Logo Polskiego Radia
Print

Андрусь Горват – чалавек на балоце ХХІ стагодзьдзя

PR dla Zagranicy
Eduard Zholud 26.05.2018 14:42
  • Андрусь Горват.mp3
Уважны чытач «Радзіва Прудок» без сумневу здолее заўважыць далікатнае перакліканьне матываў сучаснага твору са знакамітымі «Людзьмі на балоце».
Андрусь ГорватАндрусь Горватradyjo.net/Беларуская служба Польскага радыё/Эдуард Жолуд


Кніга «Радзіва Прудок» паўстала на падставе дзёньніка яго аўтара. У сваім творы Андрусь Горват дэманструе чытачу ня толькі ўласныя душэўныя перажываньня, але таксама закранае глыбіню сьветапогляду сучасных палешукоў.

Папулярнасьць аўтара і маштаб зацікаўленасьці з боку чытачоў да кнігі «Радзіва Прудок» дазваляе сьцьвердзіць, што «Радзіва» стала сапраўдным фэномэнам у беларускай літаратуры апошніх некалькіх гадоў.

Літаратар Севярын Квяткоўскі тлумачыць надзвычайную ўвагу да гэтага твору тым, што «Радзіва Прудок» пачыналася як своеасаблівае рэаліці-шоў. Першапачаткова Андрусь Горват, у рэжыме рэальнага часу, публікаваў гісторыі зьвязаныя са сваім пераездам зь Менску ў палескую вёску Прудок на старонцы ў сацыяльнай сетцы Facebook.

Напрыклад, праз актыўнасьць творцы ў сацсетках, яго каза, якая завецца Цёцяй, стала амаль самастойным пэрсанажам допісаў Андруся Горвата. Тысячы падпісчыкаў заўзята сачылі за тым, як каза Цёця доіцца або хварэе. Частакроць аповеды суправаджаліся фотаздымкамі, якія ілюстравалі побытавыя моманты наладжваньня новага жыцьця ў вёсцы.

У пэўным сэнсе, падпісчыкі Андруся Горвата ў сацсетках маглі ўступаць у наўпроставы кантакт з аўтарам, камэнтуючы яго запісы ў Facebook. Менавіта допісы ў сацыяльнай сетцы, з цягам часу, аформіліся ў сапраўдны бэстсэлер.

Андрусь Горват пагадзіўся падзяліцца з Беларускай Службай тым, у якіх акалічнасьцях зьяўлялася «Радзіва Прудок», а таксама тым, якім чынам твор паўплываў на жыцьцё аўтара.

Андрусь Горват: Кніга мае назву «Радзіва». На самой справе гэтая назва апраўдвае ўсю кнігу. Калі вы ўключыце гэтае «Радзіва», вы пачуеце нейкія інтэрвію, пачуеце тэатральныя пастаноўкі, а часам усе можа ператварыцца ў аўдыёкнігу.

У маёй кнізе суплёт розных жанраў, там ёсьць наўпрост зьнятыя з дыктафону ўрыўкі нейкіх дыялёгаў, чыстая публіцыстыка. Ёсьць суцэльныя выдумкі, а некаторыя рэчы крыху перапрацаваныя і ня надта адрозьніваюцца ад арыгінальнай гісторыі.

То бок, з вобразаў, якія сапраўды існуюць у рэчаіснасьці, створаны новы вобраз і новы прадукт.

Матэрыялу назьбіралася багата, вырашыў выдаць апавяданьні, як сапраўдную кнігу. Гэта быў падарунак маім блізкім, маёй маці. Мне падаецца, што выпадкова атрымалася, што мая праца займела такі попыт.

Калі Вы зразумелі, што Ваша творчасьць, прысьвечаная блізкім Вам людзям, трапіла на масавую хвалю, як Вы давалі сабе рады асэнсоўваючы абсалютна новы стан рэчаў?

Андрусь Горват: Былі розныя пэрыяды. Быў час, калі мне вельмі падабалася, што мой голас загучаў так моцна. Праз гэта зьяўляўся такі страх, маўляў мяне ўсе чуюць, а мне няма чаго сказаць. Звычайны чалавек, нічога асаблівага ня маю, каб на такую вялікую аўдыторыю штосьці гаварыць.

Каб прызвычаіцца да гэтай думкі, спатрэбіўся нейкі час. Трэба было знайсьці сябе ў гэтым вялікім аб’ёме.

Калісьці беларускі клясык напісаў: «Нам ісьці, ісьці да Беларусі». Як Вы дайшлі да Беларусі? Ці Вы гэта рабілі ў сваім палескім космасе? Хіба нездарма на вокладцы «Радзіва» намаляваны маленькі касманаўцік, які блукае ў ваколіцах Прудка?

Андрусь Горват: Найперш я увесь час шоў да сябе. Спрабаваў зразумець, хто я такі, навошта я жыву. Што мне было дадзенае ад продкаў, ад зямлі, на якой жывеш, а якія рэчы я ў стане зьмяніць. Напэўна, праз пошукі сябе я і дайшоў да свайго космасу, сваёй Беларусі.

/

Ці зараз Ваш космас зьмешчаны менавіта ў прудкаўскія дэкарацыі?

Андрусь Горват: Ён ужо большы за прудкаўскія дэкарацыі. Спачатку я засяродзіўся на сваёй дзедаўскай хаце, на сваёй вёсцы. Аднак цяпер я магу пашыраць гэты стан на іншыя гарады, а нават на іншыя краіны. Гэта пачуцьцё не сканцэнтраванае ў нейкім куфры. Мы носім гэта пад сваім сэрцам.

На пачатку свайго вясковага жыцьця Вы спрабавалі працаўладкавацца настаўнікам у юравіцкую школу. Магчыма, па палітычных матывах Ваша кандыдатура была адрынутая. Ці Вы пакінулі гэтыя спробы? Адкуль у Вас было такое пакліканьне, настаўнічаць у вёсцы?

Андрусь Горват: Калі я перабіраўся ў вёску, сапраўды, у мяне быў такі вобраз вясковага настаўніка, які займаецца такім народніцтвам, адукацыяй. Чамусьці тады мне гэта падавалася паэтычным і прыгожым. У гэтым была свая рамантыка. Аднак, магчыма, праз маю публічнасьць, на той момант я ня змог працаўладкавацца настаўнікам. Хутчэй за ўсё, гэты факт не задавальняў мясцовых чыноўнікаў.

На дадзены момант я цалкам задаволены тым, як я жыву. Дасягнуў пэўнай асабістай свабоды, у мяне няма патрэба камунікаваць з тым людзьмі, з якім у мяне няма агульнай мовы. Цяпер мне цалкам утульна.

Андрусь, над чым Вы працуеце зараз? Шырацца плёткі, што Вы пішаце раман, гэта праўда?

Андрусь Горват: Так, нешта я пішу. Я не гатовы пра гэта апавядаць. Няхай застанецца закрытай інфармацыяй (усьміхаецца).

Прыпяцкае Палесьсе ня ў першы раз становіцца месцам дзеяньня вядомых беларускіх літаратурных твораў. Вёска Прудок Кленкавіцкага раёну знаходзіцца каля мястэчка Юравічы. Менавіта на юравіцкай зямлі разгортваюцца дзеяньні ўсіх трох частак «Палескай хронікі» Івана Мележа.

Былы
Былы езуіцкі калегіюм у Юравічах

Уважны чытач «Радзіва Прудок» без сумневу здолее заўважыць далікатнае перакліканьне матываў сучаснага твору са знакамітымі «Людзьмі на балоце».

Эдуард Жолуд

слухайце далучаны зьверху гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт