Logo Polskiego Radia
Print

Польскім ВНУ неабходная рэформа

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 04.10.2018 16:46
Вышэйшая палата кантролю (NIK) дала нізкую адзнаку польскім ВНУ
Уваход у галоўны кампус Варшаўскага ўнівэрсытэтаУваход у галоўны кампус Варшаўскага ўнівэрсытэтаPixabay/Kamyq/Public Domain

Фіктыўная сыстэма ацэнкі якасьці адукацыі, раздробленасьць вучэльняў і нізкі ўзровень кандыдатаў, што прымаюцца ў ВНУ, каб толькі праіснаваў факультэт. Такая карціна польскай вышэйшай адукацыі ўзьнікае са справаздачы Вышэйшай палаты кантролю (NIK). Таму ня дзіўна, што ў выніку выяўленых паталягічных зьяў польскія ўнівэрсытэты ня маюць шанцаў займаць добрыя месцы ў міжнародных рэйтынгах.

Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі верыць, што сытуацыя зьменіцца. Дапамагчы ў гэтым павінна Канстытуцыя для навукі міністра Яраслава Говіна, якая ўваходзіць у сілу ў гэтым годзе. Унівэрсытэты могуць аб’ядноўвацца ў фэдэрацыі, каб атрымаць больш грошай і падняць вынікі працы. Першымі гэтай магчымасьцю скарысталіся Варшаўскі ўнівэрсытэт і Варшаўскі мэдыцынскі ўнівэрсытэт, якія 16 кастрычніка падпішуць ліст намераў. Што дае фэдэрацыя? – дадатковае фінансаваньне навуковых дасьледаваньняў вонкавымі крыніцамі, лепшае выкарыстаньне патэнцыялу навуковых супрацоўнікаў унівэрсытэтаў і іх інфраструктуры. Да гэтага, паводле слоў міністра адукацыі, фэдэрацыя Варшаўскага і Варшаўскага мэдыцынскага ўнівэрсытэтаў прасунецца ў другую сотку ў прэстыжным шанхайскім рэйтынгу.

Лепшае месца дае шанцы прыцягнуць лепшых навуковых супрацоўнікаў і замежных студэнтаў. Цяпер Варшаўскі ўнівэрсытэт у Шанхайскім сьпісе знаходзіцца ў чацьвёртай сотцы, а Варшаўскі мэдыцынскі ўнівэрсытэт увогуле не ўваходзіць у гэты сьпіс.

Dziennik. Gazeta Prawna/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт