Logo Polskiego Radia
Print

Польскія жаўнеры павінны валодаць ангельскай мовай

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 16.08.2018 12:38
Генэральны штаб выдаў рэкамэндацыю, каб камандзіры зьвярталі на гэта асаблівую ўвагу.
Photo: BiljaST/pixabay.com/CC0 Public Domain

Учора палякі ўрачыста адзначылі Дзень Войска Польскага. Адбываліся вайсковыя парады, паказы тэхнікі, сямейныя фэсты. З нагоды сьвята друкаваныя выданьні нямала ўвагі прысьвячаюць пытаньням арміі. Напрыклад, «Dziennik Gazeta Prawna» піша, што войска павышае патрабаваньні ў адносінах да прафэсійных жаўнераў. Генэральны штаб выдаў рэкамэндацыю, каб камандзіры зьвярталі асаблівую ўвагу на валоданьне ангельскай мовай.

Раней веданьне ангельскай патрабавалася толькі ад афіцэрскага саставу, ад шараговых салдат такіх ведаў не патрабавалі. Вайскоўцы падкрэсьліваюць, што шараговыя прызначаныя на першую лінію фронту або для абслугоўваньня простых мэханізмаў, дзеля чаго ангельская непатрэбная. Цяпер жа, калі нехта не валодае гэтай мовай, ён атрымае нізкую адзнаку (тройку па пяцібальнай шкале) падчас праходжаньня пэрыядычнай ацэнкі, а кантракт з ім могуць не падоўжыць.

Адны жаўнеры кажуць, што ангельская шараговым не патрэбная. Іншыя наадварот хваляць новае патрабаваньне. Напрыклад, камандзір вайсковай часьці ў Гдыні падпалкоўнік Кшыштаф Рамс адзначае, што ў 2022 годзе яго падразьдзяленьне атрымае ракеты Патрыёт, перад гэтым неабходна выслаць сотню жаўнераў на падрыхтоўку ў ЗША, але ў яго няма столькі салдат, якія выдатна ведаюць ангельскую.

Тым ня менш, жаўнеры, якія атрымаюць нізкую адзнаку (тройку) толькі за тое, што не валодаюць мовай, пагражаюць, што пойдуць судзіцца. Такая ацэнка ня толькі практычна перакрывае ім магчымасьць зрабіць кар’еру ў войску, але таксама пазбаўляе гадавой прэміі.

Dziennik Gazeta Prawna/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт