Logo Polskiego Radia
Print

Польскія школьнікі ператомленыя, многія вучацца ў некалькі зьмен

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 27.08.2018 15:57
Каб вырашыць праблемы школы, неабходная сьвядомасьць адказных чыноўнікаў і палітычная воля.
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: Alexas_Fotos/pixabay.com/CC0 Public Domain

«Dziennik Gazeta Prawna» друкуе даклад фундацыі «Амбудсмэн дзіцяці» аб стане навучаньня ў польскай школе. (Над дакумэнтам працавалі Караліна і Томаш Эльбаноўскія, якія дабіліся адмены рэформы, што прадугледжвала навучаньне з шостага году жыцьця – рэд). Балячкі польскай школы вынікаюць як са шматгадовай нядбайнасьці, так і зьяўляюцца вынікам апошніх зьменаў у сыстэме адукацыі.

Адна з галоўных праблем – вучоба ў некалькі зьменаў. Найгорш сытуацыя выглядае ў вялікіх гарадах, дзе будуюцца новыя мікрараёны, а пра школы забываюць. Каб вырашыць праблему, неабходная сьвядомасьць адказных чыноўнікаў і палітычная воля. У школах не хапае таксама месца на ўсю неабходную інфраструктуру, напрыклад, многія школьнікі фізкультурай займаюцца на калідорах, бо няма спартыўнай залі або яна занятая іншым клясам.

У школе дыскрымінуюць дзяцей з асаблівасьцямі разьвіцьця. Калі яшчэ некалькі гадоў таму бацькі былі ня супраць, каб іх дзеці займаліся з інвалідамі, то цяпер гэта часта становіцца праблемай. Хутчэй няма пратэстаў супраць вучняў на інвалідным вазку, але вучняў, адсталых у псыхічным разьвіцьці бацькі здаровых дзяцей ня хочуць бачыць у клясе.

Школьнікі носяць надта цяжкія заплечнікі. Паводле мэдычных нормаў, заплечнік не павінен важыць больш, чым 10% масы вучня. Гэтая норма часта парушаецца. Праўда, школьнікі маюць шафкі, дзе могуць пакідаць свае рэчы, але ім прыходзіцца забіраць падручнікі дадому, каб зрабіць урокі. Вучням задаюць дамашняе заданьне нават у нулявых клясах. Адна трэцяя бацькоў дапамагае дома дзецям рабіць урокі. Палова бацькоў бачыць трывожныя зьмены ў паводзінах свайго дзіцяці – галоўным чынам ператомленасьць і нэрвовасьць. Большасьць дзяцей праяўляе нэгатыўныя адносіны да вучобы.

Dziennik Gazeta Prawna/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт