Logo Polskiego Radia
Print

У Варшаве размаўлялі пра бясьпеку Эўропы

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 10.09.2018 15:56
  • Уклад краін Вышаградзкай групы.mp3
Экспэрты шукалі адказы на сур'ёзныя выклікі эўрапейскай бясьпекі.
Public Domain/wikipedia

Больш за 20 экспэртаў з краін Вышаградзкай групы, Францыі ды Швэцыі бяруць удзел у міжнароднай канфэрэнцыі, якая праходзіць у Варшаве.

Тэма канфэрэнцыі: "Уклад краін Вышаградзкай групы ў эўрапейскую бясьпеку – супольныя выклікі ды мэты". У рамках канфэрэнцыі ладзяцца чатыры дыскусійныя панэлі для абмеркаваньня праблемаў зь бясьпекай у рэгіёне ды цэлай Эўропе. Больш падрабязна пра хаду канфэрэнцыі распавядае карэспандэнт Польскага Радыё Пшэмыслаў Ліс.

Пшэмыслаў Ліс: Пошук адказаў на сучасныя праблемы ды выклікі бясьпекі для сучаснай Эўропы – вось асноўная мэта канфэрэнцыі. Таксама ідзецца пра выпрацоўку адказу з боку Вышаградзкай групы. Тым больш, што, дзякуючы папярэднім дзеяньням В4, зьмяняецца стаўленьне да краін Цэнтральнай Эўропы ў сьеце. Яны сталі ўспрымацца як суб’екты міжнароднай палітыкі, а не аб’екты. У працах канфэрэнцыі бяруць удзел навукоўцы, прадстаўнікі краін Вышаградзкай групы, таксама экспэрты зьвязаныя са сфэрай бясьпекі. Галоўнымі тэмамі дыскусій сталі пытаньні міграцыі, кібэрбясьпекі, арганізаваная дэзінфармацыі ды вайсковага супрацоўніцтва.

Міжнародныя экспэрты назвалі Вышаградзкую групу пасьпяховым праектам, які яднае краіны на прынцыпах сяброўства ды супольнага гістарычнага досьведу. Пра гэта казаў падчас канфэрэнцыі старшыня парлямэнцкай камісіі па справах энэргетыкі ды дзяржаўнай маёмасьці польскага Сэйма Мацей Малэцкі. Палітык зазначыў, што адзіны голас чатырох краін Вышаградзкай групы мацней гучыць у Эўропе. Іншыя краіны да яго прыслухоўваюцца, асабліва ў важных для бясьпекі справах, як міграцыйны крызіс.

Мацей Малэцкі: Прыкладам такой працы на карысьць бясьпекі ёсьць супольная пазыцыя ў справе міграцыі. Тут мы павінны далей быць у адным шэрагу, з аднаго боку, дамагаючыся ўмацаваньня вонкавых межаў ЭЗ, з другога боку, выступаючы супраць мэханізма прымусовага падзелу ды перасяленьня мігрантаў і прыняцьця чарговых мігрантаў.

Вынікам прац экспэртаў падчас канфэрэнцыі будзе публікацыя спэцыяльнай аналітычнай справаздачы, якая будзе разасланая дасьледчым арганізацыям ва ўсім сьвеце. Гаворыць старшыня фонду «Warsaw Insitute», які арганізуе сустрэчу Кшыштаф Каміньскі.

Кшыштаф Каміньскі: Гэта першы этап міжнароднага праекта, якія атрымаў падтрымку з боку Вышаградзкага фонду. Да канца трэцяга квартала 2019-га года будуць апублікаваныя спэцыяльныя дадаткі да часопіса The Warsawe Institute review. Дзякуючы гэтаму мы зможам прадставіць нашае бачаньне ды канцэпцыі шырока ў сьвеце. Наш рапарт атрымаюць тысячы аналітычных установаў ва ўсім сьвеце, асабліва ў ЗША.

У польскай сталіцы ў Collegium Politicum Варшаўскага ўнівэрсытэту праходзіць міжнародная канфэрэнцыя, прысьвечаная пытаньням бясьпекі Эўропы ды Вышаградзкай групы. Удзел у дыскусіі ўзялі больш за 20 экспэртаў з розных эўрапейскіх краін.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт