Logo Polskiego Radia
Print

У ЗША ня могуць сабе дазволіць дзяцей

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 09.07.2018 15:15
Ужо два гады ў Амэрыцы нараджаецца вельмі мала дзяцей.
Photo: pixabyw.com

На паўмільёна менш, чым магло б нараджацца, мяркуючы па колькасьці жанчын у дзетародным узросьце. Пра гэта паведамляе Бюро па перапісу насельніцтва.

Тым часам тое, колькі дзяцей нараджаецца, аказвае ўплыў на многія сэктары жыцьця дзяржавы – на адукацыю, рынак працы, на сацыяльную падтрымку.

Надоечы «New York Times» правёў апытаньне для таго, каб вызначыць прычыны скарачэньня колькасьці народзінаў. Зь іх вынікае, што адной з прычын зьяўляецца гендэрная палітыка й тое, што жанчыны ў большай ступені, чым у мінулым, могуць вырашаць ці заводзіць дзяцей і калі іх нараджаць.

Цяжарнасьць, нават у настолькі разьвітай і сучаснай краіне як ЗША, зьяўляецца перашкодай для прафэсійнай кар’еры.

З іншага боку, малая нараджальнасьць зьвязаная з адсутнасьцю пачуцьця фінансавай бясьпекі маладых амэрыканцаў. 64% рэспандэнтаў апытаньня NYT заявілі, што яны вырашылі мець менш дзяцей, чым плянавалі раней таму, што выхаваньне патомства ў ЗША каштуе вельмі дорага. Асабліва вышэйшая адукацыя. Значная частка маладых амэрыканцаў у самастойнае дарослае жыцьцё ўваходзіць з нясплачаным крэдытам на вучобу. Частка апытаных заявіла, што ня хоча мець дзяцей, бо вырашылі падарожнічаць, рабіць кар’еру, вучыцца і г.д.

Сярэднестатыстычная амэрыканка нараджае 1,8 дзіцяці. Такім чынам ЗША ў гэтым пляне становяцца падобнымі да краін Заходняй Эўропы, у якіх на адну жанчыну прыпадае менш, чым двое дзяцей.

Rzeczpospolita/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт