Logo Polskiego Radia
Print

Польскі бізнэс страціць, калі Расея «прыкупіць» Беларусь

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 21.12.2018 16:12
Масква націскае на Менск у справе паглыбленьня інтэграцыі, у Варшаве непакояцца.
Фото: Shutterstock.com

Гэта кепская інфармацыя для польскага бізнэсу. Тэмай зацікавілася польская штодзёнка «Rzeczpospolita».

З пачаткам 2019-га года расейскі ўрад пачынае рэалізацыю так званага «падатковага манэўра» у нафтавай галіне. Расейскія канцэрны пачнуць плаціць падатак за здабычу сыравіны замест экспартнага мыта. Гэта азначае балючыя наступствы для Беларусі, піша выданьне. Беларускае міністэрства фінансаў палічыла, што цягам бліжэйшых шасьці гадоў бюджэт Беларусі страціць 8-12 мільярдаў даляраў у залежнасьці ад цаны нафты на сусьветных рынках.

Афіцыйны Менск хацеў бы пазьбегнуць страт ды дамагаецца ад Масквы кампэнсацыі. Крэмль заявіў, што кампэнсацыя будзе толькі пры ўмове «больш глыбокай інтэграцыі». Для Масквы гэта азначае адзіную валюту, супольны суд, мытную службу ды кантрольную палату. Увогуле Масква хацела б поўнай рэалізацыі Саюзнай дамовы з 1999-га года, што азначала б паглынаньне Расеяй Беларусі, піша выданьне.

Растучы ціск Масквы на Беларусь – гэта праблема для польскіх фірм, якія інвэставалі ў Менску. Усе апошнія гады Беларусь была для палякаў зручнай эканамічнай брамай у Расею. Апроч таго, польскія інвэстыцыі ў Беларусі мелі прыхільнае стаўленьне з боку ўладаў, зразумелае заканадаўства ды добра арганізаваную лягістыку. За апошнія дзесяць гадоў колькасьць польскіх кампаній, якія інвэстуюць у Беларусі, перавысіла 400, а сума інвэстыцый набліжаецца да 500 мільёнаў.

Польскія інвэстары цяпер непакояцца ў зьвязку з ціскам з боку Масквы. Умовы вядзеньня бізнэсу ў Расеі непараўнальна горшыя, чым у Беларусі, піша выданьне. Газэта зазначае, што захаваньне дзяржаўнага сувэрэнітэту Беларусі адпавядае польскім нацыянальным інтарэсам. Польскія экспэрты пішуць, што настае час, калі варта падтрымліваць любым коштам «апошняга дыктатара Эўропы», які стаіць на шляху рэалізацыі імпэрскіх амбіцый Крамля.

юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт