Logo Polskiego Radia
Print

Дзякуючы магчымасьцям віртуальнага сьвету лягчэй даведацца пра пагрозы

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 10.07.2018 09:00
  • бясьпечны паляк.mp3
Ініцыятыва "Бясьпечны паляк" распрацаваная. капб інфрамаваць людзей аб небясьпецы.
Photo: pixabay.com

Лета – час канікул у школьнікаў, студэнтаў, і таксама пара водпускаў для пераважнай большасьці супрацоўнікаў розных прадпрыемстваў. Многія палякі ў гэтую пару выяжджаюць за мяжу на адпачынак або падарожнічаюць па Польшчы. Важна, каб яны адчувалі сябе бясьпечна. З думкаю пра павышэньне бясьпекі людзей была прыдуманая праграма «Бясьпечны паляк».

Падчас прабываньня за мяжою, а таксама ў падарожжы па сваёй дзяржаве, падчас летняга адпачынку, могуць здарыцца розныя непрыемныя сытуацыі. Варта пра гэта ведаць, аб чым можа паведаміць ініцыятыва «Бясьпечны паляк». Чым зьяўляецца праект «Бясьпечны паляк», у чым ён заключаецца і як можа дапамагчы жыхарам Польшчы падчас падарожжа, – распавядзе Дамінік Карбоўскі з фірмы «Selectivv».

Д. Карбоўскі: Праграма «Бясьпечны паляк» – гэта грамадзкая ініцыятыва, створаная дзеля таго, каб інфармаваць палякаў, якія знаходзяцца як у Польшчы, так і за мяжою, пра розныя пагрозы. Наша фірма займаецца маркетынгам, зборам і аналізам дадзеных. Мы ўмеем адрозьніць палякаў за мяжой ад прадстаўнікоў іншых нацый, паколькі ў іх тэлефонах ёсьць польская мова. У выпадку небясьпечнай сытуацыі праграма ўключае адмысловаю сыстэму, якая замест рэклямаў высылае на тэлефон інфармацыю аб пагрозах. Праграма дае магчымасьць на адмысловым сайце пазнаёміцца з усёй даступнай інфармацыяй з сацсетак і зьвязацца з бліжэйшым консульскім аддзелам або адміністрацыяй.

Трэба адзначыць, што сыстэма не высылае, скажам, смс-паведамленьняў пра ўзьніклую небясьпечную сытуацыю. Каб атрымаць інфармацыю, трэба карыстацца інтэрнэтам, але ня трэба мець адмысловага прыкладаньня на смартфоны, і ня трэба рэгістравацца.

Д. Карбоўскі: Сыстэма поўнасьцю пасіўная. Мы не высылаем камунікатаў тыпу смс-паведамленьне, карыстальнік сотавай сувязі можа ёй карыстацца без праходжаньня працэсу рэгістрацыі. У гэтым адрозьненьне нашай сыстэмы ад сыстэм, якія ўжо працуюць. Яны, канешне, дзейнічаюць эфэктыўна, але высылаюць інфармацыю толькі тым карыстальнікам, якія раней зарэгістраваліся або купілі прыкладаньне. Наша сыстэма працуе інакш, чалавек можа праглядаць, скажам, спартыўныя сайты або нешта іншае ў інтэрнэце. І пры гэтым атрымае інфармацыю пра пагрозу, калі знаходзіцца ў рэгіёне пагрозы. Ня трэба мець прыкладаньня, дастаткова ўвайсьці ў сеціва.

Інфармацыю пра небясьпечную сытуацыю можна атрымаць усюды на сьвеце, незалежна ад таго, у якой краіне чалавек будзе знаходзіцца. Адзінае патрабаваньне – мець уключаны інтэрнэт.

Д. Карбоўскі: Няма ніякіх геаграфічных абмежаваньняў. Адзіная ўмова – трэба мець інтэрнэт у тэлефонным апараце або на кампутары. Мы высунулі ўжо ініцыятыву, але цяпер знаходзімся на этапе пошуку партнэраў, тэхналягічных фірмаў, якія дапамаглі б нам інфармаваць карыстальнікаў больш актыўным чынам, высылаючы смс-паведамленьне. Магчыма, у дадзены момант нехта працуе над тэхналёгіяй, якая вядомая толькі яму, і якая магла б палепшыць бясьпеку палякаў за мяжою, а можа нават выратавала б камусьці жыцьцё.

Шырокі розгалас сыстэма атрымала цяпер, але яна дзейнічае ўжо два гады. Усё пачалося з таго, – кажа Дамінік Карбоўскі, – што ён ня мог зьвязацца са знаёмымі, якія былі ў Ніцы тады, калі там здарыўся тэрарыстычны акт. Уключаючы сыстэму, на працягу гадзіны ўдалося навязаць кантакт з 26 палякамі, якія былі на дадзенай тэрыторыі, у радыюсе чатырох кілямэтраў ад эпіцэнтру здарэньня.

З кампаніяй «Selectivv» супрацоўнічае іншая фірма – «Sentione». Гаворыць Рафал Мязга з гэтага прадпрыемства.

Р. Мязга: Для патрэбаў ініцыятывы «Бясьпечны паляк» «Sentione» высылае аналіз, зроблены на падставе выказваньняў карыстальнікаў інтэрнэту. Скажам, мы заўважаем рост колькасьці дыскусій у інтэрнэце на дадзеную тэму. Тады мы высылаем прадстаўнікам кампаніі «Selectivv» інфармацыю, што нешта адбываецца, трэба правесьці праверку і, магчыма, паведаміць палякаў за мяжой пра патэнцыйную пагрозу. Мы аналізуем выказваньні інтэрнэт-карыстальнікаў паводле раней абранага ключа. Гэта як тэракт, так і стыхійнае бедзтва.

Ініцыятывай «Бясьпечны паляк» цікавіцца Міністэрства замежных спраў Польшчы. Магчыма, дзякуючы супрацоўніцтву МЗС з аўтарамі праграмы ўдасца распаўсюдзіць болей шырока інфармацыю пра магчымасьць атрыманьня зьвестак аб небясьпечных сытуацыях як за мяжой, так і ў Польшчы. Нагадаю, дадзеная сыстэма мае перавагу над іншымі падобнымі праграмамі, паколькі ня трэба праходзіць працэдуры рэгістрацыі або мець адмысловае прыкладаньне, трэба толькі падключыцца да інтэрнэту.

ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт