Logo Polskiego Radia
Print

Польшча — самая рэлігійная краіна сьвету

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 22.06.2018 15:15
Больш прывязаны да веры толькі жыхары Грузіі і Ганы.
Фота: pixabay.com/pixel2013

Дасьледчы цэнтар Pew Research Center вывучыў узровень рэлігійнасьці ў 106 краінах сьвету. Дасьледаваньні паказалі падзеньне рэлігійнасьці ў Польшчы, асабліва сярод маладых людзей — ва ўзросьце да 40 гадоў.

У групе людзей старэйшых за 40 год 40 працэнтаў дэкляруе, што рэлігія вельмі важная ў іх жыцьці. А сярод маладых такіх толькі 16 працэнтаў.

І тым ня менш, Польшча застаецца адной з самых рэлігійных краін сьвету. Яна апярэджвае Грэцыю, Чылі, Румынію, Партугалію і Лібан. Больш прывязаны да рэлігіі толькі жыхары Грузіі і Ганы.

Штотрэці ксёндз у Эўропе — гэта паляк.

Аднак у сэмінарыі паступае ўсё менш жадаючых. А ў некаторых дыяцэзіях усё менш высьвячаецца новых ксяндзоў, і ўсё больш сьвяшчэньнікаў сыходзіць на пэнсію.

У кастрычніку папа Францішак склікае сынод прысьвечаны моладзі. Яго будучыя ўдзельнікі ўжо атрымалі рабочы дакумэнт пад назвай Instrumentum laboris. У дакумэнце сьцьвярджаецца, што скандалы ў касьцёле, у тым ліку сэксуальныя, выклікалі падзеньне даверу да рэлігійнай установы ў вачах маладых людзей. У той жа час аўтары дакумэнта гавораць пра тое, што касьцёл павінен зьмірыцца з такімі тэмамі, як гомасэксуалізм або гендар, бо маладыя людзі і без таго абмяркоўваць гэтыя праблемы: свабодна і без табу.

Gazeta Wyborcza/vk

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт