Logo Polskiego Radia
Print

Дзяцей і моладзь вучаць правільна паводзіць сябе на вадзе

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 03.07.2018 17:46
  • 03.07-вада-грам-ок.mp3
Практыка больш падабаецца дзецям, чым нудная сухая тэорыя.


Photo: uwekern/pixabay.com/CC0 Public Domain

На двары лета, здараюцца дні з гарачым надвор’ем, людзі часта выяжджаюць адпачываць на мора, возера, на раку. Мы любім праводзіць летам свабодны час на вадзе. Часта адпачынак суправаджаецца вялікай колькасьцю алькаголю, а гэта ўжо можа закончыцца трагедыяй.

Кожны год выратавальнікі папярэджваюць летам турыстаў, каб не ўваходзіць у ваду ў невядомых месцах, каб ня піць алькаголю перад плаваньнем, не скакаць у ваду ўніз галавой там, дзе не праверанае дно. Гэтыя парады ведаюць, бадай, усе, але і так кожны год здараецца нямала трагедый. Людзі тонуць, становяцца калекамі на ўсё жыцьцё.

У Польшчы ў адным толькі траўні патанулі 62 асобы. Было цёпла, добрае надвор’е. А чым лепшае надвор’е, тым больш ахвяраў. Найбольш людзкіх жыцьцяў забіраюць рэкі, паколькі з хуткай плыньню ракі можа не справіцца нават добры плывец. Агулам у рэках лепш ня плаваць, – кажа інструктар выратаваньня на вадзе Ежы Бурскі.

Е. Бурскі: Хуткая плынь ракі забірае кожнага, ці хтосьці ўмее плаваць, ці не. Добры плывец можа і справіцца, падплыве да берага, але дрэннага рака занясе ў такое месца, дзе ўжо няма выратаваньня. Нават калі мы ведаем дадзенае месца на рацэ, і нам здаецца, што там мелка, бо так было ўчора, то гэта можа мяняцца, сёньня ўжо можа быць на паўмэтра глыбей, паколькі цячэньне пастаянна мяняе форму дна, капае вельмі небясьпечныя глыбокія ямы.

Тэорыя тэорыяй, але самая важная практыка. Тэарэтычна мы ўсе ведаем, як паводзіць сябе на вадзе, але ня ўсе змогуць правільна дзейнічаць, калі здарыцца нешта дрэннае. Таму Адмысловая група вадалазаў Польшчы вырашыла правесьці падрыхтоўку для дзяцей, практычныя курсы на вадзе. Вадалазы паказалі, як сябе паводзіць у экстрэмальных сытуацыях ужо больш за тысячы дзяцей з рэгіёну Вармія і Мазуры. Практыка больш падабалася дзецям, чым нудная сухая тэорыя. Галоўная задача – навучыць дзяцей правільнай рэакцыі, каб не было панікі, – гаворыць Мацей Рокус, кіраўнік групы вадалазаў.

М. Рокус: Мы выпрацоўваем бясьпечныя навыкі. Гэта галоўная задача нашых курсаў. Гаворка ідзе пра бясьпечныя паводзіны на моры, возеры, рацэ. Мы паказваем маладым людзям, як выглядае рэчаіснасьць на вадзе, як сябе паводзіць, калі здарыцца нешта неардынарнае. Мы хочам выпрацаваць у іх правільную рэакцыю, каб дзіця, малады чалавек мог прыняць правільнае рацыянальнае рашэньне, каб не было панікі, каб яны ведалі, у якія ўмовы могуць трапіць.

Выратавальнік Ежы Бурскі зьвяртае яшчэ ўвагу на тое, што падчас плаваньня ў працэсе дыханьня бяруць удзел іншыя цягліцы, чым падчас дыханьня ў іншым асяродзьдзі, чым вада. Таму перад тым, як выехаць летам на вадаём, неабходна хаця б крыху падрыхтаваць гэтыя мускулы да працы.

Е. Бурскі: Вельмі істотная ўвага: калі мы пачынаем летні сэзон, а не плавалі цэлы год, то нашы цягліцы, якія працуюць падчас дыханьня ў вадзе, вельмі слабыя. Вада – гэта адзіная асяродзьдзе, у якім гэтыя мускулы працуюць, паколькі на паветры мы дыхаем бязь ведама, само сабою, а ў вадзе ў гэты працэс уключаюцца адмысловыя цягліцы. Калі яны слабыя, бо мы не трэніраваліся, то ўжо празь некалькі мэтраў у вадзе нам здаецца, што паміраем. Я ўжо не кажу пра плаваньне пад вадой або плаваньне на доўгія дыстанцыі, да якога неабходна старанна падрыхтавацца перад сэзонам. Так што перад тым, як паедзем у водпуск, варта пайсьці ў басэйн і гэтыя цягліцы патрэніраваць.

Галоўная прычына ўтапленьня – гэта тэрмічны шок, праз ледзяную ваду, да якой не прывыкла наша цела, – адзначае Мацей Рокус.

М. Рокус: Вада халодная, крывяносныя сасуды курчацца, сэрца ня можа перапампоўваць нармальна кроў. Паяўляецца шок. Чарговая справа – скокі ў ваду, адна з важных прычын утапленьня. Я ня супраць таго, каб скакаць, але трэба гэта рабіць разумна. Па-першае, трэба ўвайсьці ў ваду раней, каб пазьбегнуць тэрмічнага шоку, па-другое, неабходна праверыць, ці ў гэтым месцы дастаткова глыбока, і праверыць дно, ці на ім нічога няма. Калі мы ўдарымся аб дно ці нешта іншае, можам зламаць хрыбет або атрымаць іншую траўму.

А я жадаю вам, дарагія слухачы, прыемнага адпачынку на вадзе, калі вы зьбіраецеся выехаць адпачываць на вадаём. І нагадваю – у кожных умовах трэба памятаць пра элемэнтарныя правілы бясьпекі.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт