Logo Polskiego Radia
Print

«Варшаўскі мост». Эліза Ажэшка і Валянціна Гапава (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 31.05.2018 10:01
  • 3105 Варшаўскі мост. Ажэшка. Ч. 2.mp3
Інтэрвію з Аленай Гапавай, дачкой дасьледчыцы беларускіх матываў у творчасьці клясыка польскай літаратуры.
Валянціна Гапава ў Менску, на вул. Камсамольскай. 1955 г.Валянціна Гапава ў Менску, на вул. Камсамольскай. 1955 г.Фота: архіў Алены Гапавай

Эліза Ажэшка — клясык польскай літаратуры. І ў той жа час ураджэнка Беларусі. Тут яна нарадзілася, жыла, памерла, пахавана.

Беларускія матывы ў творчасьці Элізы Ажэшка ярка праявіліся ў рамане “Хам” — пра жыцьцё рыбака Паўла і яго жонкі Франкі, у трылёгіі “Над Нёманам”. З 1870-х гадоў пісьменьніца зьбірала фальклёр у вёсках над Нёманам, запісваючы ад мясцовых жанчын песьні, казкі, прымаўкі, замовы, рэцэпты. У варшаўскім часопісе Wisła Ажэшка публікавала паэтычныя нарысы «Людзі і кветкі над Нёманам» (1888-1892), у якіх апісвала культуру беларускіх сялян.

Нэкралёг
Нэкралёг W. Ł. (Вацлава Ластоўскага) пра Элізу Ажэшка ў віленскай газэце "Наша ніва" (13 (26) траўня 1910 г.) Фота: архіў Віктара Корбута/radyjo.net

Ажэшка была знаёма з Францішкам Багушэвічам. Ёй паэт прысьвяціў верш на беларускай мове “Яснавяльможнай пані Арэшчысе”.

Першы
Першы пераклад твора Э. Ажэшкі на беларускую мову -- “апаведанне” “Гэдалі” (Вільня, 1907)
Фота: архіў Віктара Корбута/radyjo.net

Яшчэ пры жыцьці, у 1904 годзе, Эліза Ажэшка была намінавана на Нобэлеўскую прэмію па літаратуры. Яе канкурэнтам зьяўляўся Хэнрык Сянкевіч. Ён урэшце і перамог. У адным з дакумэнтаў Нобэлеўскага камітэту гаворыцца: “Наколькі ў тэкстах Сянкевіча б’ецца высакароднае польскае сэрца, настолькі ў творчасьці Элізы Ажэшка б’ецца сэрца чалавека”. У 1909 годзе Ажэшка зноў была намінавана на Нобэлеўскую прэмію, аднак яе атрымала швэдзкая пісьменьніца Сэльма Лягерлёф.

Творы Ажэшка перакладалі на беларускую мову Янка Брыль, Ядвіга Бяганская і інш. У наш час перакладае Анатоль Бутэвіч.

Варшава,
Варшава, кляштар сакрамэнтак на Новым Рынку, дзе ў 1852-1857 гг. вучылася Эльжбета Паўлоўская (Э. Ажэшка) Фота: Віктар Корбут/radyjo.net

Асобныя выданьні твораў Ажэшка па-беларуску выходзілі пасьля 1907 году ў 1975, 2000-м.

У другой палове ХХ стагодзьдзя вывучэньнем творчасьці Ажэшка займалася літаратуразнавец Валянціна Гапава. Яна выдала ў 1969 годзе кнігу “Эліза Ажэшка. Жыццё і творчасць”.

Варшава,
Варшава, парк Праскі. Помнік Элізе Ажэшка Фота: Віктар Корбут/radyjo.net

Валянціна Гапава ўводзіла Элізу Ажэшка ў кантэкст беларускай культуры другой паловы ХХ стагодзьдзя. Кім была літаратуразнавец, што яе натхніла заняцца творчасьцю менавіта Ажэшка? Пра гэта расказвае дачка дасьледчыцы — Алена Гапавай, якая цяпер жыве ў Эн Эрбары (Ann Arbor), у ЗША, працуе дацэнтам на катэдры сацыялёгii ва Ўнівэрсытэце Заходняга Мічыгану (Western Michigan University), плённа займаецца навукай, у прыватнасьці, гендарнымі і нацыянальнымі праблемамі. Дасьледчыца летась у верасьні прыяжджала ў Варшаву, на VII Міжнародны кангрэс дасьледчыкаў Беларусі. Тады адбылося наша знаёмства. А цяпер я папрасіў сп-ню Гапаву расказаць пра сваю маці — сп-ню Валянціну.

Алена
Алена Гапава Фота: архіў Алены Гапавай

Алена Гапава: Маці ў 1940 годзе, пасьля таго, як скончыла з залатым мэдалём школу ў Віцебскай вобласьці, паступіла на філялягічны факультэт Ленінградзкага ўнівэрсытэту, які скончыла ў 1946 годзе.

Яна перажыла блякаду Ленінграду...

Ленінградзкі ўнівэрсытэт быў бадай адной з найлепшых у сьвеце навучальных устаноў, бо там тады выкладалі такія асобы, як Жырмунскі, Гукоўскі, Тамашэўскі. Там вывучаліся расейская і замежныя мовы і літаратуры — ангельская, француская, нямецкая. А ў другой палове 1940-х гадоў было вырашана адкрыць славянскае аддзяленьне. Мне здаецца, гэта было зьвязана з тым, што зьявіўся “сацыялістычны блёк” і трэба было наладжваць адносіны з суседзямі. Дзяржава, мабыць, была зацікаўлена ў тым, каб былі спэцыялісты, якія ведаюць гэтыя краіны і культуры. У складзе славянскага аддзяленьня адкрылася польскае.

Мая маці навучылася польскай мове ад чалавека, які быў родам з Польшчы або Заходняй Беларусі, яго роднай мовай была польская. Маці пайшла на польскае аддзяленьне, паколькі ведала беларускую і лічыла, што гэта блізкая культура. А потым, дарэчы, калі абараніла дысэртацыю, упершыню чытала курс польскай літаратуры ў Ленінградзкім унівэрсытэце.

Як творчасьць Ажэшка стала тэмай кандыдацкай дысэртацыі Валянціны Гапавай?

А. Гапава: Мне здаецца, шукалі тэму, якая мела б адносіны да сучаснасьці. Матчыным навуковым кіраўніком быў Павел Навумавіч Беркаў, знакаміты літаратуразнавец, але ён не заўмаўся польскай культурай. Падчас напісаньня дысэртацыі маці езьдзіла ў Вільню, працавала там у архівах. У сярэдзіне 1950-х гадоў маці пераехала ў Менск. У 1960-я гады ў Акадэміі навук Беларускай ССР існаваў сэктар літаратурных узаемасувязей. І там былі людзі, якія займаліся чэскай і югаслаўскімі літаратурамі. А маці займалася польскай.

Валянціна
Валянціна Гапава. Ленінград, не пазьней за сярэдзіну 1950-х гг. Фота: архіў Алены Гапавай

Кім была Ажэшка для вашай маці?

А. Гапава: Маці казала, што Ажэшка яе ўсё жыцьцё “карміла” і заўсёды захаплялася гэтай жанчынай. Яна расказвала мне ня толькі пра творчасьць Ажэшка, але і пра іншыя аспэкты яе жыцьця. Пра тое, што Ажэшка, знаходзячыся пад наглядам паліцыі пасьля паўстаньня 1863 году і ня маючы прафэсіі, зарабляла на жыцьцё літаратурнай працай, выступала са сьмелымі эсэ. Пра тое, што амаль усё жыцьцё жыла не з мужчынам, зь якім была абвянчана, а зь іншым. (У 1858 годзе Эльжбета Паўлоўская пабралася зь Пятром Ажэшка, а ў 1894 годзе выйшла замуж за Станіслава Нагорскага.) Ажэшка для маці была прыкладам моцнай, адукаванай, таленавітай жанчыны.

Чаму, на вашу думку, Эліза Ажэшка дагэтуль ня ўпісана ў беларускі нацыянальны наратыў? На ўзроўні масавай сьвядомасьці няма такой “беларускай пісьменьніцы” ў тым сэнсе, што яна родам зь беларуска-літоўскага этнічнага арэала і шмат пісала пра гэтыя мясьціны. І ў той жа час яна — добра вядомы ў Польшчы клясык. Ці можа Ажэшка “вярнуцца” на сваю бацькаўшчыну?

А. Гапава: Маці пісала ў сваёй дысэртацыі пра “беларускія аповесьці” Ажэшка, у якіх "жыве" беларускі народ. Шляхта была польская, размаўляла на польскай мове, а народ, які гаварыў на простай мове, — гэта ж былі беларусы. Ажэшка гэта асэнсоўвала, яна гэта ведала. Але побач жылі людзі, якія гаварылі і па-польску, і па-літоўску, і па-габрэйску.

Вы ставіце слушнае пытаньне. Але яно вельмі складанае. Трэба глыбока асэнсаваць, як уключыць такіх постацей, як Ажэшка, у беларускі “канон”. Здаецца, гэта павінна быць задачай тых людзей, якія цяпер працуюць у Беларусі: адказаць на пытаньне, як, гледзячы на вялікіх асоб, як Ажэшка, прышчапіць беларусам адчуваньне таго, што яны і “нашы” таксама. Цяпер пра гэта можна гаварыць, пісаць, друкаваць. Але як вырашацца гэтыя пытаньні, залежыць, мабыць, ад нас усіх.

Віктар Корбут

Слухайце, калі ласка, далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт