Logo Polskiego Radia
Print

Вакол сьвету пад ветразем на 100 год Незалежнасьці

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 08.11.2018 16:51
  • Дар Моладзі.mp3
«Скажы сьвету, якая Польшча прыгожая» – пад такім лёзунгам вырушыў у «Рэйс Незалежнасьці» парусьнік «Дар Моладзі».
Foto: Rejs Niepodległości/www.pl2018.org

Парусьнік «Дар Моладзі» – гэта вельмі амбітны праект, які ў стагодзьдзе незалежнасьці будзе паказваць сьвету, якая ёсьць Польшча. У рэйсе бяруць удзел амаль тысяча маладзёнаў з усяе Польшчы, падчас плаваньня парусьнік наведае 18 краін сьвету ды 22 парты. Сярод іх такія гарады як Капэнгаген, Бардо, Дакар, Джакарта, Сынгапур, Шанхай, Лос-Анжэлес ды Лёндан.

"Гэты рэйс - найлепшая форма польскай народнай дыпляматыі", - заявіў міністар мараплаваньня ды рачнога суднаходзтва Польшчы Марэк Грабарчык.

Марэк Грабарчык: Рэйс - гэта вельмі важная падзея, нам шчасьліва ўдалося яго арганізаваць. Цяпер мы чакаем шчасьлівага вяртаньня карабля. Каманда мае вельмі амбітную праграму. 1000 удзельнікаў, дзясяткі наведаных партоў. Вельмі важна для нас тое, што гэта папулярызацыя Польшчы ў сьвеце. Амбасадарам Польшчы тут зьяўляецца моладзь, найлепшыя з лепшых, выбраныя ў рамках агульнапольскага конкурсу. Іх задача - рэклямаваць сваю Радзіму. Гэта нашы найлепшыя амбасадары.

Карабель «Дар Моладзі» вырушыў у плаваньне 20 траўня 2018-га года з Гдыні. Перад выхадам у мора ўдзельнікі рэйсу казалі, што гэта найважнейшая падзея ў іх маладым жыцьці.

Каміль: Для мяне – гэта падзея ўсяго жыцьця. Усё вельмі цікава, мне вельмі падабаецца.

Вяртаньне ў Гдыню заплянавана на канец сакавіка 2019-га года. Падчас плаваньня каманда карабля возьме ўдзел у Сусьветных днях моладзі, якія пройдуць у Панаме 22-27 студзеня 2019-га года. Таксама падчас рэйсу каманда карабля будзе расказваць сьвету пра важную гадавіну польскай нацыі – стагодзьдзе незалежнасьці. Моладзь з Польшчы хоча паказаць людзям розных нацый, як палякі шануюць сваё мінулае ды ўпэўнена глядзіць у будучыню. Больш падрабязна пра Рэйс Незалежнасьці распавядае прэсавая сакратарка Марскога ўнівэрсытэту ў Гдыні, кандыдат навук Агнешка Чарнэцка.

Агнешка Чарнэцка: Падчас трасы ў моры студэнты вучацца мараплаваньню разам з пераможцамі конкурсу. Яны ідуць пад ветразямі, а не на рухавіку. Гэта сапраўднае мараходзтва. У кожным порце мы ладзім сумесна з амбасадамі Польшчы сустрэчы з польскай дыяспарай. Яны вельмі чакаюць гэтых сустрэч, людзі ў захапленьні ад магчымасьці сустрэцца з часткай Польшчы, якая да іх прыплыла. Для жыхароў гэтых гарадоў ладзяцца экскурсіі па парусьніку. Мы раздаём падарункі з Польшчы, супольна з дыпляматамі арганізуем двухбаковыя сустрэчы рознага характару: культурніцкага й бізнэсовага. Праграма амбітная. Мы ладзім яе сумесна з Міністэрствам мараплаваньня, фондам Сальваці, Марскім унівэрсытэтам у Гдыні, а таксама амбасадамі й консульствамі.

«Дар Моладзі» знаходзіцца ў моры ўжо амаль шэсьць месяцаў. Але ўвесь час каманда трымаецца адважна, моладзь не парушае дысцыпліну, ніхто не пакінуў карабель, кажа Агнешка Чарнэцка.

Агнешка Чарнэцка: Найлепшым лекам на тугу ды цяжкасьці плаваньня зьяўляецца праца. Абодва капітаны кажуць, што гэта цудоўная моладзь. Ляўрэаты конкурсу – гэта не знаўцы суднаходзтва, таму для іх мноства новага ў гэтым рэйсе. Нашыя студэнты маюць практыку на караблі, але і для іх уваход на рэю – упершыню. Мы ў сталым кантакце з камандай і з нікім нічога не здарылася. Ніхто не завініў, бо пакараньнем зьяўляецца адпраўка на сушу. Усё кажуць, што гэты рэйс іхняя прыгода жыцьця.

Як і ўся Польшча каманда парусьніка рыхтуецца цяпер да сьвяткаваньня Дня незалежнасьці. 11 лістапада на палубе «Дару Моладзі» адбудуцца надзвычайныя ўрачыстасьці.

Агнешка Чарнэцка: Як усе палякі, каманда будзе сьвяткаваць. Спачатку а восьмай раніцы будзе ўзьняты ўрачысты 35 мэтровы штандар Польшчы. Потым судна ўвойдзе ў порт у Асацы, дзе адбудуцца афіцыйныя ўрачыстасьці. Моладзь будзе сьпяваць гімн, высылаць пажаданьні ў Польшчу. Таксама адбудзецца парад ды выстава на караблі. Самае галоўнае, моладзь рыхтуе прыём на караблі для японцаў, польскай дыяспары ў гэтай краіне, каб паказаць ім Польшчу, бо «Дар Моладзі» – гэта цяпер кавалак польскай тэрыторыі.

Польская моладзь вырушыла ў падарожжа вакол сьвету ў 100 гадавіну аднаўленьня незалежнасьці Польшчы, каб распавесьці сьвету пра сваю Бацькаўшчыну.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт