Logo Polskiego Radia
Print

Варшава хоча зьменаў у летувіскім Саюзе палякаў

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 09.08.2018 15:45
Ідзецца пра незадаволенасьць польскага ўраду лідарамі Саюза палякаў у Летуве (СПЛ).
pixabay.com/Public Domain/CC0

Новы канфлікт на лініі Вільна-Варшава разгарэўся не з-за спрэчкі Польшчы з летувіскім урадам. Ідзецца пра незадаволенасьць афіцыйнай Варшавы лідарамі Саюза палякаў у Летуве (СПЛ). Тэму асьвятляе штодзёнка “Rzeczpospolita”.

Доўгі час польскія ўлады ставіліся некрытычна да лідараў буйных арганізацый палякаў у Летуве. Важныя польскія палітыкі сустракаліся зь імі, часта ігнаруючы летувіскіх саноўнікаў. Цяпер сытуацыя зьмянілася, польскія праваахоўныя органы затрымалі актывіста зь Віленшчыны, ва ўрадзе пачаліся размовы пра неабходнасьць радыкальных зьменаў у арганізацыях польскай меншасьці ў Летуве, піша выданьне.

Гэта вынік скаргі, якую падаў у пракуратуру польскі Фонд “Дапамогі палякам на Ўсходзе”. Арганізацыя абвінавачвае Саюз палякаў у Летуве ў фінансавых махінацыях ды фальсыфікацыі дакумэнтаў пры разьліку атрыманай датацыі на дзейнасьць. За гэта пагражае да 8 гадоў пазбаўленьня свабоды.

Аднак Старшыня СПЛ Міхал Мацкевіч не прыехаў на допыт у Варшаву. Тады польская паліцыя затрымала сакратара арганізацыі, які знаходзіўся ў Польшчы на адпачынку непадалёк Кракава. Старшыня арганізацыі заявіў, што не зьбіраецца пакуль у Польшчу, зазначае выданьне.

Газэта дадае, што паўсталая сытуацыя выклікала спрэчкі сярод палітыкаў кіроўнай партыі. Адны кажуць, што раней нікому не перашкаджала, як адбывалася перадача ды разьлік сродкаў на дапамогу палякам на Ўсходзе. Іншыя зазначаюць, што больш нельга цярпець выбрыкі польскіх лідараў у Летуве. Мала таго, што яны фліртуюць з Масквой дык яшчэ і парушаюць польскія законы.

юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт