Logo Polskiego Radia
Print

Чалавек не пасьпявае за зьменамі клімату

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 15.07.2018 10:30
  • Чалавек не пасьпявае.mp3
Клімат уплывае на здароўе мільёнаў людзей на плянэце.
Foto: pixabay.com/CC0

Апошнія гады ўсё часьцей спэцыялісты кажуць пра тое, што на Зямлі зьмяняецца клімат.

Палітыкі змагаюцца за тое, каб запаволіць гэтыя зьмены праз больш экалягічнае стаўленьне. Пры гэтым часьцей кажуць пра стан атмасфэры, тэмпэратуру на плянэце, небясьпеку для жывёл. Менш гаворыцца пра ўплыў клімату на здароўе чалавека. Гэты ўплыў ёсьць. Як на яго рэагаваць? Пра гэта размаўлялі госьці Польскага радыё.

На плянэце зьмяняецца клімат. Зьмены – гэта не выдумкі футурыстаў. Паводле дасьледаваньняў навукоўцаў, клімат на Зямлі зьмяняўся ўжо 4 разы. Аднак цяперашнія зьмены нашмат больш імклівыя праз актыўнасьць чалавека. У выніку гэтага на плянэце адбываецца «глябальнае пацяпленьне», да канца стагодзьдзя чакаецца рост тэмпэратуры на 3-4 градусы С.

Гэтыя зьмены ўплываюць ня толькі на плянэту, але і на здароўя чалавека. Дадзены ўплыў вельмі сур’ёзны, ён закранае жыцьці дзясяткаў тысяч людзей, кажа Кшыштаф Енджеўскі з ГА «Кааліцыя клімату».

Кшыштаф Енджеўскі: У першую чаргу ідзецца пра забруджваньне паветра, што ўплывае на здароўе людзей. Разам з тым кліматычныя зьмены – гэта цэлы шэраг чыньнікаў, якія ўплываюць на наша самапачуцьцё. Гэта і хвалі сьпякоты, якія нясуць сьмерць для людзей з праблемамі сэрца ды лёгкіх. Гэта таксама навадненьні, засухі, інфэкцыйныя хваробы, што разносіць жамяра ды жывёлы. Напрыклад, барэліёз, – хвароба, што разносяць кляшчы. За апошнія тры гады колькасьць захворваньняў у Польшчы на яе вырасла з 3 да 14 тысяч у год.

Сытуацыя пагаршаецца тым, што гэта новая справа, большасьць лекараў ёй не займаюцца. Забруджаньні ды кепская экалёгія – гэта справа ХХІ стагодзьдзя, а большасьць лекараў вучыліся ў мінулым стагодзьдзі. Яны не займаліся хваробамі выкліканымі кліматычнымі зьменамі. Патрэбен час, каб сытуацыя зьмянілася, кажа прафэсар з Асацыяцыі хваробаў лёгкіх Тадэвуш Зялёнка.

Тадэвуш Зялёнка: Ня толькі грамадзтва, але й мэдыкі доўгі час не былі сьвядомыя дадзенай праблемы. Справа ў тым, што гэта новая праблема, ХХІ-га стагодзьдзя. Пра ўплыў на здароўе забруджанага паветра мы ведаем толькі апошнія дзесяць год. Гэта мае вялізарнае значэньне. Зірніце, 60% польскіх лекараў у пэнсійным узросьце, што азначае, што яны падчас навучаньня не маглі даведацца пра ўплыў клімату. Вельмі цяжка прабіцца з гэтымі ведамі ў мэдычнае асяродзьдзе. З маіх дасьледаваньняў вынікае, што толькі 20% лекараў маюць адпаведныя веды на гэтую тэму.

Напрыклад, раней сьпёка ў нашым рэгіёне здаралася рэдка – раз на пяць год, цяпер жа пастаянна. У выніку павялічылася запыленасьць паветра. Пыл стаў прычынай сьмерці 7 мільёнаў чалавек штогод, папярэджвае Сусьветная арганізацыя здароўя, кажа прафэсар кліматоляг Зьбігнеў Карачун.

Зьбігнеў Карачун: Клімат забівае. Нядаўна, моцны вецер забіў віцэ-мэра аднаго з польскіх гарадоў. Гэта паказвае, што кліматычныя зьмены небясьпечныя для нас – людзей. Гэтыя пагрозы будуць толькі павялічвацца. Узяць, хаця б сьпёку. Апошняя хваля сьпякоты ў Польшчы прывяла да таго, што сьмяротнасьць у гэты час вырасла на 20% у Варшаве і на 60% у Лодзі. За апошнія гады сьпёка стала пастаяннай зьявай, а не пэрыядычнай, як раней. Тым больш, што ў ЭЗ 25% насельніцтва – гэта асобы сталага ўзросту, а за 20 год іх будзе 30% папуляцыі. У 2007-м годзе праз Эўропу прайшла хваля сьпякоты. У адным толькі Парыжы «усмажылася каля 3 тысяч чалавек». Гэта ў асноўным былі людзі сталага ўзросту, з кватэр на апошніх паверхах. Калі 2 тыдні тэмпэратура ў дзень ды ўначы трымалася на ўзроўні 30 градусаў, яны памерлі ад цеплавога ўдару.

Якім чынам чалавек можа змагацца з гэтымі нэгатыўнымі наступствамі? Тут патрэбны комплексны падыход, кажа спэцыяліст.

Зьбігнеў Карачун: Калі мы не запаволім зьменаў, не зможам іх прадухіліць, бо яны будуць усё больш інтэнсіўныя ды глыбокія. Таму тут патрэбна скарачэньня эмісіі газаў у атмасфэру. Мы павінны рыхтаваць цяпер праграмы адаптацыі да зьменаў клімату. Трэба нашыя дамы, офісы рыхтаваць да новых умоваў. Зьмяняць будаўнічыя нормы. 20 год таму такіх вятроў у нас не была, а дажджы выпадалі больш рэгулярны ды меншай колькасьцю. Нам трэба будаваць у гарадах мэханізмы затрымкі вады, каб не паўтараліся сытуацыя, калі паўгадзінны дождж выклікаў сапраўдны патоп і машыны пад мастамі патанулі ў цэнтры сталіцы.

На плянэце адбываюцца кліматычныя зьмены. Гэта натуральны працэс, але чалавек сваёй дзейнасьцю яго прысьпешыў. За гэта людзі плацяць сваім здароўем. Хваробы выкліканыя зьменамі клімату сталі навуковым фактам.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт