Logo Polskiego Radia
Print

Польшча і Беларусь імкнуцца разьвіваць эканамічныя адносіны

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 27.11.2018 13:47
  • эканоміка Польшча - Беларусь.mp3
Дзеля гэтага патрэбны новы мост на Бугу ды іншая інфраструктура.
Паседжаньне Польска-беларускай камісіі па пытаньнях эканамічнага супрацоўніцтваПаседжаньне Польска-беларускай камісіі па пытаньнях эканамічнага супрацоўніцтвафота: Polska Agencja Inwestycji i Handlu

Больш за 300 польскіх прадпрымальнікаў працуюць у беларускай эканоміцы. Беручы пад увагу, што Польшча і Беларусь – бліжэйшыя суседкі, якія на працягу стагодзьдзяў жылі ў адной дзяржаве, у іх блізкая культура, мова і традыцыі, польская прысутнасьць у Беларусі, а беларуская ў Польшчы маглі б быць яшчэ большыя.

Пра гэта ішла гаворка на паседжаньні Сумеснай польска-беларускай камісіі па пытаньнях эканамічнага супрацоўніцтва, і на бізнэс-форуме, які суправаджаў згаданую падзею. Мерапрыемства адбылося ў польскай сталіцы і прыцягнула ня толькі прадстаўнікоў бізнэс-колаў, але таксама высокапастаўленых чыноўнікаў – між іншым міністра прадпрымальніцтва і тэхналёгій Ядвігу Эмілевіч з польскага боку і міністра антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Ўладзімера Калтовіча зь беларускага.

Выступоўцы падкрэсьлівалі імкненьне разьвіваць тавараабарот паміж Польшчай і Беларусяй. Міністар Ядвіга Эмілевіч адзначае, што беларускі ўрад зацікаўлены ў польскіх інвэстыцыях.

Я. Эмілевіч: І я, і беларускі міністар зьвярталі ўвагу на дынамічнае разьвіцьцё эканамічнага супрацоўніцтва паміж Польшчай і Беларусяй. Канешне, мы хацелі б, каб экспарт з Польшчы ў Беларусь быў такім жа вялікім, як зь Беларусі ў Польшчу, але гэта паказвае, як шмат плоскасьцяў патэнцыйнага супрацоўніцтва. Беларускі бок зацікаўлены ў польскіх інвэстыцыях, таксама польскія фірмы гатовыя ўкладваць капітал у Беларусі. Дзеля гэтага патрэбная інфраструктура. Мы размаўлялі, між іншым, пра чарговы мост на Бугу. Польскі бок падрыхтаваны, цяпер мы хацелі б паскорыць праектныя работы і атрыманьне адпаведных згодаў зь беларускага боку. Ішла гаворка таксама пра малы памежны рух, я двойчы закранала гэтае пытаньне падчас гутаркі з беларускім міністрам. Беларускі бок прапануе агулам адмяніць візы. Мы прапануем зрабіць першы крок – увесьці малы памежны рух, мы ў гэтым вельмі зацікаўленыя.

Міністар антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Беларусі адзначае, што з часу апошняга паседжаньня сумеснай польска-беларускай камісіі назьбіралася нямала пытаньняў двухбаковых эканамічных адносінах, якія неабходна было абмеркаваць. Беларускі бок, між іншым, пахваліўся бязьвізам і адзначыў, што Беларусь хацела б убачыць адпаведны крок з польскага боку, – кажа Ўладзімер Калтовіч.

У. Калтовіч: Апошняе паседжаньне такой камісіі адбылося два гады таму, накапілася праблем. У выніку мы падпісалі пратакол, паставілі задачы. Гэта галіна сельскай гаспадаркі, транспарту, супрацоўніцтва ў галіне аховы прыроды, таксама разважалі пра пытаньні, зьвязаныя з разьвіцьцём энэргетыкі. Мы распавядалі пра магчымасьці бязьвізавага рэжыму, уведзенага ў Беларусі. Мы чакаем такіх жа крокаў з боку польскага ўраду. Абмеркавалі праблемы, зьвязаныя з працоўнай міграцыяй. Мы пачулі ад польскіх прадпрымальнікаў, што яны хацелі б, каб беларускія супрацоўнікі павышалі кваліфікацыю на польскіх прадпрыемствах. Польскія прадпрымальнікі гатовыя інвэставаць у Беларусі. Больш за 300 польскіх прадпрыемстваў зьяўляюцца ў Беларусі інвэстарамі, а з боку Беларусі ў Польшчы – 60. Тавараабарот паміж нашымі краінамі расьце.

Адна з вельмі пэрспэктыўных галін эканамічнага супрацоўніцтва паміж Польшчай і Беларусьсю – гэта праграмаваньне, абмен вопытам і сумесныя праекты інжынэраў-праграмістаў дзьвюх краін, – падкрэсьлівае Ядвіга Эмілевіч.

Я. Эмілевіч: Гэта стварэньне сумесных праграм, разьвіцьцё інфраструктуры. Мы можам падзяліцца зь беларусамі сваім досьведам, а Беларусь вельмі зацікаўленая ў такіх інвэстыцыях. Мы правялі зь беларускімі партнэрамі вельмі добрую сустрэчу, вельмі зьмястоўную, разгледзелі шмат пытаньняў, у тым ліку ў галіне фітасанітарнай бясьпекі, экспарце прадуктаў харчаваньня, размаўлялі пра тое, як пераадольваць перашкоды, напрыклад, адмяніць бар’еры ў экспарце драўлянай сыравіны, на што зьвяртаюць увагу вытворцы паперы і мэблі.

Сустрэчу польскіх ды беларускіх бізнэсоўцаў зладзіла між іншым Польскае агенцтва па інвэстыцыях і гандлю. Асноўная задача дзяржаўнай структуры – прасоўваньне польскага бізнэсу на сьвеце. Неўзабаве пачне афіцыйна працаваць прадстаўніцтва агенцтва ў Менску. Пра пэрспэктыўныя галіны супрацоўніцтва паміж дзьвюма дзяржавамі гаворыць дырэктар прадстаўніцтва Мікалай Таўбэр.

М. Таўбэр: Гэта ІТС-сэктар, гэта, канешне, будаўнічая і сельска-гаспадарчая галіна эканомікі, а таксама транспарт, навакольнае асяродзьдзе, ахова прыроды. Беручы пад увагу той факт, што мы – блізкія суседзі, у нас вельмі добрыя сумесныя гістарычныя карані, наш тавараабарот мог бы быць намнога большы. Мы павінны перш за ўсё лепш даведацца пра патрэбы сваіх суседзяў, мы таксама павінны больш уважліва слухаць беларускіх партнэраў, часьцей з імі сустракацца, і на такіх камісіях, і на форумах, каб абмяркоўваць бягучыя праблемы.

Паводле дадзеных Нацыянальнага банку Польшчы, пад канец мінулага году польскія прамыя капіталаўкладаньні ў Беларусі складалі 163 млн. даляраў, а беларускія ў Польшчы – каля 20 млн. даляраў. Польшча зьяўляецца трэцім гандлёвым партнэрам Беларусі сярод краін Эўрапейскага Зьвязу – пасьля Нямеччыны і Вялікабрытаніі.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт