Logo Polskiego Radia
Print

Ці падчас чэмпіянату сьвету па футболе пачнецца шырокамаштабная вайна?

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 12.06.2018 12:31
І Масква, і Кіеў падазраюць, што другі бок можа рыхтаваць правакацыю на Данбасе.
Пасяджэньне нармандзкай кантактнай групыПасяджэньне нармандзкай кантактнай групыPAP/EPA/CLEMENS BILAN

У панядзелак у Бэрліне адбылася сустрэча міністраў замежных спраў Францыі, Нямеччыны, Украіны і Расеі – паведамляе «Rzeczpospolita». Прадстаўнікі краін гэтак званай нармандзкай чацьвёркі ня бачыліся апошнія паўтара году, а цяпер яны вяртаюцца да тэмы ваеннага канфлікту ва Ўкраіне. Зноў закраналася тэма менскіх пагадненьняў, аніводзін пункт якіх ня быў поўнасьцю выкананы.

Па дарозе ў нямецкую сталіцу ўкраінскі міністар казаў, што ён хоча весьці перамовы пра міжнародную міратворчую місію ў Данбасе і вызваленьне ўкраінскіх ваеннапалонных. У сваю чаргу Расея выступае супраць такой місіі. На яе думку, гэта была б сілавая апэрацыя ўвядзеньня міру. Расейскі дыплямат заявіў, што ён намераны прапанаваць іншы варыянт: найперш Украіна прысвойвае адмысловы статус сэпаратысцкім рэгіёнам Данбасу і праводзіць там мясцовыя выбары, а пазьней з Данбасу выводзяць расейскія войскі. І толькі тады Ўкраіна магла б вярнуць кантроль над сваёй мяжою. У Кіеве мяркуюць, што такія саступкі з боку Ўкраіны азначалі б дэ-факта яе капітуляцыю перад Расеяй.

«Як можна праводзіць выбары, калі там ідзе вайна? Самым важным для Ўкраіны зьяўляецца вывад расейскіх жаўнераў і наёмнікаў. Толькі тады можна казаць пра выкананьне палітычнай часткі менскіх дамоўленасьцяў», – кажа кіеўскі палітоляг Аляксандр Палій.

Украінцы баяцца, што Расея можа рыхтаваць масавае наступленьне на Данбасе. Тэма закраналася падчас апошняй тэлеканфэрэнцыі Пуціна. Адказваючы на пытаньне, ён згадаў пра магчымую правакацыю з боку Ўкраіны. На думку вайсковага аналітыка Аляксея Арэстовіча, прэзыдэнт мог такім чынам рыхтаваць расейцаў да эскаляцыі канфлікту. «Перамовы ў Бэрліне могуць стрымаць шырокамаштабную вайну», – адзначае расейскі палітоляг Сяргей Маркаў. На ягоную думку, гэта Кіеў рыхтуе правакацыю, каб сарваць чэмпіянат сьвету па футболе.

Rzeczpospolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт