Logo Polskiego Radia
Print

Палякі ды беларусы пераасэнсоўваюць сваю гісторыю

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 27.11.2018 15:55
  • Палякі ды беларусы.mp3
У Беларусі менш ідэялягічна глядзяць на палякаў, - кажа арганізатар канфэрэнцыі пра палякаў у Беларусі Ян Маліцкі.
Ян Маліцкі. Фото: eastbook.euЯн Маліцкі. Фото: eastbook.eu

У Гародні сабраліся беларускія ды польскія гісторыкі, якія размаўлялі пра гісторыю палякаў у Беларусі. Сярод сабраных дамінаваў не ранейшы ідэалягічны падыход, а сапраўднае імкненьне разабрацца ў гісторыі ўзаемаадносін двух народаў.

На мінулым тыдні ў Гародні прайшла міжнародная канфэрэнцыя, прысьвечаная гісторыі палякаў у Беларусі: «Палякі ў Беларусі з канцы ХІХ да пачатку ХХІ ст. Палітыка, грамадзтва, культура». Канфэрэнцыю арганізавалі Генэральнае консульства Польшчы ў Гародні ды Цэнтар Усходняй Эўропы Варшаўскага ўнівэрсытэту.

Канфэрэнцыя выклікала вялікі інтарэс. Мы папрасілі распавесьці пра мерапрыемства дырэктара Цэнтра Ўсходняй Эўропы Яна Маліцкага.

Ян Маліцкі: Сёлета канфэрэнцыя мела вельмі спэцыфічны характар. Тут было шмат выступаў, прысьвечаных так званай мікрагісторыі: лёс палякаў у канкрэтным павеце, гісторыя памежнага пераходу. Такі падыход азначае, што было шмат новай інфармацыі. Таксама сёлета мы зрабілі наватарскую рэч – выдалі кніжку перад канфэрэнцыяй, зладзілі выставу кніжак, выдадзеных Цэнтрам, паказалі сьвежавыдадзеную працу Аляксандра Смалянчука пра Рамана Скірмунта. Гэта славуты мясцовы палітычны дзеяч.

Як Вы ацэньваеце інтарэс у Беларусі да гісторыі палякаў і польска-беларускіх адносін?

Ян Маліцкі: Удзел вялікай групы беларускіх гісторыкаў, таксама шырокі ўдзел слухачоў сьведчыць пра тое, што зацікаўленасьць ёсьць. Што будзе далей, пабачым, пакуль гэта толькі другая канфэрэнцыя. Сама тэма тут новая, не было раней канфэрэнцый пра палякаў у Беларусі ды пра беларуска-польскую гісторыю.

Якая была дыскусія паміж польскімі ды беларускімі гісторыкамі? Ці яна мела адкрыты й шчыры характар, ці былі ідэалягічныя разыходжаньні?

Ян Маліцкі: Вядома, што ёсьць ідэалягічны багаж. Аднак, на маю думку, гэта ў першую чаргу залежыць ад пакаленьня. Маладзейшыя гісторыкі, якія ўваходзяць у навуковае жыцьцё, яны неўзабаве зьменяць гэты падыход. Я гляджу з надзеяй у будучыню.

Які падыход цяпер дамінуе ў Польшчы ў справе вывучэньня польска-беларускай гісторыі? Як глядзяць у Польшчы на такія асобы, як Раман Скірмунт, які пачынаў у польскім руху, потым стаў адным з айцоў-заснавальнікаў беларускай незалежнай дзяржавы?

Ян Маліцкі: Гісторыя Скірмунта – гэта зачыненае кола. Арыстакрат ды польскі шляхціц, польскі палітычны дзеяч стаў адным з заснавальнікаў беларускай дзяржавы. Потым стаў польскім сэнатарам, якога забілі беларускія сяляне. Такое кола жыцьця ў гэтым рэгіёне. Вельмі славуты палітычны дзеяч, але вельмі складаная гістарычная постаць. У польскім асяродзьдзі гісторыкаў, якія займаюцца гэтымі тэмамі, няшмат – тузін ці крыху больш. Аднак яны вельмі сур’ёзна падыходзяць да тэмы сваіх дасьледаваньняў ды вельмі глыбока яе вывучаюць. На маю думку, гэта вялікія спэцыялісты, якіх я вельмі добра ацэньваю.

Як палякі глядзяць на Беларусь? Ці гэтая краіна прысутная ў польскай грамадзкай сьвядомасьці?

Ян Маліцкі: Прысутнічае, вядома. У значнай ступені гэта адбылося дзякуючы прэзыдэнту Лукашэнку. Ягонае доўгае аўтарытарнае кіраваньне, пратэсты 2006-га года, выдаленьні студэнтаў з ВНУ. Пра гэта ў Польшчы гаварылася. Беларусь прысутная ў польскім палітычным ды інтэлектуальным дыскурсе. Вядома, гэта не глыбокія гістарычныя дыскусіі, але мільёны палякаў даведаліся пра Беларусь і ведаюць, што там адбываецца. Для параўнаньня, дастаткова паехаць далей на Захад ад Польшчы, і там часта ня ведаюць нават, дзе знаходзіцца Беларусь.

22-24 лістапада ў Гародні адбылася міжнародная канфэрэнцыя «Палякі ў Беларусі з канцы ХІХ да пачатку ХХІ ст.». Гэта другая падобная канфэрэнцыя за апошнія гады. Адзін з арганізатараў, дырэктар Цэнтра Ўсходняй Эўропы Ян Маліцкі хацеў бы, каб дадзенае мерапрыемства стала рэгулярным у Гародні.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт