Logo Polskiego Radia
Print

Палякі рыхтуюцца да Сьвята ўсіх сьвятых і Дня памерлых

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 30.10.2018 15:53
  • 1 лістапада.mp3
Людзі прыбіраюць магілы сваіх блізкіх памерлых, адпраўляюцца ў паездкі, каб наведаць могілкі.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Photo: summa/pixabay.com/CC0 Public Domain

1 і 2 лістапада ў Польшчы – важныя даты, зьвязаныя з памяцьцю пра памерлых людзей. Цяпер па ўсёй краіне праводзяцца мерапрыемствы па падрыхтоўцы да згаданых дат.

У першы дзень лістапада адзначаецца касьцельнае сьвята «Дзень усіх сьвятых», калі вернікі ўспамінаюць асоб, названых сьвятымі ў каталіцкім касьцёле. У сваю чаргу 2 лістапада – Дзень задушны, інакш – памінаньня памерлых продкаў. Праўда, у прынцыпе цяпер мала хто разрозьнівае гэтыя два сьвяты.

Пераважна 1 лістапада, калі ў Польшчы свабодны ад працы дзень, людзі едуць на могілкі, каб наведаць сваіх пахаваных блізкіх і знаёмых. На месцы прыбіраюць магілы, ставяць кветкі, кладуць вянкі, сьвечкі (зьнічы), моляцца. Важна, каб у гэты дзень магілы былі прыбраныя, гарэлі сьвечкі, гэта сьведчыць аб тым, што мы не забываем сваіх продкаў. Многія едуць на могілкі загадзя, асабліва пажылыя людзі, у якіх больш свабоднага часу і якія, відаць, часьцей зьвяртаюцца думкамі да таго, што будзе пасьля сьмерці. Цікава, што як правіла не забываюць таксама і пра магілы іншых людзей, як славутых асоб, так і зусім невядомых, каго ўжо не наведвае ніхто з блізкіх. Нават на такія магілы нярэдка хтосьці ставіць запаленую сьвечку. Многія вязуць на могілкі вялізную колькасьць зьнічак, дарэчы, у крамах задоўга да першага лістапада можна набыць сьвечкі самай рознай велічыні і колераў.

У мінулыя выходныя многія жыхары Польшчы ўжо пасьпелі наведаць могілкі, прыбраць магілы, а вось у пасёлку Райброт на поўдні Польшчы вучні пачатковай школы наладзілі збор бела-чырвоных сьвечак (гэта колеры польскага дзяржаўнага сьцягу). Удалося іх сабраць больш за 450. Гаворыць Анна Словік са школьнага гуртка Карытас, які наладзіў збор зьнічак.

А. Словік: Усе клясы зьбіралі зьнічы. Той кляс, які назьбіраў найбольш сьвечак, будзе ўзнагароджаны дыплёмам. Нашым меркаваньнем, гэта вельмі важна, паколькі нельга забываць аб тых людзях, якія змагаліся за нашу незалежнасьць. Дзякуючы ім мы цяпер можам жыць так, як жывём.

Па словах настаўніка гісторыі ў школе ў Райброце Міраслава Каралеўскага, ініцыятыва вучняў – гэта вынік іх школьных падарожжаў ва Ўкраіну.

М. Каралеўскі: Гэта дазволіла ім крыху інакш зірнуць на гэтую краіну, на гэтую тэрыторыю. І таксама адчуць пэўную сувязь з дадзенай краінай, што яна не зьяўляецца чужой, што гэтая зямля ў некаторым сэнсе таксама наша. Асабліва гаворка ідзе пра Львоў, з яго польскімі могілкамі, з Лычакоўскімі могілкамі, а таксама могілкамі Львоўскіх арлянят.

Усе сабраныя зьнічы былі завезеныя ў Львоў. Ініцыятарамі акцыі былі журналісты Польскага радыё Жэшаў, якія ў мінулыя выходныя правялі ўпарадкаваньне магіл на львоўскіх могілках. Акцыя адбылася ўжо ў дзевяты раз. Анджэй Клімчак з Асацыяцыі польскіх журналістаў у Жэшаве, якая чарговы раз наладзіла паездку ў Львоў, адзначае, што з кожным годам у Львове застаецца ўсё менш сьлядоў, зьвязаных з польскай гісторыяй гэтага горада.

А. Клімчак: На магілах, якімі ніхто не цікавіцца, імгненна зьяўляюцца намагільныя пліты з кітайскага мармуру, з надпісамі кірыліцай. Не было б у гэтым нічога дзіўнага, паколькі на закінутых магілах зноў хаваюць памерлых, але нельга забываць, што такім чынам зьнішчаюць помнікі даўніны, многія з якіх зьяўляюцца мастацкім творам. Гэта магілы, на якіх знаходзяцца скульптурныя кампазыцыі вельмі вядомых аўтараў.

На Лычакоўскіх могілках у Львове пахаваныя больш за 50 выбітных польскіх журналістаў канца 19-га – пачатку 20-га стагодзьдзя. Мерапрыемства па ўпарадкаваньні іх магіл нарадзілася 9 гадоў таму па ініцыятыве супрацоўнікаў Польскага радыё Жэшаў.

Палякі памятаюць пра магілы славутых прадстаўнікоў сваёй нацыі за межамі Польшчы, але ў межах краіны таксама ўсюды адбываюцца акцыі ўпарадкаваньня магіл. Напрыклад, студэнты Вроцлаўскай палітэхнікі прыбіралі надоечы магілы памерлых прафэсараў гэтай ВНУ. Распавядае Міхал Мараўскі зь Незалежнага таварыства студэнтаў Вроцлаўскай палітэхнікі.

М. Мараўскі: На могілках па вуліцы Буйвіда пахаваныя 60 прафэсараў. Прынамсі столькі магіл знаходзіцца пад нашай апекай. Гэта выкладчыкі розных факультэтаў, якія былі калісьці на Вроцлаўскай палітэхніцы, некаторыя захаваліся да нашых часоў. Мы займаемся таксама магіламі прафэсараў, якія калісьці былі рэктарамі.

Упарадкаваньне магіл адбываецца таксама на іншых могілках па ўсёй Польшчы. Напрыклад, вучні 55 школаў з Лодзі ды навакольных мясцовасьцяў навялі парадак на Старых могілках на вуліцы Гародняй (Ogrodowa). Школьнікі прыбіралі магілы, якімі ўжо шмат гадоў ніхто не цікавіцца.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт