Logo Polskiego Radia
Print

Улады ня супраць рэстарану ў Курапатах

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 18.06.2018 15:55
  • рэстаран-Курапаты.mp3
Грамадзкасьць пратэстуе супраць нігілізму бізнэсоўцаў, якім патурае ўлада.
Foto: Павал Севярынец/www.facebook.com

У ахоўнай зоне ўрочышча Курапаты пачаў працаваць рэстаран. Грамадзкія актывісты пратэстуюць супраць «забавы на касьцях» і дамагаюцца адкрыцьця ў Курапатах сапраўднага мэмарыялу ды музэя. Улады не сьпяшаюцца вырашаць дадзены канфлікт.

Курапаты сталі сымбалем беларускага адраджэньня. Адкрыцьцё гісторыкамі фактаў масавых расстрэлаў НКВД у лесе пад Менскам абудзіла грамадзкую сьвядомасьць пры канцы 1980-ых гадоў, дэманструючы злачынны характар камуністычнай улады. Аднак мэмарыялу памяці ў Курапатах не зьявілася. Беларускія ўлады доўгі час увогуле адмаўлялі прызнаць факт савецкіх расстрэлаў у Курапатах. Шмат разоў яны спрабавалі давесьці, што ў Курапатах расстрэльвалі немцы. На пачатку 2000-х у Курапатах высілкамі людзей зьявіўся Народны Мэмарыял, калі людзі самі ўсталёўвалі крыжы, у выніку за некалькі гадоў ва ўрочышчы зьявілася больш за паўтысячы крыжоў.

Гэтая памяць выклікала ня раз нэгатыўную рэакцыю з боку невядомых. Крыжы шмат разоў ламалі, нішчылі, а міліцыя ніколі не знаходзіла спраўцаў. Паралельна з гэтым пайшоў працэс забудоўваньня Курапатаў. Спачатку ўлады хацелі пракласьці на месцы пахаваньняў Менскую кальцавую, потым пабудаваць побач катэджны пасёлак, забаўляльную ўстанову «Бульбаш-хол», бізнэс-цэнтар ды зноў рэстаран. Усяго 5 розных спробаў за апошнія 18 гадоў, замест таго, каб стварыць там мэмарыял ды музэй памяці, як зрабілі ў Расеі, адкрыўшы Музэй гісторыі ГУЛАГа ды палітычных рэпрэсій. Пра іншых суседзяў нават можна не казаць: Летува, Латвія ды Ўкраіна адкрылі савецкія архівы, апублікавалі сьпісы ахвяр ды ўшаноўваюць памяць загінулых.

Чаму толькі ў Менску ўлады дэманструюць адваротны падыход – рознымі спосабамі імкнуцца справу рэпрэсій замоўчваць. Пра гэта мы размаўляем з палітолягам Паўлам Усавым.

Слухайце размову ў гукавым файле

Размаўляў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт