Logo Polskiego Radia
Print

Палякі і беларусы арганізавалі ў Горадні школу для студэнтаў (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 29.06.2018 18:15
  • 0629 Школа ВУ у Горадні.mp3
Катэдра міжкультурных дасьледаваньняў Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы Варшаўскага ўнівэрсытэту прапануе новыя формы адукацыі.
Удзельнікі летняй школы ў ГорадніУдзельнікі летняй школы ў ГорадніФота: Растыслаў Крамар

У Горадні беларусы разам з палякамі арганізавалі першую міжнародную летнюю школу для студэнтаў. Навучэнцы Варшаўскага ўнівэрсытэту прыехалі ў беларускі горад і ня толькі паслухалі мясцовых выкладчыкаў, але і наведалі многія музэі і нават пабывалі на археалягічных раскопках.

Летняя школа пры Гарадзенскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Янкі Купалы адбылася ў чэрвені па ініцыятыве катэдры міжкультурных дасьледаваньняў Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы Варшаўскага ўнівэрсытэту.

Юры
Юры Грыбоўскі. Фота: Tadeusz Poźniak

Паводле слоў выкладчыка катэдры прафэсара Юрыя Грыбоўскага ўжо даўно высьпявала думка пра тое, што трэба даваць студэнтам ня толькі тэарэтычныя веды пра гісторыю і культуру беларуска-польскага памежжа, але і на практыцы знаёміць з рэгіёнам.

Летняя школа ў Горадні стала вынікам рэалізацыі праграмы Варшаўскага ўнівэрсытэта па індывідуалізацыі адукацыі.

Польскую ВНУ падчас правядзеньня школы ў Горадні прадстаўляў супрацоўнік катэдры міжкультурных дасьледаваньняў Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы Растыслаў Крамар.

Растыслаў
Растыслаў Крамар. Фота: polskieradio.pl

Растыслаў Крамар: Гэта быў наватарскі праект. Мы ўпершыню арганізавалі такую школу. Але вярнуўшыся зь Беларусі, мы перакананы, што працяг гэтай справы будзе. У Горадню езьдзіла група нашых студэнтаў — палякаў, а таксама японка, якая цікавіцца ня толькі Польшчай, але і Беларусьсю. У Горадні супрацоўнікі мясцовага ўнівэрсытэту — гісторыкі — склалі для нас праграму, якая ўключала як лекцыі, так і заняткі па-за ВНУ. Гэта была цудоўная ідэя. Нашы студэнты, якія цікавяцца Беларусьсю, а таксама вывучаюць беларускую мову, атрымалі магчымасьць наведаць гарадзенскія ўстановы, якія займаюцца гісторыяй, літаратурай. Гэта былі пяць дзён зь вельмі насычанай праграмай ад раніцы да вечара.

На думку Юрыя Грыбоўскага, з усіх беларуска-польскіх адукацыйных праектаў апошняга часу сёлетняя школа ў Горадні вылучаецца нестандартным падыходам да працы са студэнтамі.

28 чэрвеня ў Варшаву з Горадні вярнуліся студэнты і кіраўнік школы з польскага боку Растыслаў Крамар. Больш за ўсё іх уразілі экскурсіі па Горадні, якія праводзілі тамтэйшыя гісторыкі Сяргей Піваварчык, Аляксандар Горны, Сьвятлана Марозава, а таксама гарадзенец, выкладчык Варшаўскага ўнівэрсытэту Вячаслаў Швед.

Растыслаў Крамар: Мы наведвалі вялікія і малыя музэі, натуральна, пабывалі ў музэі гісторыі рэлігіі, Элізы Ажэшка. Але найбольш уразіла наведваньне сакральных аб’ектаў. Гідамі па храмах выступалі гарадзенскія гісторыкі, якія дасьледуюць пэрыяд сярэдневякоўя, Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай. Гэта было штосьці большае за экскурсіі. Гэта былі сэмінары. Нам паказвалі месцы, якія звычайны турыст ня ўбачыць. Мы пачулі інфармацыю, якую маглі атрымаць толькі ад прафэсійных гісторыкаў. Мы таксама наведалі археалягічныя раскопкі, што было вельмі цікава нашым студэнтам. Яны маглі пагаварыць з археолягамі, патрымаць рэчы, знойдзеныя якраз у апошнія дні.

Удзельнікі
Удзельнікі летняй школы ў Горадні. Фота: Растыслаў Крамар

Супрацоўнкі катэдры міжкультурных дасьледаваньняў Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы Варшаўскага ўнівэрсытэту атрымалі пазытыўныя водгукі пра школу ад студэнтаў і задаволены супрацоўніцтвам з калегамі ў Горадні. Наступны крок — распрацоўка новых праграм для чарговых школ.

Растыслаў Крамар упэўнены, што варшаўскія студэнты павінны яшчэ ня раз наведаць Горадню, бо гэты горад мае вялікі патэнцыял для польска-беларускіх навуковых сувязей.

Растыслаў Крамар: Фактычна ўсе студэнты казалі, што абавязкова яшчэ вернуцца ў Горадню. А такія паездкі і сустрэчы дапамагаюць пазбавіцца ад пэўных мітаў, стэрэатыпаў. Калі толькі зьявілася ініцыятыва правядзеньня школы ў Горадні, то некаторыя студэнты неахвотна ў яе запісваліся, бо ім задавалася, што пасьля лекцый у Варшаўскім унівэрсытэце пачнуцца чарговыя — летам — у гарадзенскім. Аднак паездка ў Горадню зьмяніла ўяўленьні студэнтаў пра магчымасьці сучаснай адукацыі. Большасьць заняткаў праходзіла на дварэ. І наша група была гэтым захоплена. Студэнты казалі, што якраз такіх заняткаў ім бракуе. Што трэба праводзіць больш такіх лекцый. У выніку зьявіліся новыя ідэі па арганізацыі навучальнага працэсу ў Варшаве.

Удзельнікі
Удзельнікі летняй школы ў Горадні. Фота: Растыслаў Крамар

Цяпер катэдра міжкультурных дасьледаваньняў Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы Варшаўскага ўнівэрсытэту рыхтуе чарговую школу, якая ў верасьні пройдзе ў Львове, ва Ўкраіне.

Віктар Корбут

Слухайце, калі ласка, далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт