Logo Polskiego Radia
Print

Беларусь прапануе замежным турыстам адпачынак на любы густ

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 27.11.2018 16:15
  • Беларусь прапануе.mp3
Краіна пачала актыўна карыстацца бязьвізавым рухам, запрашаючы гасьцей з-за мяжы адпачыць, падлячыцца ды пазнаёміцца зь беларускай гісторыяй.
Foto: pixabay.com/CC0

Беларусь запрашае турыстаў з-за мяжы пазнаёміцца з краінай. Вядучыя турыстычныя прадукты зьвязаныя з аздараўленьнем. Беларускія санаторыі запрашаюць жадаючых паправіць здароўе ды адпачыць у атачэньні чыстай прыроды. Для жадаючых больш актыўнага адпачынку ёсьць роварныя ды байдарачныя маршруты, таксама багатая гісторыя беларускіх гарадоў.

За апошнія гады ў Беларусі пачаўся бум уязнога турызму. Увядзеньне бязьвізавага рэжыму ды спрашчэньні ўнутраных фармальнасьцяў прывялі да таго, што заходнія турыстычныя агенцтвы, у першую чаргу палякі, пачалі цікавіцца беларускім напрамкам. У адну толькі Гарадзенскую вобласьць сёлета прыехала больш за 350 тыс. замежных турыстаў, 80 тысяч бязьвізавых турыстаў, зь іх 40 тысяч - з Польшчы.

У сваю чаргу беларускі бок актыўна рыхтуецца да прыёму замежных гасьцей, ідзе будаўніцтва інфраструктуры, ладзяцца экскурсійныя маршруты, удасканальваюцца ды ствараюцца новыя турыстычныя прадукты.

Якія гэта прадукты ды паслугі, можна было пабачыць нядаўна ў Варшаве, дзе прайшоў Міжнародны турыстычны кірмаш. Беларусь была на ім шырока прадстаўленая – Гарадзенскай, Берасьцейскай абласьцямі ды Агульнанацыянальнай турыстычнай арганізацыяй. Мы паразмаўлялі з гасьцямі зь Беларусі пра тое, які адпачынак прапануюць цяпер замежнаму турысту ў гэтай краіне.

Гарадзенская вобласьць ставіць на актыўны турызм ды гістарычныя цікавінкі, распавядае галоўны спэцыяліст Дэпартамэнта турызму Гарадзенскай вобласьці Мацьвей Сьвяркоў.

Мацьвей Сьвяркоў: Гарадзенскі рэгіён сёньня дае шмат магчымасьцяў для адпачынку для грамадзян Эўрапейскага Зьвязу. У нас кожны адпачываючы можа выбраць для сябе тое, што яму цікава. Гэта экскурсійныя туры, у нас шмат зьвязана з польскай ды супольнай гісторыяй. Гэта можа быць актыўны адпачынак на Аўгустоўскім канале. Плюс багаты сельскі турызм, далёка ад гарадзкога вэрхалу. Побач з Гародняй знаходзіцца Каралінскі фальварак Тызэнгаўза ды іншыя аграсядзібы, дзе можна пасмакаваць беларускую кухню, пакатацца на конях, актыўна правесьці час. Усё гэта за вельмі ўмеркаваны кошт.

На наступны сэзон беларускі бок рыхтуе роварны шлях, які спалучыць мяжу з Гародняй. Берасьцейская вобласьць запрашае гасьцей у Белавескую пушчу ды Берасьцейскую крэпасьць, і яшчэ ў шмат іншых цікавых месцаў. Гаворыць намесьніца кіраўніка гатэля «Эрмітаж» Тацяна Пракапенкава.

Тацяна Пракапенкава: Цяпер на тэрыторыю Берасьцейскага рэгіёна для палякаў ды іншаземцаў прапануецца бязьвізавы ўезд. Спадзяюся, што неўзабаве так будзе й на тэрыторыі ўсяе Беларусі. У Берасьцейскай вобласьці ёсьць шэраг цікавых санаторыяў, таксама само Берасьце – вельмі прыгожы ды ўтульны горад. У наступным годзе мы будзе сьвяткаваць тысячагодзьдзе гораду, таму ў нас будзе шмат фэстываляў ды розныя імпрэзы, музычныя вечары. У самым горадзе ёсьць вельмі цікавыя месцы – Алея ліхтароў, Берасьцейская крэпасьць, непадалёк ад гораду ёсьць Белавеская пушча з Рэзыдэнцыяй Дзеда Мароза. Побач з Берасьцем ёсьць шмат меншых цікавых мястэчак.

Агульна ў Беларусі цяпер моцна разьвіваюцца два накірунку турызму: прырода ды гісторыя з аднаго боку, і аздараўленьне з другога боку. Распавядае Дзьмітры Марозаў з Рэспубліканскага Саюза турыстычнай індустрыі і кампаніі Белагратравэл.

Дзьмітры Марозаў: У нас ёсьць два накірункі, якія Беларусь цяпер можа прапанаваць усім турыстам. З аднаго боку, гэта Белавеская пушча ды цікавыя гарады: Берасьце, Менск, Гародня. Там ладзяцца туры, цікавыя для польскіх турыстаў, як польская культурная спадчына ды наша супольная гісторыя. Гэта такія музэі, як Музэй Чэслава Немана ў Старых Васілішках, Музэі Адама Міцкевіча ў Наваградку ды Завосьсі, Музэй Элаізы Ажэшкі ў Гародні, верасьнёўская кампанія 1939 года, пра якую расказваецца ў Музэй Берасьцейскай крэпасьці, старая польская мяжа ды іншыя. Зь іншага боку, у нас захаваліся сапраўдныя санаторыі. Калісьці такія былі і ў краінах Балтыі, але там яны пераўтварыліся ў люксавыя спа-гатэлі. У нас захаваўся мэдычны складнік ды якаснае лячэньне. Санаторыі ёсьць вельмі розныя, ад самых бюджэтных да вельмі якасных, як Пліса побач з Глыбокім ды Альфа-Радон пад Наваградкам.

Для жадаючых прыехаць цяпер у Беларусь дзейнічае бязьвізавы рэжым на 30 дзён пры ўмове прылёту самалётам. Таксама дзейнічаюць бязьвізавыя зоны ў Гарадзенскай ды Берасьцейскай абласьцях, куды можна ўехаць па турыстычным ваўчары. На новы сэзон беларускія фірмы ды ўлады рыхтуюць новыя прапановы для гасьцей з-за мяжы.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт