Logo Polskiego Radia
Print

ЗША хочуць прадаваць свой вугаль і газ у Польшчу

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 02.11.2018 14:32
Многія ў Польшчы мяркуюць, што такім чынам можна пазбавіцца ад расейскай залежнасьці.
photo: pixabay.com/CC0

Сайт Niezalezna.pl піша, што на будучым тыдні Польшчу ды іншыя краіны Цэнтральна-Усходняй Эўропы наведае міністар энэргетыкі ЗША Рык Пэры (Rick Perry). У Польшчы, а таксама ва Ўкраіне, Чэхіі ды Вугоршчыне ён правядзе перамовы пра тое, як гэтыя дзяржавы могуць стаць больш незалежнымі ад расейскай энэргетычнай сыравіны.

Гаворка ідзе пра рост долі экспарту з Амэрыкі каменнага вугалю ды звадкаванага газу, а таксама пытаньні мірнага выкарыстаньня атамнай энэргіі і кібэрбясьпекі энэргетычных сетак у нашым рэгіёне.

Перамовы Пэры ў Польшчы, Украіне ды Чэхіі будуць працягам дыскусіі з удзелам амэрыканскага міністра энэргетыкі, якая адбылася падчас сустрэчы на саміце дзяржаў трох мораў у Бухарэсьце. Саміт прайшоў у верасьні гэтага году. Падчас свайго выступу ў Бухарэсьце амэрыканскі палітык абяцаў блізка супрацоўнічаць з дзяржавамі трох мораў у галіне энэргетычнай бясьпекі.

Ва Ўкраіне Пэры наведае аднаго з самых буйных вытворцаў электраэнэргіі ў гэтай краіне – прадпрыемства Цэнтрэнэрга, якое вырабляе каля 15% электраэнэргіі ў краіне. У ліпені кампанія падпісала кантракт з амэрыканскай фірмай Xcoal Energy and Resources на пакупку 700 тыс. тон каменнага вугалю з ЗША.

Амэрыканская аналітык Amy Harder піша на партале AXIOS, што цяпер назіраецца меншае запатрабаваньне на каменны вугаль у Злучаных Штатах Амэрыкі, паколькі электрастанцыі ў гэтай краіне пераходзяць на таньнейшы прыродны газ, таму ЗША шукаюць новыя рынкі збыту свайго вугалю ў Эўропе.

Niezalezna.pl/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт