Logo Polskiego Radia
Print

Польскія жанчыны стомленыя жаданьнем быць ідэальнай ва ўсім

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 28.05.2018 19:14
"Мы самі ўганяем сябе ў гэтую схему, не мужчыны, не дрэнны сьвет"...
ww.pixabay.com/CC0 Creative Commons

Калісьці мацярынства было для жанчыны элемэнтарнай справай. Ужо маленькія дзяўчынкі ведалі, што іх роля ў жыцьці – стаць жонкай і маці. Калі гэтага жанчыне не ўдалося зьдзейсьніць да нейкага акрэсьленага ўзросту, яна займала самую нізкую прыступку ў грамадзкай герархіі. Цяпер перад жанчынамі адкрытыя вялізныя магчымасьці, што можа выклікаць фрустрацыю. Чаму – высьвятляе НГ

Некалькі дзён таму, 26 траўня, у Польшчы адзначаўся Дзень маці. З гэтае нагоды дзеці дарылі сваім мамам падарункі і шмат цёплых слоў, а ў СМІ паяўлялася нямала інфармацыі пра тое, як выглядае сёньня роля жанчыны, маці, жонкі. Сёньня жанчыны могуць выбіраць, чым займацца ў жыцьці – могуць рабіць прафэсійную кар’еру, могуць нараджаць дзяцей, а ад працы адмовіцца, могуць спрабаваць спалучыць адно і другое. І менавіта гэтае мноства шанцаў выклікае часта раздражненьне і стомленасьць. Так, як мы часам маем цяжкасьці ў краме з выбарам прадукту з 30 выстаўленых на паліцы, так і сярод жыцьцёвых роляў цяжка выбраць адну самую важную. Жанчыны вельмі кахаюць сваіх дзяцей, для іх патомства заўсёды знаходзіцца на першым месцы, асабістае разьвіцьцё сыходзіць на другі плян. Калі б жанчыны навучыліся лепш дамаўляцца паміж сабой, яны маглі б зьмяніць сьвет, – кажа Катажына Паўлікоўска, якая напісала кнігу «Я – жанчына».

К. Паўлікоўска: Я ўпэўненая, што калі б мы, полькі, адклалі на паліцу наша пачуцьцё, што мы заўсёды маем рацыю, селі за стол і пачалі размаўляць з іншымі жанчынамі, то атрымалася б з гэтага шмат добрых рэчаў. Перад намі сапраўды вялікі шанец зьмяніць сьвет. Ніколі раней у гісторыі, ня толькі ў Польшчы, але таксама ў сьвеце, жанчыны не адыгрывалі такой важнай ролі, як цяпер. Жанчыны павінны паверыць у сябе. Жанчыны, давайце аб’яднаем сілы, незалежна аб узросту і перакананьняў, і нешта зробім!

Польскія жанчыны вельмі кахаюць сваіх дзяцей, яны ўсё робяць для іх дабра. Але пры гэтым яны часта адчуваюць расчараваньне, пачуцьцё, што ім не ўдаецца дасягнуць таго, чаго хацелі б, паяўляецца фрустрацыя, – адзначае аўтарка кніжкі пра жанчын.

К. Паўлікоўска: Полькі – вельмі добрыя маці, але пры гэтым яны адчуваюць, што ім шмат не ўдаецца. Як правіла полькі ставяць ролю маці на першым месцы, далей ідзе роля хатняй гаспадыні, далёка за ёй паяўляецца месца на асабістае разьвіцьцё. Маці спрабуюць быць ідэальнымі на ўсіх палях. Мы самі ўганяем сябе ў гэтую схему, не мужчыны, не дрэнны сьвет, не палітыка. Жанчынам здаецца, што ўсё залежыць ад іх, калі яны чагосьці не зробяць, то ня зробіць ніхто. Яны вельмі адказныя, але пры гэтым немагчыма зрабіць усё, таму паяўляецца пачуцьцё віны. Жанчыны, перакладвайце частку абавязкаў на вашых мужчын! Не заўсёды бывае так, што яны ня хочуць дапамагаць, часта жанчыны ім не дазваляюць. Мужчына раз, другі, трэці дрэнна падсмажыў катлету або недакладна памыў падлогу, і жанчына пачынае браць усё на сябе, бо яна ж зробіць лепш.

Немагчыма займацца ўсім і ўсімі, таму жанчыны павінны сьвядома і спакойна адмаўляцца ад пэўных рэчаў, без пачуцьця віны. І знаходзіць час для сябе – кажа Катажына Паўлікоўска.

К. Паўлікоўска: Калі мы хочам быць зьдзейсьненымі і шчасьлівымі, то мы павінны знайсьці час толькі для сябе, рэалізаваць сябе. Дзень мамы здараецца не адзін раз у год, ён павінен быць кожны дзень. Мы павінны даваць цудоўны прыклад нашым дзецям, як рэалізаваць свае мары і як зьдзяйсьняць сябе ў жыцьці.

Пра жыцьцё жанчын у Польшчы разважала аўтарка кніжкі «Я – жанчына» Катажына Паўлікоўска. Дарэчы, загаловак выданьня на польскай мове гучыць «Yestem kobietą», а слова «jestem» пішацца не праз літару j, як павінна быць на польскай мове, а праз y, адсюль выходзіць на пачатку ангельскі выраз «yes», што азначае «так». Вось такая гульня слоў, якая павінна выклікаць у жанчын пачуцьцё гонару за тое, што яны – жанчыны і павысіць іх пачуцьцё ўласнай годнасьці.

І Пр. ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт