўсё з надыходам аўтамабільнай эры. Пра грузавыя ровары ўсе забылі. Адрадзілі іх у 1970-80-ыя гады ў Галяндыі ды Даніі ў зьвязку з падаражаньнем нафты ды роварным бумам. Спачатку гэта былі гаражныя канструкцыі, сёньня існуюць дзясяткі прафэсійных вытворцаў. За апошнія гады, грузавыя ровары выйшлі па-за межы згаданых краін. Спрыяюць працэсы падаражаньня нафты, разрастаньня і сьціснутасьці гарадоў. Больш за тое, усё больш і больш гарадоў у Эўропе ўводзяць абмежаваньні на ўзровень выхлапных газаў.

У Цэнтральнай ды Ўсходняй Эўропе грузавыя ровары не такія папулярныя, але паволі гэтая тэндэнцыя перакідваецца і на Ўсход. У Польшчы таварныя ровары даступныя ў сыстэмах публічнага гарадзкога ровара. Вытворчасьцю такіх машын пачалі займацца ў Польшчы, а таксама ва Ўкраіне, кажа Кшыштаф

Кшыштаф Губаньскі: Недзе два гады таму ў Варшаве зьявілася магчымасьць узяць у арэнду грузавы ровар бясплатна. Гарадзкая адміністрацыя набыла такія ровары і прадставіла жыхарам да карыстаньня. Варшава – не адзіны такі горад. Усё больш гарадоў ідуць на тое, каб дадаваць грузавыя ровары ў сыстэмы гарадзкога ровару. Так сталася ў Лодзі, а плянуюць Гдыня ды Слупск. Ёсьць шмат сярэдніх гарадоў, якія пайшлі на дадзены крок. Гэта істотна, бо пры іх адлегласьцях карыстаньне грузавым роварам сэнсоўнае. У Варшаве больш складана, такіх ровараў не хапае, але сыстэма пашыраецца. Я чуў, што такія ровары пачалі рабіць ва Ўкраіне.

Грузавым сёньня можа быць ня толькі аўтамабіль, але й ровар таксама. Гэта сапраўдны транспартны паратунак на балячкі сучасных закаркаваных гарадоў. Доказ таго, што без аўтамабіля сёньня можна жыць і жыць камфортна, перакананы наш госьць роварны актывіст і карыстальнік ажно двух грузавых ровараў, аўтар блёга «На адну машыну менш» Кшыштаў Губаньскі.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт