Logo Polskiego Radia
Print

Прэм’ер-міністар Польшчы ахвяраваў € 100 000 на рэстаўрацыю алтара XVIII ст.

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 18.07.2018 15:29
  • 0718 Рэстаўрацыя ў Польшчы.mp3
Польскі ўрад выдаткоўвае мільёны эўра на аднаўленьне помнікаў гісторыі і культуры.
Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш МаравецкіПрэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш МаравецкіФота: PAP/Wojtek Jargiło

Польскі ўрад сёлета выдаткоўвае мільёны эўра на аднаўленьне помнікаў гісторыі і культуры. Асаблівая ўвага надаецца будынкам старажытных касьцёлаў. Некаторыя з аб’ектаў зьвязаны і з гісторыяй Беларусі.

У самым старым касьцёле дамініканцаў Польшчы — храме Сьвятой Тройцы ў Кракаве, заснаваным у 1223 годзе, вядуцца рэстаўрацыйныя работы. Рэстаўратар Моніка Рагоўска паказала алтар, які стаў для яе сапраўдным адкрыцьцём. Бо, як аказалася, быў зусім не такі, да якога прывыклі сучасьнікі. Раскрыць першапачатковы колер дрэва дазволіла сур’ёзная інвэстыцыя. На аднаўленьне арыгінальнага выгляду касьцёла Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы выдзеліла 21 млн злотых (амаль 4,9 млн эўра).

Паралельна вядуцца работы па расчыстцы старажытных фрэсак. Апошні раз касьцёл грунтоўна рамантавалі ў ХІХ ст., пасьля вялікага пажару Кракава. Тады і быў зьнішчаны гатычны паліхромны жывапіс.

Моніка Рагоўска: Пачатковая калярыстыка жывапісу была больш яркая, чым тая, да якой мы прывыклі. Колеры былі сьвятлейшыя і чыстыя. І мы будзем старацца вярнуць фрэскам ранейшыя колеры.

У рэстаўратараў многа работы. Але яны маюць на яе сродкі.

Rатэдральны
Катэдральны касьцёл Быдгашча. Фота: pixabay.com/WikimediaImages/Public Domain CC0

Сур’ёзная фінансавая падтрымка прыйшла ў катэдральны касьцёл Быдгашча — горада на поўначы Польшчы. Прэм’ер-міністар Матэвуш Маравецкі перадаў на рэстаўрацыю галоўнага алтара храма 400 тыс. злотых (93 100 эўра). Яшчэ 300 тысяч злотых (амаль 70 тысяч эўра) выдаткавала адміністрацыя горада. Гэтага мусіць стаць на правядзеньне ўсяго комплексу работ, спадзяецца пробашч ксёндз Станіслаў Катоўскі.

Усяго рэстаўрацыя алтара каштуе 777 тыс. злотых (больш за 180 тыс. эўра). На гэты год заплянаваны работы, якія будуць каштаваць 400 тыс. злотых (больш за 93 тыс. эўра). У наступным годзе рэстаўрацыя прадоўжыцца.

Славомір Марцысяк, гарадскі рэстаўратар Быдгашча: Гэта алтар у стылі ракако, які паходзіць з XVIII ст. Самым каштоўным элемэнтам алтара зьяўляецца славуты абраз Маці Божай з ружай, які будзе таксама адрэстаўрыраваны.

З Быдгашчам зьвязаны апошнія гады жыцьця Эдварда Вайніловіча, які пабудаваў у Менску касьцёл Сьвятых Сымона і Алены, але пасьля ўсталяваньня ў Беларусі савецкай улады быў вымушаны выехаць у польскі горад.

Для таго, каб у Польшчы вырастала пакаленьне, якое цэніць спадчыну родкаў, у краіне праводзяцца шматлікія адукацыйныя мерапрыемствы. Адно з такіх адбываецца цяпер у Варшаве, у Палацы пад бляхай, што знаходзіцца побач з Каралеўскім замкам і быў узьведзены ў часы апошняга караля Рэчы Паспалітай, ураджэнца сучаснай Беларусі Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Варшаўская Акадэмія прыгожых мастацтваў праводзіць тут цыкль лекцый для вучняў школ.

Мар’я Райф, прадстаўніца фонда Art: Мы расказваем, якую культуру ствараў Станіслаў Аўгуст, каго браў на працу. Таксама мы расказваем, як напярэдні свайго заняпаду Рэч Паспалітая спрабавала бараніцца ад сваіх суседзяў. Мы гаворым і пра паўстаньне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касьцюшкі, і пра Канстытуцыю 3 Траўня.

Фонд Art разам зь Лябараторыяй музэйнай работы Каралеўскага замка зьяўляецца суарганізатарам адукацыйнага мерапрыемства.

Лекцыі і сэмінары ў Палацы пад бляхай можна спалучыць з наведваньнем выстаўкі партрэтаў каралеўскага мастака XVIII ст. Марчэла Бак’ярэлі, якая адкрыта да 20 ліпеня.
А перанесьціся ў мінулае можна ня толькі ў касьцёле або музэі, але і проста на вуліцы. Напрыклад, у Радаме. Яго ўлады вырашылі аздобіць цэнтар горада малымі архітэктурнымі формамі, якія будуць напамінаць жыхарам і гасьцям пра мінулае. Ужо зьявіліся дзьве лаўкі, якія ўвекавечваюць радамяніна прафэсара Лешака Калакоўскага і зьвязанага з горадам пісьменьніка Вітальда Гамбровіча. Увогуле ж, павінна зьявіцца 13 розных кампазыцый.

Эўгеніюш Качмарак, прадстаўнік адміністрацыі Радама: Будуць адліты з бронзы тры тэлефоны, друкарка і швейная машынка.

Гэтыя рэчы павінны будуць напамінаць пра тое, што Радам быў буйным прамысловым цэнтрам Польшчы. Зьявяцца таксама скульптурныя кампазыцыі, якія нагадаюць пра тое, што Радам быў сталіцай польскіх ровараў. Жыхары ўжо ацанілі ініцыятыву мясцовых улад. Яны кажуць: "Няхай будуць такія рэчы ў горадзе. Трэба захоўваць памяць пра мінулае".

Дзякуючы клопату пра помнікі гісторыі і культуры Польшча застаецца адной з найбольш прывабных для турыстаў краін Эўропы.

IAR/вк

Слухайце, калі ласка, далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт