Logo Polskiego Radia
Print

Рукапісы Манюшкі выкуплялі ў вулічных гандляроў (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 02.08.2018 08:08
  • 0802 С. Манюшка - А. Спуз - ВМТ.mp3
Бібліятэка, архіў і музэй Варшаўскага музычнага таварыства пацярпелі падчас задушэньня немцамі Варшаўскага паўстаньня 1944 года.
Фрагмэнт малюнка Чэслава Манюшкі зь пячаткай даваеннай сэкцыі імя С. Манюшкі Варшаўскага музычнага таварыства. Са збору Бібліятэкі, архіва і музэя Варшаўскага музычнага таварыстваФрагмэнт малюнка Чэслава Манюшкі зь пячаткай даваеннай сэкцыі імя С. Манюшкі Варшаўскага музычнага таварыства. Са збору Бібліятэкі, архіва і музэя Варшаўскага музычнага таварыстваФота: Віктар Корбут/radyjo.net

Бібліятэка, архіў і музэй Варшаўскага музычнага таварыства 140 гадоў зьбірае творчую спадчыну кампазытара, ураджэнца Беларусі Станіслава Манюшкі. Гэтыя зборы моцна пацярпелі 74 гады таму, падчас задушэньня немцамі Варшаўскага паўстаньня.

Станіслаў
Станіслаў Манюшка ў маладосьці. Фрагмэнт малюнка яго бацькі Чэслава Манюшкі. Са збору Бібліятэкі, архіва і музэя Варшаўскага музычнага таварыства

Багатая калекцыя рукапісаў і іншых рэчаў Станіслава Манюшкі знаходзіцца ў гістарычным цэнтры польскай сталіцы — на вул. Закрачымскай. Зборы Бібліятэкі, архіва і музэя Варшаўскага музычнага таварыства моцна пацярпелі падчас Другой сусьветнай вайны. Якраз у гэтыя жнівеньскія дні, калі ў сталіцы Польшчы пачалося Варшаўскае паўстаньне.

Анджэй Спуз (Andrzej Spóz), кіраўнік Бібліятэкі, архіва і музэя Варшаўскага музычнага таварыства: Гэта гісторыя неадназначная. Частка збораў была вывезена немцамі пасьля задушэньня Варшаўскага паўстаньня — на г. зв. “вернутыя землі”, якія пасьля вайны адышлі ад Нямеччыны да Польшчы. І там гэта калекцыя захавалася. Частка збораў уцалела пад руінамі Варшаўскай філярмоніі. Чаму там? Бо перад вайной там знаходзілася Варшаўскае музычнае таварыства і яго цудоўная бібліятэка. Пасьля вайны рабаўнікі пралазілі ў гэтыя падзямельлі, выцягвалі асобныя ноты, манускрыпты. Тагачасны захавальнік фондаў бібліятэкі на стыхійных вулічных рынках знаходзіў асобныя рарытэты, выкупляў у вулічных гандляроў і перадаваў у нашу калекцыю. На некаторых рукапісах дагэтуль засталіся запісы пра тое, калі яны былі выкуплены.

Бюст
Бюст Станіслава Манюшкі ў Бібліятэцы, архіве і музэі Варшаўскага музычнага таварыства

Апрача матэрыяльнай спадчыны Манюшкаў, якая зьберагаецца ў Варшаве, у горадзе жывуць і непасрэдныя нашчадкі кампазытара.

Анджэй Спуз: Сям’я Манюшкаў вельмі вялікая. Яна расьцярушана ня толькі па Варшаве, але па цэлым сьвеце. Ма падтрымліваем сяброўскія кантакты з нашчадкамі кампазытара па мячы — з тымі, хто дагэтуль носіць прозьвішча Манюшка. Зь іншымі асобамі ня маем такой сувязі. Але ведаем, што яны існуюць. А адзін з Манюшкаў калісьці быў у Варшаве дырэктарам фабрыкі каштоўных папер. У гэтай сям’і ёсьць Пётр Манюшка, які зьвязаны з музыкай, працуе гукарэжысэрам, жыве ў Варшаве.

Ноты.
Ноты. Аўтограф Станіслава Манюшкі ў альбоме яго бацькі Чэслава Манюшкі. Са збору Бібліятэкі, архіва і музэя Варшаўскага музычнага таварыства

Бібліятэка, музэй і архіў Варшаўскага музычнага таварыства цяпер рыхтуецца да 200-годзьдзя Манюшкі. Да гэтай працы ахвотна далучаюцца і дасьледчыкі зь Беларусі, хаця іх і нямнога.

Анджэй Спуз: Калі ў савецкія часы ў Убелі, у Чэрвенскім раёне Беларусі, ствараўся музэй Станіслава Манюшкі, то мы два разы туды езьдзілі, каб дапамагаць. На жаль, цяпер кантакты вельмі рэдкія. Але мы ведаем, што перад менскай музычнай акадэміяй быў устаноўлены помнік Станіславу Манюшку, які сядзіць разам зь Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам. Мы кантактуем з музыказнаўцам Сьвятленай Немагай, якая сябруе з намі. Таксама спадарыня Немагай уваходзіць у рэдакцыйны камітэт выданьня „Dzieła wszystkie Moniuszki” (Поўны збор твораў Манюшкі) і рэдагуе адзін з тамоў.

Віктар Корбут

Фота: Віктар Корбут/radyjo.net

Слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт