Logo Polskiego Radia
Print

Уцёкі з гораду: гісторыя паляка, які ходзіць па пушчах

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 09.12.2018 09:30
  • Уцёкі з гораду.mp3
Сёлета ў Польшчы зьявіўся праект «Хадакі: у гушчы польскай пушчы».
Foto: pixabay.com/CC0

У сучасным сьвеце дамінуе трэнд на ўрбанізацыю. Людзі з вёсак ды меншых гарадоў пераяжджаюць у большыя гарады – мэтраполіі. Аднак некаторыя ідуць у адваротным напрамку - з гораду ўцякаюць у лес. Што іх туды цягне?

Сёлета ў Польшчы зьявіўся праект «Хадакі: у гушчы польскай пушчы». Яго аўтар Севярын Кубіцкі ходзіць пехатою, дзе толькі можна, і заплянаваў цягам году прайсьці праз усе польскія пушчы, то бок запаведныя лясныя комплексы. Усяго ў Польшчы налічваецца 25 такіх лясоў. Хадак Севярын прайшоў пакуль толькі 9.

Ён ходзіць у любых умовах, ці то дождж, ці то мароз. Начуе ў лесе, ежу сам здабывае. Увесь ягоны дабытак месьціцца ў адзін дваццацікіляграмовы заплечнік.

Што штурхае на такі ўчынак? Як даць рады самому ў лесе? Што рабіць, калі сустрэнеш дзікую жывёлу? Пра гэта вандроўнік распавёў Польскаму радыё.

Севярын Кубіцкі: Мяне цягне на прыроду. Мне не даспадобы вялікія гарады. Я ў іх проста губляюся. Вядома, што я ўмею ды карыстаюся GPS. Але горад на мяне цісьне. Мне патрэбны лес. Я там лепш арыентуюся, чым у горадзе. Некаторыя кажуць на мяне, што я нейкі дыназаўр, хоць і малады. Шэсьць год таму ў мяне зьявілася ідэя пасьля вандроўкі праз Натэцкую пушчу. Я прайшоў з хлопцамі 152 кілямэтры за 30 гадзін. Тады ў мяне нарадзілася ідэя прайсьці першым у Польшчы праз усе пушчы.

Не бяліся, што ня здолееце? Пушчаў у Польшчы шмат.

Севярын Кубіцкі: Мяне цягне з дзяцінства ў лес, я не баюся. Пушчаў у нас ёсьць 25. Я ўжо прайшоў 9, засталося 16. Я хачу да чэрвеня завершыць праект. Ці здолею? Пабачым, буду рабіць усё магчымае, каб змагчы. Я прафэсійна трэніруюся, бегаю, хаджу хадзьбу, таксама займаюся выжываньнем у экстрэмальных умовах. Я вучу людзей, як можна выжыць ва ўмовах дзікай прыроды.

Далёкія вандроўкі па лесе дазваляюць нашаму герою даведацца больш пра самога сябе.

Севярын Кубіцкі: Я хацеў бы пабачыць, дзе мае межы. Калі я буду вымушаны сказаць сабе: стоп, хопіць. Пакуль такога не было. Хоць я бегаў маратон і хаджу шмат. Для мяне 40 кілямэтраў – гэта не адлегласьць. Я імкнуся хадзіць сам. Для мяне – гэта праверка, што я магу. Сёньня многія людзі часта адмаўляюцца, кажуць не, бо ня ўмеюць. Я лічу, што пакуль не спрабуеш – не пераканаешся. Таму заахвочваю выходзіць па-за свае межы ды рабіць нешта больш вымагальнае.

Праблемы здараюцца ў кожнага чалавека. Сёлета наш госьць таксама меў цяжкасьці – згубіў дарогу падчас свайго маршу. Што рабіць у такіх сытуацыях?

Севярын Кубіцкі: Калі зьяўляецца праблема, галоўнае не панікаваць ды не апускаць рукі. На праблему трэба глядзець, як на нешта, што змушае нас да дзеяньня, да актыўнасьці. Праблему трэба вырашаць. Але спачатку трэба добра падрыхтавацца, каб зьменшыць колькасьць праблем. Пры маршах да 50 км трэба браць рэчы на адзін дзень. Больш за 50 км трэба раскладваць на два дні. Таму трэба мець, дзе адпачыць. Летам – гамак, зімой намёт. Спальнікі, аптэчка, запалкі, камплект бялізны, ежа ды піцьцё. Нож для абароны. Многія баяцца хадзіць у лес, бо там дзікія жывёлы. Дзік ці воўк нападзе. Жывёлы ў лесе ёсьць, але яны не нападаюць. Толькі, калі яны адчуваюць пагрозу.

Польскі хадак Севярын Краеўскі, які ідзе пешкі праз усе польскія пушчы, заахвочвае не баяцца прыроды ды доўгіх шпацыраў і часьцей хадзіць. Здаравей будзе!

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт