Logo Polskiego Radia
Print

Польшча яшчэ не гатова да амэрыканскай базы

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 20.09.2018 15:49
Пэнтагон пакуль не перакананы ў гатоўнасьці Польшчы, піша штодзёнка «Dziennik Gazeta Prawna».

Варшава хацела б, каб ЗША стварылі ў Польшчы сваю вайсковую базу. Польскі прэзыдэнт даў ёй нават назву «Форт Трамп».

Падчас сустрэчы з прэзыдэнтам ЗША польскі прэзыдэнт Анджэй Дуда зьвярнуўся да амэрыканцаў з заклікам накіраваць у Польшчу больш амэрыканскіх войскаў і стварыць сталую вайсковую базу. У гэтым Варшава бачыць для сябе гарантыю бясьпекі, у першую чаргу ад агрэсіўнай ды непрадказальнай палітыкі Масквы, піша выданьне.

Аднак сакратар па справах сухапутных войскаў у Пэнтагоне Марк Эспэр заявіў, што «Польшча яшчэ не гатова на «Форт Трамп», разьмяшчэньне на сваёй тэрыторыі амэрыканскай вайсковай базы, цытуе словы жаўнера польскае выданьне.

Першая прычына – адсутнасьць адпаведнай тэрыторыі. Амэрыканцы лічаць недастатковым той раён, які прапанавала Варшава. Польскі ўрад прапанаваў амэрыканцам замалую тэрыторыю, якая не дазваляе праводзіць артылерыйскія трэніровачныя стрэльбы ды манэўры з удзелам цяжкой тэхнікі.

Другой праблемай амэрыканцы называюць транспарт. Вайскоўцы ЗША хацелі б поўнай свабоды пры перасоўваньні па тэрыторыі Эўропы. Сёньня гэтага няма і яны абмежаваныя законамі эўрапейскіх краін. На думку амэрыканцаў, гэта стварае дадатковыя адміністрацыйныя перашкоды для апэратыўнага рэагаваньня ў выпадку канфлікту.

Што тычыцца асабіста прэзыдэнта Трампа, дык ён заявіў, што пазытыўна ставіцца да ідэі стварэньня сталай амэрыканскай вайсковай базы ў Цэнтральнай Эўропе. Таксама яму падабаецца гатоўнасьць палякаў заплаціць частку коштаў стварэньня ды ўтрыманьня базы, піша выданьне.

юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт