Logo Polskiego Radia
Print

Газаправод Паўночны паток 2 - магутная зброя ў руках Пуціна

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 03.12.2018 11:49
Калі трубаправод пачне працаваць, Маскве ўжо ня будзе патрэбная ўкраінская сыстэма газаправодаў.
pixabay.com/Public Domain CC0

„FAS” – нядзельнае выданьне нямецкай газэты „Frankfurter Allgemeine Zeitung” (Frankfurter Allgemeine Sonntagszeitung) піша пра трубаправод Паўночны паток 2. Камэнтатар Конрад Шулер мяркуе, што ад Нямеччыны залежыць, ці расейцы атрымаюць новую зброю. Аўтар прыгадвае генэзіс расейска-украінскага канфлікту – захоп Крыму, вайна на Данбасе, а цяпер зонай барацьбы стала Азоўскае мора. Порт Марыюпаль зьяўляецца нязручнай завалай, якая аддзяляе Расею ад Крыму. Можа так здарыцца, што ўвесь кавалак узьбярэжжа пяройдзе ў рукі Пуціна.

Шулер тлумачыць, што паводзіны Расеі адказваюць клясычнай стратэгіі заваяваньня чужой тэрыторыі, якой карыстаюцца імпэрыі. Чарговыя акупаваныя землі становяцца нестабільнымі пераходнымі зонамі. Каб іх забясьпечыць, трэба акупаваць наступныя землі. Такім чынам была створаная расейская імпэрыя. Калі кіравацца гэтай лёгікай, то пасьля Другой сусьветнай вайны СССР акупаваў ня толькі Бэрлін, але таксама Варшаву, Прагу і Будапэшт. Новае нападзеньне Расеі ідзе паводле дадзенай схемы: паколькі Расея мае ўжо Крым, цяпер яна павінна заняць Азоўскае мора і Марыюпаль. Украіна абараняецца, але гэта слабая дзяржава.

Калі Расея захопіць Украіну, то ў Маскве могуць успомніць, што яшчэ нядаўна ня толькі Кіеў, але таксама Варшава, Бэрлін ды Прага ўваходзілі ў расейскую сыстэму гегемоніі, - перасьцерагае аўтар. Ангела Мэркель зрабіла шмат, каб не дапусьціць такой сытуацыі, без яе не было б санкцый супраць Расеі, якія прымусілі агрэсараў затрымацца на Данбасе. Аднак цяпер немцы даюць Пуціну ў рукі небясьпечны інструмэнт дэстабілізацыі Ўкраіны – газаправод з Расеі праз Балтыку. Калі Паўночны паток 2 пачне працаваць, Маскве ўжо ня будзе патрэбная ўкраінская сыстэма газаправодаў. Раней Пуцін ня мог рызыкаваць, паколькі падчас вайны трубаправоды маглі б пацярпець – нагадвае камэнтатар нямецкага выданьня.

Frankfurter Allgemeine Sonntagszeitung/dw/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт