Logo Polskiego Radia
Print

Польcкі экспэрт: Беларусь улазіць у даўгі да Кітая

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 09.08.2018 15:30
  • 0809 РБ-КНР-Польшча - А. М. Дынэр.mp3
Кітай займае ўсё большую ролю ў зьнешняй палітыцы і гандлі Беларусі, і за гэтым уважліва сочаць у Польшчы.
ГанконгГанконгФота: EPA/JEROME FAVRE

Кітай займае ўсё большую ролю ў зьнешняй палітыцы і гандлі Беларусі. Гэта прыцягвае ўвагу і польскага грамадзтва. Пра тое, чаму гэта цікавіць Польшчу, тлумачыць Анна Марыя Дынэр, палітоляг, кіраўнік праграмы “Ўсходняя Эўропа” Польскага інстытута міжнародных спраў.

Анна Марыя Дынэр з 2010 года працуе аналітыкам Польскага інстытута міжнародных спраў. Яе навуковыя інтарэсы ўключаюць ўнутраную і зьнешнюю палітыку Беларусі і ролю Расеі на постсавецкай прасторы. Яна аўтар шматлікіх артыкулаў, прысьвечаных Беларусі, Расеі і Ўкраіне.

Праблеме адносін Беларусі і Кітая спадарыня Дынэр прысьвяціла артыкул „Znaczenie współpracy z Chinami dla Białorusi” ў выданьні „Biuletyn PISM” (nr 106 (1679)).

Паводле Анны Марыі Дынэр, беларускія ўлады надаюць важнае значэньне адносінам з Кітаем як магчымасьці эканамічнага разьвіцьця і ўмацаваньня міжнароднай пазыцыі афіцыйнага Менска.

Праўда, дасьледчыца заўважае, што супрацоўніцтва з Кітаем можа мець і мінусы.

Анна
Анна Марыя Дынэр Фота: Magda Pawluczuk/Pism.pl/Eksperci/Anna-Maria-Dyner

Анна Марыя Дынэр: Для Беларусі адносіны з Кітаем зьяўляюцца досыць істотным пытаньнем. Яны ўпісваюцца ў шырока разуметую дывэрсыфікацыю беларускай замежнай палітыкі. Беларусь такім чынам спрабуе павялічыць сваю незалежнасьць як у палітычнай, так і ў эканамічнай, вайсковай плоскасьці. Перш за ўсё гэта спроба зьменшыць вельмі значную залежнасьць ад Расейскай Фэдэрацыі, але таксама і ад іншых суб’ектаў — напрыклад, ад Эўрапейскага зьвязу. І гэта ўдаецца. У апошнія гады мы назіраем вельмі ўзмоцненыя кантакты паміж абедзьвюма дзяржавамі — Беларусьсю і Кітаем. Практычна штогод адбываюцца візыты Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай. Вельмі часта адбываюцца візыты ў адказ — на розным узроўні — з кітайскага боку. Вельмі цікава прасачыць, як гэтыя адносіны разьвіваліся ў вайсковай сфэры. Найбольш вядомым вынікам гэтага супрацоўніцтва зьяўляецца, натуральна, стварэньне дальнабойных рэактыўных сыстэм залпавага агню “Палянэз”, якія паступілі на ўзбраеньне Ўзброеных Сіл Беларусі. Таксама кітайцы стварылі для Беларусі першы тэлекамунікацыйны спадарожнік. І, што цікава, новы міністар абароны Кітая другі свой замежны візыт нанёс у Беларусь — пасьля Расеі. Гэта паказвае значэньне вайсковых адносін. Калі ж гаварыць пра эканоміку, якая вельмі важная для Беларусі, то вядучым праектам зьўялецца тэхнапарк “Вялікі Камень” пад Менскам. Там павінны знаходзіцца фірмы, якія займаюцца сучаснымі тэхналёгіямі. І на інвэстыцыі перш за ўсё ў гэту галіну разьлічваюць беларусы. Разьлічваюць таксама на павелічэньне гандлю з КНР, перш за ўсё на магчымасьці павелічэньня свайго экспарту. Але нават калі мы паглядзім на афіцыйныя даныя, то ўбачым, што пакуль што на гэтым супрацоўніцтве выйграе Кітай, павялічваючы колькасьць тавараў, якія рэалізуюцца ў Беларусі. А калі мы гаворым пра кітайскія інвэстыцыі, то трэба мець на ўвазе, што яны суправаджаюцца вялікай рызыкай — а менавіта запазычанасьцямі. Гэта можа прадбачыць, аналізуючы сыстэму функцыянаваньня кітайскіх інвэстыцый. Таму, з аднаго боку, беларускія ўлады стараюцца паказаць, што павялічваюць сваю незалежнасьць, сваю міжнародную пазыцыю ў якасьці кітайскага партнэра. Але ўлічваючы стыль кітайскай палітыкі і геаграфічную адлегласьць паміж гэтымі дзьвюма дзяржавамі, Кітай бадай ня зможа замяніць Беларусі ў якасьці галоўнага партнэра Расею, а таксама Эўрапейскі зьвяз.

Ці адбыўся ў апошнія гады нейкі пералом у адносінах Беларусі і Кітая?

Анна Марыя Дынэр: Нічога пераломнага ў гэтых адносінах, беларуска-кітайскіх, у апошні час не адбывалася. Аднак беручы пад увагу шырэйшы кантэкст, і тое, як моцна апошнім часам беларускае Міністэрства замежных спраў стараецца прадэманстраваць незалежнасьць беларускай дзяржавы, стараецца дывэрсыфікаваць замежную палітыку, сьведчаць пра тое, што беларускія ўлады імкнуцца да зьмяншэньня залежнасьці ад Расеі. Аднак гэтыя розныя спробы, якія робяць беларускія ўлады, трэба меркаваць, ня маюць вялікага шансу на ўдачу — прынамсі, не на гэтым этапе. Але гэта таксама сьведчыць пра лёгкую, а мо і моцную зьмену стылю мысьленьня беларускіх улад, якія на розных франтах імкнуцца да таго, каб ня толькі Расея была галоўным партнэрам Беларусі.

Калі Вы ў апошні раз былі ў Беларусі і якія ўражаньні ў Вас засталіся ад паездкі?

Анна Марыя Дынэр: Я была ў канцы траўня на канфэрэнцыі “Менскі дыялёг”. Там можна было пачуць шмат цікавых рэчаў. Цікавы хаця б сам факт, што адбылася гэта канфэрэнцыя, куды прыехалі экспэрты больш як з 40 краін, калі мне ня здраджвае памяць. Гэта паказвае, што адбываецца зьмена стылю мысьленьня. Мы таксама можам назіраць, што Беларусь адкрываецца да больш шырокага супрацоўніцтва зь дзяржавамі Эўрапейскага зьвязу. У апошнія два-тры гады павялічваецца колькасьць кантактаў з Польшчай на розных узроўнях. Пэўныя зьмены ў беларускай палітыцы адбываюцца. Такога тыпу канфэрэнцыя, як “Менскі дыялёг”, не магла б адбыцца два-тры-чатыры гады таму. Аднак цяпер адбылася. У ёй прыняў удзел прэзыдэнт Беларусі. Гэта паказвае, што Беларусь імкнецца да статусу дзяржавы, якая ня толькі залежная ад Расеі, а да статусу дзяржавы, якая хоча быць пасрэднікам паміж рознымі бакамі, напрыклад, паміж Расеяй і Ўкраінай. Беларусь — гэта дзяржава, якая спадзяецца на ўсталяваньне новага міжнароднага ладу.

Ці не здаецца Вам, што беларускія ўлады імкнуцца да дасягненьня выгады ў эканамічных адносінах зь іншымі краінамі, а ва ўнутранай палітыцы ніякіх істотных зьмен не адбываецца?

Анна Марыя Дынэр: Калі гаварыць пра эканоміку, то тут няма нічога дзіўнага. Бо эканоміка зьяўляецца асновай функцыянаваньня дзяржавы. Бо калі мы ўявім, што эканоміка перастане функцыянаваць, то гэта будзе мець вельмі нявыгаднае адлюстраваньне ў сацыяльных або палітычных пытаньнях. Таму мяне гэта сытуацыя асабліва не зьдзіўляе. Так паводзіць сябе большасьць дзяржаў з сыстэмамі, падобнымі да беларускай.

Менск.
Менск. Касьцёл Сьв. Сымона і Алены Фота: pixabay.com/Public Domain CC0

Як у сьвятле вышэйсказанага Вы ацэньваеце цяперашні і будучы стан беларуска-польскіх узаемаадносін?

Анна Марыя Дынэр: Відаць, што на працягу апошніх гадоў гэтыя кантакты досыць істотна ўзмацніліся, асабліва на ўзроўні парлямэнтаў. Але падазраю, што гэта тэндэнцыя захаваецца, нічога непрадказальнага ня здарыцца на працягу найбліжэйшых месяцаў ці гадоў. Гэтыя кантакты разьвіваюцца, бо дзяржавы супрацоўнічаюць таксама ў рамках праграм Эўрапейскага зьвязу. Дарэчы, разьвіцьцё супрацоўніцтва з Кітаем, у прыватнасьці, па ініцыятыве “Адзін пояс, адзін шлях”, дае магчымасьць супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і Польшчай па лягістычных і транспартных пытаньнях. Гэта досыць істотна і важна. Разьвіваецца таксама, пра што мы мала ўспамінаем, прынамсі, у невялікай ступені, гістарычнае і культурнае супрацоўніцтва. Ну і трэба прызнаць, што вельмі многа добрага для разьвіцьця турызму зрабілі бязьвізавыя рэжымы з Гарадзенскай, Берасьцейскай абласьцямі, ранейшы пяцідзённы, а цяпер трыццацідзённы бязьвізавы рэжым зь перасячэньнем граніцы праз Нацыянальны аэрапорт “Менск”. Калі я не памыляюся, палякі зьяўляюцца другой або трэцяй па колькасьці групай, якая карысталася бязьвізавым рэжымам. І цяпер усё больш палякаў езьдзіць у Беларусь. І калі, як я ўжо сказала, нічога непрадбачанага ня здарыцца ў найбліжэйшы час, то адносіны паміж краінамі павінны дасягнуць пэўнай стабілізацыі.

Віктар Корбут

Слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт