Logo Polskiego Radia
Print

Постсавецкі аўтарытарызм латае бюджэтныя дзіркі пэнсіямі

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 16.07.2018 15:58
  • Постсавецкі аўтарытарызм.mp3
Усьлед за Эўропай улады на постсавецкай прасторы павышаюць пэнсійны ўзрост.
pixabay. com/Public Domain

Павышэньне пэнсійнага ўзросту – гэта тэндэнцыя апошніх год у Эўропе. Яна зьвязана з павялічэньнем працягласьці жыцьця. На постсавецкай прасторы ўлады таксама павышаюць пэнсійны ўзрост, аднак працягласьць жыцьця тут не дарастае да заходняй.

Да нядаўняга часу пэнсійны ўзрост у краінах СНД значна адставаў ад заходняга. Напрыклад, у Даніі ці Нямеччыне на пэнсію выходзілі ў 69 і 67 год пры сярэдняй працягласьці жыцьця ў 81 год. Тады як у Расеі ці Беларусі пэнсіянэрамі станавіліся ў 60 і 55 год – мужчыны і жанчыны адпаведна. Пры гэтым беларускі мужчына ў сярэднім пражываў 66 год, а расейскі 64. Жанчыны адпаведна 78 і 76 год.

У апошнія гады постсавецкія лідары вырашылі, што настаў час наблізіцца да Эўропы. Пачалося павышэньне пэнсійнага ўзросту. Летась з рэформай стартавала Беларусь. Таксама ў Таджыкістане ды Кыргызстане пачалі павышаць пэнсійны ўзрост да 63 год для мужчын ды 58 для жанчын. Яшчэ большы парог маюць Азэрбайджан, Грузія ды Армэнія. Тут на пэнсію выходзяць у 65 і 63 гады. У ліпені бягучага года да працэсу далучылася Расея. Прэм’ер-міністар краіны падпісаў загад пра паступовае павялічэньне пэнсійнага ўзросту да 65 год для мужчын і 63 год для жанчын.

Пры гэтым далёка ня кожны, асабліва гэта тычыцца мужчын, на постсавецкай прасторы мае шанец дажыць да пэнсіі. Працягласьць жыцьця не расьце тэмпамі: паўгоду ў год, як пэнсійны ўзрост. Так у рэкордны для Расеі год 2015 мясцовыя мужчыны ў сярэднім пражылі 65,9 гадоў. Гэта азначае, што пакуль сярэднестатыстычны расейскі мужчына можа радавацца пэнсіі 9 месяцаў.

Расейскі ўрад супакойвае насельніцтва аптымістычнымі прагнозамі. Маўляў у 2034-м годзе расейцы будуць дажываць да 75 год, падобнае кажуць улады і ў Беларусі.

Ці варта ім верыць, ці сапраўды старэючае насельніцтва постсавецкай прасторы зможа даўжэй пажыць на пэнсіі, як іх заходнія калегі?

Пра гэта мы размаўляем з палітолягам Паўлам Усавым.

Слухайце размову ў гукавым файле

Размаўляў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт