Logo Polskiego Radia
Print

Энэргетычныя напоі - даюць энэргію, але могуць адабраць здароўе

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 18.09.2018 09:16
  • энэргетыкі.mp3
Экспэрты здаўна кажуць, што неабходна ўвесьці абмежаваньні на іх продаж.
www.pixabay.com/CC0 Creative Commons

Жыцьцё патрабуе ад нас усё большай аддачы энэргіі – чалавек павінен быць эфэктыўны, энэргічны і актыўны з раніцы да ночы. Ня кожны спраўляецца з такой задачай нашай цывілізацыі, і таму многія карыстаюцца вонкавымі сродкамі, якія прыдаюць сілы да дзейнасьці, але не заўсёды гэта адбываецца без шкоды для здароўя.

На рынку шмат гэтак званых энэргетыкаў, інакш – энэргетычных напояў. Нярэдка іх спажываюць маладыя і вельмі маладыя людзі, нават 10-12-гадовыя дзеці. Пераважна бацькі нават ня ведаюць, што п’юць іх дзеці. Гэта ж не алькаголь, не цыгарэты, нават не кава, якая, вядома, не рэкамэндуецца вельмі маладым людзям. Самі дарослыя ў дзяцінстве як правіла не спажывалі такіх напояў, таму яны ня ведаюць пра іх магчымы шкодны ўплыў на здароўе маладога арганізму.

Вытворцы энэргетыкаў актыўна іх рэклямуюць, рэклямы абяцаюць, што дзякуючы ім нам прасьцей будзе сканцэнтравацца на працы ці вучобе. Каб зразумець мэханізм уплыву такіх напояў на арганізм, неабходна прааналізаваць іх склад. Адным з галоўных складнікаў зьяўляюцца кафэін – вядомы псыхастымулятар, і таўрын, які нас падбадзёрвае, але яго ўплыў на арганізм правяраўся на мышах, не на чалавеку. Энэргетычныя напоі выклікаюць выдзяленьне норадрэналіну, які інакш называюць гармонам барацьбы, паколькі ён выдзяляецца тады, калі чалавек знаходзіцца ў сытуацыі пагрозы жыцьця, каб мог хутка ўцякаць або змагацца.

У Вялікабрытаніі энэргетыкі рэгулярна спажывае дзьве трэція маладых людзей ва ўзросьце 10-17 гадоў, хаця на ўпакоўцы напісаны, што яны не рэкамэндуюцца непаўналетнім асобам. Афіцыйна няма забароны продажу такіх напояў дзецям, але некаторыя прадаўцы адмаўляюцца прадаваць іх непаўналетнім.

Прадавец: Я адмаўляюся прадаваць такія напоі дзецям. Я ведаю, які склад энэргетыкаў, ведаю, што гэта вельмі шкодна для дзяцей. Даросламу чалавеку я не магу не прадаць, але калі перада мною дзіця – я адмаўляюся прадаваць яму такі прадукт. У мяне дзеці ў такім жа ўзросьце, і я б не хацела, каб іншы прадавец прадаў ім такі напой.

У нашай перадачы прагучалі лічбы: дзьве трэція падлеткаў у Вялікабрытаніі спажывае энэргетыкі. У Польшчы сытуацыя падобная, таму неабходна ўвесьці абмежаваньні на іх продаж, – адзначае доктар Рэгіна Вежэйска з Інстытуту харчоў і харчаваньня, якая зьяўляецца экспэртам па энэргетычных напоях.

Р. Вежэйска: Шмат гадоў ужо ідзе гаворка пра неабходнасьць увядзеньня абмежаваньняў на продаж энэргетычных напояў падлеткам, але дагэтуль няма адпаведнага рашэньня. Важна памятаць, што дзіця важыць на многа менш, чым дарослы, таму і ўплыў складнікаў напою на дзіця значна мацнейшы. Рэакцыя дзіцяці на такі напой бывае розная, часам яе нават цяжка прадбачыць. Галоўны інгрэдыент – кафэін, яго прыкладна столькі ж у адной бляшанцы, колькі ў кубачку кавы. Аднак каву мы п’ем павольна, малымі глыткамі, яна гарачая, а бляшанку выпіваем хутка, актыўныя рэчывы вельмі хутка трапляюць у кроў, наступствы могуць быць дрэнныя, асабліва для людзей з хворым сэрцам.

Брытанскі ўрад ужо працуе над адпаведнымі прававымі нормамі, якія забароняць продаж энэргетыкаў падлеткам. У Польшчы мала гаворыцца пра іх шкоднасьць для маладога арганізму. Са словаў экспэрта вынікае, што лепш не дазваляць піць такія напоі дзецям. А ці павінны іх спажываць дарослыя асобы? Гаворыць Рэгіна Вежэйска.

Р. Вежэйска: Усё залежыць ад дазіроўкі. Адна бляшанка энэргетычнага напою некалькі разоў у месяц здароваму чалавеку не пашкодзіць. Але калі вып’ем хутка некалькі бляшанак, то можам трапіць у шпіталь. Нельга казаць, што гэтыя напоі вельмі небясьпечныя, усё добрае ў невялікіх дозах. Тут пытаньне здаровага сэнсу, стылю жыцьця. Трэба, напрыклад, памятаць, каб не сумяшчаць іх з алькаголем, каб ня піць іх на галодны страўнік або перад вялікай фізычнай нагрузкай. Былі выпадкі на стадыёне, што людзям пасьля спажываньня энэргетыкаў неабходная была мэдычная дапамога.

Так што клапатлівыя бацькі не купляюць сваім дзецям энэргетычныя напоі, яны разумеюць, на колькі дрэнны ўплыў яны могуць аказваць на недасьпелы арганізм. І цярпліва тлумачаць нашчадкам, што тыя таксама не павінны набываць такія напоі за свае кішэнныя грошы. Шкада толькі, што юрыдычныя нормы бацькам у гэтым не памагаюць.

І Пр. ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт