Logo Polskiego Radia
Print

Узровень шуму ў школах дасягае 80-90 дэцыбелаў

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 15.08.2018 09:15
Шум зьяўляецца адной з самых сур’ёзных праблем польскай школы.
www.pixabay.com/CC0 Creative Commons

Польскае Міністэрства нацыянальнай адукацыі падрыхтавала распараджэньне аб правілах бясьпекі і гігіены працы ў школах. Дакумэнт акрэсьлівае, напрыклад, колькі павінны працягвацца перапынкі, што дзеці павінны спажыць у школе абед і праводзіць як мага больш часу на паветры – піша «Dziennik Gazeta Prawna». І прыводзіць інфармацыю Арганізацыі Грамадзяне для адукацыі, якая занепакоеная, што ў распараджэньні няма ніводнага слова пра вельмі балючую школьную праблему – высокі ўзровень шуму.

Паводле вынікаў розных дасьледаваньняў, шум зьяўляецца адной з самых сур’ёзных праблем польскай школы. Самі чыноўнікі адзначаюць, што на школьных калідорах узровень шуму складае нават 90 дэцыбелаў, што значна ўскладняе канцэнтрацыю і выклікае стомленасьць. Згодна Працоўнаму кодэксу, пры ўзроўні шуму вышэй за 80 дэцыбелаў супрацоўнікі маюць права атрымліваць ахоўныя сродкі, між іншым слухаўкі або затычкі ў вушы.

Як школы змагаюцца з праблемай? Некаторыя самі шукаюць вырашэньня. Напрыклад, адна са школ у Лодзі закупіла гэтак званае «электроннае вуха» – прыладу, якая вымярае ўзровень шуму і пры перавышэньні нормы паведамляе вучням, што яны павінны быць цішэй. Дзякуючы гэтаму, кажа дырэктар установы, школьнікі самі сочаць адзін за адным і, замест крычаць, вучацца размаўляць цішэй.

Іншая справа, што ўзровень шуму залежыць таксама ад таго, як запраектаваная дадзеная школа. Некаторыя будынкі дрэнна выкананыя або дрэнна запраектаваныя, у выніку элемэнты канструкцыі, замест паніжаць узровень шуму, яшчэ больш узмацняюць гук.

Dziennik Gazeta Prawna/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт