Logo Polskiego Radia
Print

Нават у аптэцы каля 1% лякарстваў - падробленыя або ўкрадзеныя

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 08.06.2018 14:32
Падрабляюць прэпараты на пахудзеньне і ад імпатэнцыі, а нават антыбіётыкі і анкалягічныя лекі.
pixabay.com/Public Domain CC0

У выданьні «Dziennik Gazeta Prawna» вялікае інтэрвію з прафэсарам з Аддзяленьня біяаналізу і аналізу лякарстваў, кіраўніком Працоўнай групы па пытаньнях падробкі лекаў Фармацэўтычнага факультэту Варшаўскага мэдычнага ўнівэрсытэту Збігневам Фіялэкам (Zbigniew Fijałek).

Словы прафэсара выклікаюць сур’ёзнае занепакаеньне. Гаворка ідзе пра падробленыя лекі. Па інфармацыі Фіялэка, кожны дзень тысячы палякаў купляюць у аптэках, як правіла праз інтэрнэт, фальшывыя лякарствы. У найлепшым выпадку яны выкідваюць грошы ў балота, калі лек не пашкодзіць іх здароўю. У Польшчы няма дакладных дадзеных, але амэрыканцы правяраюць кожны год, колькі інтэрнэт-аптэк вядзе сваю дзейнасьць легальна. Гэта толькі два адсоткі. Так што можна дапускаць, што 98% аптэк, якія гандлююць мэдычнымі прэпаратамі ў сеціве, належаць да махляроў.

Якія лекі часьцей за ўсё падрабляюць ашуканцы? Гэта прэпараты на пахудзеньне ды ад імпатэнцыі, але падрабляюць нават антыбіётыкі і лякарствы ад анкалёгіі. Калі пацыент пачне прымаць такія лекі, то ён проста памірае, паколькі на самой справе яны зусім ня лечаць. Дрэнныя наступствы можа прынесьці нават лякарства, якое было не падробленае, а ўкрадзенае, і захоўвалася ў няправільных умовах. Некаторыя прэпараты набываюць таксычныя ўласьцівасьці, калі захоўваюцца ў высокай тэмпэратуры, без лядоўні.

Год таму ў Каронаве каля Быдгашчы была адкрытая бадай самая буйная ў Эўропе фабрыка падробленых мэдычных прэпаратаў. Цягам некалькіх гадоў у ёй выраблялі лякарствы чатырох буйных фармацэўтычных канцэрнаў. Яна была аснашчаная 90 вельмі сучаснымі, прафэсійнымі машынамі, якія выраблялі таблеткі, а нават ампулы. У Кітаі ды Індыі такіх фабрык вельмі шмат, яны закідваюць падробленымі лекамі цэлы сьвет.

Dziennik Gazeta Prawna/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт